ТО́РНДАЙК (Thorndike) Эдуард Лі (31.8.1874, г. Уільямсберг, штат Масачусетс, ЗША — 9.8.1949),
амерыканскі псіхолаг і педагог. Чл. Нац. АН ЗША. З 1904 праф. Калумбійскага ун-та і пед. каледжа ў Нью-Йорку. З 1924 адзін з рэдактараў час. «Journal of genetic psychology» («Часопіс генетычнай псіхалогіі»), з 1926 — «Genetic psychology monographs» («Манаграфіі генетычнай псіхалогіі»). У працы «Розум жывёл» (1898) Т., уяўляючы інтэлект жывёл як інструмент прыстасавання да навакольнага асяроддзя, сфармуляваў закон «спроб і памылак»: спробы, якія выпадкова былі ўдалымі, замацоўваюцца і ствараюць уражанне мэтанакіраваных паводзін. Яго праца «Педагагічная псіхалогія» (1903) зрабіла ўплыў на развіццё тэорыі навучання ў ЗША, у т. л. на канцэпцыі праграмаванага навучання. Ён распрацоўваў праблемы навыкаў, паводзінскай псіхалогіі, сфармуляваў «закон праектавання», «закон эфектаў», «закон гатоўнасці» і інш. Т. належыць серыя прац па псіхалогіі навучання арыфметыцы, алгебры, мове, чытанню. Ён распрацаваў уласную сістэму тэстаў для колькаснага вымярэння ўзроўню псіхічнага развіцця. Даследаванні Т. даюць падставу сцвярджаць, што ён падрыхтаваў узнікненне біхевіярызму.
т. 15, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)