РАДЫЯЦЫ́ЙНЫ БАЛА́НСатмасферы і падысподняй паверхні,
рознасць прыходу і расходу прамяністай энергіі, якая паглынаецца і выпраменьваецца атмасферай і падысподняй паверхняй; частка цеплавога балансу атмасферы і зямной паверхні. Для атмасферы прыходная частка Р.б. складаецца з паглынутай прамой і рассеянай радыяцыі, паглынутага даўгахвалевага выпрамянення зямной паверхні; расходная частка — уласнае атмасфернае выпрамяненне, накіраванае да зямной паверхні і ў касм. прастору. Для падысподняй паверхні прыходную частку складаюць паглынутая прамая і рассеяная радыяцыя, а таксама паглынутае процівыпрамяненне атмасферы: расходную — страта цяпла падысподняй паверхняй за кошт уласнага цеплавога выпрамянення. Р.б. бывае дадатны (днём, летам) і адмоўны (ноччу, зімой). Пры дадатным балансе падысподняя паверхня атрымлівае цяпло, якое ідзе на награванне глебы і паветра, на выпарэнне, пры адмоўным — аддае, што прыводзіць да радыяцыйнага ахалоджвання глебы і паветра. Р.б. залежыць ад вышыні Сонца, празрыстасці атмасферы, воблачнасці, т-ры і вільготнасці паветра, характару расл. і снегавога покрыва. Характарызуецца імгненнымі значэннямі (кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (МДж/м²). На Беларусі сутачныя сумы Р.б. падысподняй паверхні ад -5 да 20 МДж/м². Пераход сярэдніх сутачных сум Р.б. ад дадатных да адмоўных адбываецца ў ліст., ад адмоўных да дадатных — у лютым. Гадавыя сумы Р.б. зменьваюцца ад 1500 да 1800 МДж/м². Для атмасферы Р.б. амаль заўсёды адмоўны, над тэр. Беларусі ён складае каля -2800 МДж/м² за год, за ліп. і снеж. адпаведна каля -170 МДж/м² і -400 МДж/м².
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГУ́РСКІ Ян (Іван) Іосіфавіч (27.1.1888, г. Улацлавак, Польшча —9.6.1976),
палярны лётчык. Скончыў Адэскае юнкерскае вучылішча (1909), 1-ы Усерас. аэраклуб (1912), Гатчынскую афіцэрскую паветрана-плавальную школу (1913). Атрымаў званне ваен. лётчыка. У 1914 у пошуках арктычных экспедыцый Г.Я.Сядова, Г.Л.Брусілава, У.А.Русанава на гідрасамалёце здзейсніў 5 палётаў на вышыні 800—1200 м уздоўж зах. ўзбярэжжа Новай Зямлі і Зямлі Франца-Іосіфа. У час палётаў дасягнуў мыса Літке і аддаліўся на ПнЗ на 100 км ад сушы, абследаваў вялізны раён палярных ільдоў; больш чым за 10 гадз праляцеў па маршруце больш за 1100 км. Н. першы ў свеце здзейсніў палёты ў Арктыцы на гідрасамалёце [з рухавіком магутнасцю каля 51,5 кВт (70 к.с.)]. У 1914—17 камандаваў паветр. атрадамі, дывізіёнам Балт. флоту. 17 вер. 1916 Н. першы ў свеце выканаў «мёртвую пятлю» П.М.Несцерава на гідрасамалёце (М-9). У 1919 вярнуўся ў Польшчу. Працаваў інжынерам-канструктарам у галіне цукр. вытв-сці, займаўся грамадскай і літ. дзейнасцю. На Зямлі Франца-Іосіфа яго імем названа палярная станцыя (1952). Узнагароджаны 5 баявымі ордэнамі Рас. імперыі і ордэнам Адраджэння Польшчы.
Тв.:
Nad płonącym Bałtykiem. Warszawa, 1960;
Pierwszy nad Arktyka. Warszawa, 1958;
Рус.пер. — Первый над Арктикой. М., 1960.
