БЛЕЙК (Blake) Уільям (28.11.1757, Лондан — 12.8.1827),

англійскі паэт, мастак. Першы англ. рамантык паводле вызначэння паэтаў-прэрафаэлітаў. Вучыўся ў Каралеўскай акадэміі. Аўтар лірыка-філас. зб-каў «Песні неспакушанасці» (1789) і «Песні вопыту» (1794). У «Прароцкіх кнігах» (1789—1820); паэмы «Шлюб Неба і Пекла», «Французская рэвалюцыя», «Прывідныя ўяўленні дачок Альбіёна», «Амерыка», «Еўропа» і інш.) праз складаную сімволіку міфал. і біблейскіх вобразаў адлюстраваў трагічныя калізіі еўрап. гісторыі на мяжы стагоддзяў. Паэма «Іерусалім: эманацыя гіганта Альбіёна» (1820) — духоўны запавет Блейка. Ілюстраваў уласныя творы, «Кнігу Іова», «Боскую камедыю» Дантэ. Наватарскія ідэі Блейка (тэорыя ўяўлення як універсальны інструмент адкрыцця вышэйшай духоўнай рэальнасці; прынцып сінтэзу мастацтваў, увасоблены ў кніжнай графіцы), надоўга апярэдзіўшы свой час, заставаліся ў цэнтры ўвагі 20 ст. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Я.​Семяжон.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1965;

Стихи М., 1978.

Літ.:

Елистратова А.А. Наследие английского романтизма и современность. М., 1960.

Н.​М.​Саркісава.

т. 3, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕКСТА́НТ [ад лац. sextans (sextantis) шостая частка; у марской справе часцей секстан],

вугламерны адбівальны інструмент, асн. частка якога — дуга памерам у ​1/6 частку акружнасці (60°), падзеленая на градусы і долі градуса (лімб). Вымярае вуглы да 120°. Выкарыстоўваецца ў мараходнай і авіяц. астраноміі для вымярэння вышынь нябесных свяціл і берагавых прадметаў над гарызонтам, а таксама вуглоў паміж бачнымі з карабля прадметамі.

Выявы аб’ектаў, напр., нябеснага свяціла і марскога гарызонту, паміж якімі вымяраецца вуглавая адлегласць, сумяшчаюцца ў трубе С. Гэта дае магчымасць не замацоўваць С. на нерухомай аснове, рабіць вымярэнні, трымаючы яго ў руках. Для астр. вызначэння месца карабля ці самалёта С. вымяраюць вышыні некалькіх нябесных свяціл, а потым будуюць вышынныя лініі становішча з улікам папраўкі на паніжэнне гарызонту з прычыны шарападобнасці Зямлі.

Схема секстанта: 1, 3 — святлафільтры; 2, 4 — люстэркі; 5 — падзорная труба; 6 — шкала; φ — вугал паміж напрамкамі на нябеснае свяціла і гарызонт.

т. 14, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛЕ́РКІ,

самагучальны ударны музычны інструмент. Складаецца з 2 метал. дыскаў (з чашападобнымі ўзвышэннямі ў цэнтры), якімі ўдараюць адзін аб адзін і глушаць, прыціскаючы да грудзей. Па памерах і характары гучання бываюць малыя (дыяметр 25—35 см), сярэднія (37,5—45 см), вял. (47,5—60 см); «турэцкія» (яркага гучання), «кітайскія» (з прыгукам гонга), педальныя («чарльстон», ці джазавыя), «антычныя» («кроталы» — самыя малыя па памерах) і інш. Ужываюць і 1 Т., падвешаную на руцэ або штатыве, па якой б’юць палкай ад літаўраў і інш. Вядомы са стараж. часоў. У сімф. аркестр уведзены ў канцы 18 ст. Выкарыстоўваюцца ў бел. нар. інстр. музыцы (вядомы з 17—18 ст. ў складзе «янычарскіх капэл»). Спалучэнні Т. і барабана, Т. як састаўной часткі і нар. ударнай устаноўкі з педаллю (у якой, акрамя барабана, шумёлы, бубен, клякотка і інш.) складаюць характэрныя рысы бел. нар. інстр. музыкі з адметнымі мясц. традыцыямі.

А.​В.​Скорабагатчанка.

Талеркі.

