ІНСТРУМЕ́НТ (ад лац. instrumentum прылада),

прылада працы чалавека або выканаўчы механізм машыны. Адрозніваюць І. ручны (долата, малаток, зубіла і інш.), станочны (разцы, фрэзы, свердлы і інш.) і механізаваны з эл., гідраўл. або пнеўматычным прыводам (т.зв. ручныя машыны — свідравальныя, шліфавальныя, рубільныя, апіловачныя, кляпальныя, шабравальныя і інш.).

Найб. пашыраны дрэварэзальны інструмент, кавальскі інструмент, металарэзны інструмент, слясарна-зборачны інструмент, сталярна-цяслярскі інструмент, а таксама рознага прызначэння абразіўны інструмент. Асобную групу складае вымяральны 1.: вугламеры, глыбінямеры, мікрометры, нутрамеры, штангенінструмент, калібры, канцавыя меры, лінейкі, цыркулі і г.д. (гл. Вымяральная тэхніка). Да І. адносяць таксама: некаторыя прыстасаванні, штампы, ліцейныя мадэлі, какілі; І. для хірург. аперацый у медыцыне і ветэрынарыі (гл. Хірургічныя інструменты); музычныя інструменты.

Літ.:

Инструменты и приспособления 2 изд. Мн., 1997.

т. 7, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Слясарны інструмент 9/598

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Разьбавымяральны інструмент 9/76

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Металарэзны інструмент 7/151, 152; 9/246

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Сталярны інструмент 4/100; 9/159; 10/37

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Рэзальны інструмент 4/496, 524; 8/434; 11/338

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

АБРАЗІ́ЎНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент, рэзальнымі элементамі якога з’яўляюцца часцінкі (зярняты) абразіўных матэрыялаў. Адрозніваюць абразіўны інструмент са звязаным абразівам (шліфавальныя кругі, брускі, сегменты, галоўкі), на эластычнай аснове (шліфавальная шкурка, стужка) і ў выглядзе свабоднага абразіву (парашок, паста, суспензія, зярняты).

Для звязвання (сцэментоўвання) абразіўных зярнят карыстаюцца керамічнай, бакелітавай, метал., вулканітавай звязкамі. Па цвёрдасці абразіўны інструмент падзяляюць на мяккі, сярэднямяккі, сярэдняцвёрды, цвёрды, вельмі цвёрды і звышцвёрды. Звычайна эксплуатуюць з кругавой скорасцю да 30 м/с, а ўмацаваны абразіўны інструмент (напр., кругі з электракарунду і карбіду крэмнію, арміраваныя тканінай, шкляной сеткай, метал. кольцамі) — да 100 м/с. Выкарыстоўваюць для абразіўнай апрацоўкі металаў.

Абразіўны інструмент: 1 — плоскі шліфавальны круг прамога профілю; 2 — круг канічнага профілю; 3 — шліфавальны круг-дыск; 4 — чашка цыліндрычная; 5 — галоўка шліфавальная цыліндрычная; 6 — галоўка шаравая; 7 — брусок шліфавальны; 8 — сегмент трапецападобны; 9 — брусок для ханінгавання.

т. 1, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ША́НЦАВЫ ІНСТРУМЕ́НТ (ад ням. Schanze акоп, земляное ўмацаванне),

табельны (прадугледжаны паводле штату) інструмент (лапаты, сякеры, кіркаматыкі, пілы папярочныя, ламы, трасіровачныя шнуры), які выкарыстоўваецца войскамі для самаакопвання асабовага складу ў баі, узвядзення фартыфікацыйных збудаванняў і мастоў, пры стварэнні загарод і інш. Падзяляецца на інструмент, які носяць (уваходзіць у асабісты рыштунак салдата), і той, які возяць у камплекце баявых і трансп. машын.

Да арт. Шанцавы інструмент: 1 — вялікая сапёрная лапата; 2 — сякера; 3 — пяхотная лапата; 4 — кіркаматыка; 5 — лом; 6 — папярочная піла; 7 — трасіровачны шнур.

т. 17, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЗЬБАНАКА́ТНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для стварэння разьбы на вонкавых паверхнях дэталей без зняцця стружкі (пластычным дэфармаваннем у халодным стане — накаткай). Р.і.: круглыя накатныя ролікі, плоскія накатныя плашкі (рухомыя і нерухомыя), рэзьбанакатныя галоўкі. Выкарыстоўваюць на такарных, рэвальверных, свідравальных, балтарэзных станках, спец. аўтаматах і паўаўтаматах.

Да арт. Рэзьбанакатны інструмент. Утварэнне разьбы: 1 — плоскім інструментам, 2 — круглым інструментам.

т. 13, с. 560

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛМА́ЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент, рэжучая частка якога складаецца з часцінак прыродных ці сінт. алмазаў. Адрозніваюць алмазны інструмент абразіўны, зроблены з алмазных парашкоў на арган. ці метал. звязках (шліфавальныя кругі, хоны, брускі, пілкі), і з алмазных крышталёў (разцы, свердлы, шкларэзы, гравіравальныя іголкі, наканечнікі для цвердамераў, каронкі, долаты, расшыральнікі, брускі, правільныя алоўкі і ролікі). Выкарыстоўваецца для апрацоўкі цвёрдых сплаваў, металаў, шкла, кварцу, жалезабетону, для бурэння свідравін і праўкі шліфавальных кругоў. Забяспечвае высокую якасць апрацоўкі.

Алмазны інструмент: 1 — адразная піла; 2 — буравая каронка; 3 — правільны ролік прамога профілю; 4 — правільны ролік фасонны; 5 — правільны аловак; 6 — правільны ролік фасонны многаручаёвы.

т. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)