т. 15, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТУРМАВЫ́Я АТРА́ДЫ (ням. Sturmabteilungen, скарочана SA),

паўваенныя злучэнні Нацыянал-сацыялістычнай партыі Германіі ў 1921—45. Напачатку выкарыстоўваліся А.​Гітлерам як ударная дапаможная сіла пры правядзенні прапагандысцкіх кампаній. З 1923 іх (каля 2 тыс. чал.) узначальваў Г.Герынг. Пасля «піўнога путчу» 1923 забаронены, у 1925 адноўлены і сталі масавай арг-цыяй (сац. база — моладзь, беспрацоўныя і інш.). З 1931 узмацнілася іх берлінская арг-цыя на чале з яе нач. штаба Э.​Ромам (Рэм). З прыходам да ўлады ў Германіі нацыстаў (1933) Ш.а. — гал. інструмент іх тэрору (у Прусіі з 22.2 да 2.8.1933 выкарыстоўваліся як «дапаможная паліцыя»). У выніку забойства Рома (30.6.1934) і інш. кіраўнікоў, якія прэтэндавалі на лідэрства ў нацысцкай партыі, страцілі паліт. значэнне на карысць СС; іх колькасць паменшылася з 4,5 млн. ў чэрв. 1934 да 1,2 млн. чал. у 1938. Пасля разгрому герм. фашызму (1945) Ш.а. забаронены.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),

ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст. найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар. муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).

І.​Дз.​Назіна.

Гармонікі.

т. 5, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРАЦО́ЎКА ДРАЎНІ́НЫ,

сукупнасць тэхнал. працэсаў, звязаных з наданнем драўніне і вырабам формы, памераў і ўласцівасцяў. Для апрацоўкі драўніны выкарыстоўваюць лесапільныя рамы, круглапільныя станкі, дрэварэзальны інструмент, дрэваапрацоўчыя станкі і інш. Асн. спосабы апрацоўкі драўніны: рэзанне (дзяўбанне, лушчэнне, пілаванне, свідраванне, струганне, фрэзераванне, шліфаванне), гнуццё, прасаванне, расколванне (гл. Сталярныя работы, Цяслярныя работы).

Апрацоўка драўніны ўключае таксама сушку і вымочванне для выдалення раслінных сокаў, насычэнне драўніны сінт. смоламі, аміякам (мадыфікацыя драўніны), антыпірэнамі, антысептычнымі сродкамі (кансерваванне), аддзелку вырабаў, пры якой ствараюцца дэкаратыўна-ахоўныя пакрыцці з лакафарбавых ці плёначных матэрыялаў. Аддзелка ўключае падрыхтоўку паверхні (фарбаванне, грунтаванне, шпакляванне, шліфаванне), нанясенне тэкстурнага малюнка, лакафарбавых матэрыялаў (у распыляльных камерах, рэзервуарах, пры дапамозе лаканаліўных машын), высушванне пакрыццяў (у сушыльных ці апрамяняльных камерах), аздабленне (машынамі для выраўноўвання і паліравання), пакрыццё плёначнымі матэрыяламі (многааперацыйнымі агрэгатамі). Спец. віды апрацоўкі драўніны — разьба па дрэве, выпальванне, інкрустацыя. Гл. таксама Дрэваапрацоўчая прамысловасць.

Літ.:

Прозоровский Н.И. Технология отделки столярных изделий. 5 изд. М., 1991;

Амалицкий В.В., Любченко В.И. Справочник молодого станочника по деревообработке. 2 изд. М., 1978.

т. 1, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУГ,

1) землярыйная машына бесперапыннага дзеяння для паслойнага зразання грунту. Працуе ў камплекце з адвальным мостам, канвеерам або грунтакідальнікам. Бываюць С. самаходныя і прычапныя да трактара. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве каналаў, планіровачных работах вял. аб’ёму, нарэзцы кюветаў, ачыстцы чыг. пуцей ад снегу (пуцявыя С.).

2) Рабочае абсталяванне экскаватараў для выемкі (зразання) тонкіх пластоў карысных выкапняў у кар’еры.

3) Рабочы орган стругавай устаноўкі для падземнай здабычы карысных выкапняў.

4) Пласкадоннае ветразева-грабное судна ўсх. славян 6—13 ст. Быў меншы за ладдзю, умяшчаў да 12 чал. Пазней С. пачалі называць буйныя рачныя грузавыя судны тыпу барак грузападымальнасцю да 150 т. Хадзілі па Зах. Дзвіне. У 16—18 ст. невял. С. выкарыстоўвалі для аховы рачных гандл. караванаў. Мелі лёгкія гарматы, умяшчалі 60—80 стралкоў.

5) Інструмент для грубай апрацоўкі драўніны струганнем, агульная назва інструментаў для стругання (гл. Стругі).

С.​В.​Багдановіч.

Прычапны струг: 1 — нож; 2 — кідальнае прыстасаванне з адвальным мостам.
Струг (судна).

т. 15, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАКА́РНЫ СТАНО́К,

станок для апрацоўкі рэзаннем загатовак з металаў і інш. матэрыялаў у выглядзе цел вярчэння; найб. пашыраны тып металарэзных станкоў.

На Т.с. робяць аперацыі: абточванне цыліндрычных, канічных, тарцовых і фасонных паверхняў; адразанне, расточванне; праточванне канавак; наразанне рэзьбаў і інш. Загатоўка атрымлівае вярчэнне ад шпіндэля, рэзальны інструмент перамяшчаецца па розных траекторыях. Адрозніваюцца Т.с. канструкцыяй і тэхнал. магчымасцямі (такарна-вінтарэзныя, -рэвальверныя, -лабавыя, -карусельныя, -запатыльныя і інш.), размяшчэннем восі шпіндэля ў прасторы (гарыз., верт.), колькасцю інструментаў (адна- і шматразцовыя) і шпіндэляў (адна- і шматшпіндэльныя), дакладнасцю, ступенню аўтаматызацыі (звычайныя. паўаўтаматы. аўтаматы) і інш. Існуюць спецыялізаваныя (напр., колатакарныя) і спец., у т. л. для апрацоўкі вырабаў з драўніны, пластмасы і інш. матэрыялаў.

На Беларусі Т.с. з вертыкальным шпіндэлем і з лічбава-праграмным кіраваннем вырабляе Мінскі завод аўтаматычных ліній.

А.​І.​Качаргін.

Такарны станок: а — універсальны такарна-вінтарэзны (Германія): 1 — пярэдняя бабка; 2 — шпіндэль; 3 — супарт; 4 — люнет; 5 — задняя бабка; 6 — хадавы вінт; 7 — хадавы вал; 8 — станіна; б — шматмэтавы станок (Японія).

т. 15, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТО́РНДАЙК (Thorndike) Эдуард Лі (31.8.1874, г. Уільямсберг, штат Масачусетс, ЗША — 9.8.1949),

амерыканскі псіхолаг і педагог. Чл. Нац. АН ЗША. З 1904 праф. Калумбійскага ун-та і пед. каледжа ў Нью-Йорку. З 1924 адзін з рэдактараў час. «Journal of genetic psychology» («Часопіс генетычнай псіхалогіі»), з 1926 — «Genetic psychology monographs» («Манаграфіі генетычнай псіхалогіі»). У працы «Розум жывёл» (1898) Т., уяўляючы інтэлект жывёл як інструмент прыстасавання да навакольнага асяроддзя, сфармуляваў закон «спроб і памылак»: спробы, якія выпадкова былі ўдалымі, замацоўваюцца і ствараюць уражанне мэтанакіраваных паводзін. Яго праца «Педагагічная псіхалогія» (1903) зрабіла ўплыў на развіццё тэорыі навучання ў ЗША, у т. л. на канцэпцыі праграмаванага навучання. Ён распрацоўваў праблемы навыкаў, паводзінскай псіхалогіі, сфармуляваў «закон праектавання», «закон эфектаў», «закон гатоўнасці» і інш. Т. належыць серыя прац па псіхалогіі навучання арыфметыцы, алгебры, мове, чытанню. Ён распрацаваў уласную сістэму тэстаў для колькаснага вымярэння ўзроўню псіхічнага развіцця. Даследаванні Т. даюць падставу сцвярджаць, што ён падрыхтаваў узнікненне біхевіярызму.

т. 15, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ліра (муз. інструмент) 2/263; 4/72, 376; 6/382—383; 7/310; 9/114

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)