Літ.:
Гальперин Ю. Он был первым. М., 1958;
Егоров К. К истории полетов И.И.Нагурского // Летопись Севера. 1949. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЧЫК Варлен Леанідавіч (25.6.1939, в. Астрашыцкі Гарадок Мінскага р-на — 13.11.1985),
бел. крытык і літ.знавец. Канд.філал.н. (1974). Скончыў БДУ (1960). Настаўнічаў. У 1966—71 працаваў у рэдакцыях газ. «Літаратура і мастацтва» і час. «Нёман». З 1972 у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1981 нам.гал. рэдактара выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1959. Даследаваў бел. паэзію, сувязь л-ры з часам і жыццём, праблемы яе грамадзянскасці і мастацкасці, вышыні маральных крытэрыяў пры асэнсаванні рэчаіснасці, пытанні духоўнага багацця творчай асобы, паэт. майстэрства, культуры творчасці, асаблівасці творчых індывідуальнасцяў паэтаў розных пакаленняў (артыкулы пра Я.Купалу, М.Багдановіча, П.Панчанку, М.Танка, П.Броўку, У.Хадыку, А.Дудара, А.Пысіна, Н.Гілевіча, А.Вярцінскага, С.Гаўрусёва, Е.Лось, Р.Барадуліна, Я.Янішчыц, В.Зуёнка і інш.; зб-кіліт.-крыт. арт. «Свет жывы і блізкі», 1974; «Прад высокаю красою...», 1984, Літ. прэмія імя І.Мележа 1987; манаграфіі «Беларуская савецкая лірыка», 1979, з М.Ярошам; «Шлях да акіяна: Кніга пра паэзію Аркадзя Куляшова», 1981; кн. «Радзіме — радок і жыццё», 1986). Аналізаваў прозу В.Быкава, І.Пташнікава, А.Кудраўца, Я.Сіпакова, І.Хадановіча, М.Капыловіча і інш.Асн. пафас творчасці Бечыка, гал.эстэт. патрабаванні яго да л-ры — жыццёвасць, шчырасць, маральнасць, высокі маст. ўзровень. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Склаў зб. «Песні змагання, 1941—45: Вершы бел. паэтаў» (1986).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЕ ПІСЬМО́,
алфавітная сістэма, якая адлюстроўвае фанемны склад грузінскай мовы. Летапіс Грузіі («Картліс цхаврэба») прыпісвае стварэнне грузінскага пісьма цару Фарнавазу (4—3 ст. да н.э.). Некат. навукоўцы звязваюць грузінскае пісьмо з усх.-арамейскім пісьмом эліністычнага перыяду. У выніку хрысціянізацыі Грузіі адбылася трансфармацыя арамейскай асновы пад уплывам грэч. пісьма: мяняўся напрамак пісьма (ад справа налева да адваротнага), парадак літар у алфавіце, уводзіліся знакі для галосных, якія часткова былі запазычаны з грэч. пісьма. Існуе гіпотэза аб удзеле ў стварэнні грузінскага пісьма Месропа Маштоца (гл. ў арт.Армянскае пісьмо). У стараж.-груз. алфавіце было 37 (пазней 38) літар, якія мелі і лічбавае значэнне, у сучасным — 33 (5 для галосных, 28 для зычных). Вял. літары, як правіла, адсутнічаюць. Першыя пісьмовыя помнікі грузінскага пісьма датуюцца 5 ст.н.э. — надпісы ў груз. манастыры ў Палесціне (каля 433) і інш.
У працэсе развіцця ўзніклі 3 асн. формы грузінскага пісьма, якія значна адрозніваліся. Мрглавані (круглае) — устаўнае пісьмо з акруглым абрысам і аднолькавым памерам літар — існавала да 9—10 ст. З яго развілася нусхуры (радковае) — з вуглаватым нахіленым напісаннем і рознымі па вышыні літарамі (было пашырана ў 9—11 ст.). У 10 ст. на аснове нусхуры ўзнікла мхедрулі (грамадзянскае, ці свецкае) таксама з рознай вышынёй літар і круглым абрысам. Да 17 ст. мхедрулі набыло сучасны выгляд, пранікла ва ўсе сферы ўжывання, а з увядзеннем у 1629 кнігадруку канчаткова стабілізавалася.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУНЬЛУ́НЬ, Куэнь-Лунь,
адна з найб. горных сістэм свету, у Кітаі. Цягнецца з 3 на У ад Паміра да Сіна-Тыбецкіх гор на 2700 км, шыр. ад 150 км на 3 да 600 км на У. Найб.выш. 7723 м (г. Улугмузтаг). Адносныя перавышэнні паўн. схілаў над Тарымскай (Кашгарскай) раўнінай і пустыняй Алашань 4500—5000 м, паўд. схілаў над Тыбецкім нагор’ем — 1000—1500 м. Асн. хрыбты: Кашгарскі, Рускі, Алтынтаг, Аркатаг (Пржавальскага; г. Чонг-Карлыктаг — Шапка Манамаха, 7720 м), Баян-Хара-Ула. Да К. часта адносяць і Наньшань. Характэрны шырокія слабарасчлянёныя водападзелы, стромкія паўн. і пакатыя паўд. схілы; шматлікія восыпы. К. належыць да палеазойскіх складкавых утварэнняў, амалоджаны альпійскім арагенезам. Складзены пераважна з гранітаў, метамарфічных і інш. парод. Ва Усх. К. праяўленні навейшага вулканізму (каля вытоку р. Керыя і хр. Аркатаг). Радовішчы россыпнага золата; рудапраяўленні жалеза, волава, вальфраму; вядомы: вугаль, нефрыт, горны хрусталь, алмазы. Ледавікі невялікія, агульнай пл. 11,6 тыс.км². Асн. вузлы зледзянення размешчаны на вышыні каля 7000 м. Клімат сухі, умераны, рэзка кантынентальны. У высокай зоне т-ры студз. да -35 °C, ліп. каля 10 °C. Ападкаў ад 50 мм на 3 да 500 мм за год на У. Рэкі кароткія, малаводныя, на Усх. К. воз. Кукунор. Горныя пустыні і стэпы, на паўн. схілах невял. ўчасткі лясоў і лугоў. Фауна: горны баран, горны казёл, кулан, воўк, ліс, зрэдку дзікі як, мядзведзь, снежны барс; шмат грызуноў: суркі, палёўкі, пішчухі. Качавая жывёлагадоўля. Да выш. 3600 м — аазіснае земляробства (ячмень, пшаніца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТАТО́НІКА (ад грэч. pente пяць + тоніка),
гукавая сістэма, якая ўключае 5 гукаў рознай вышыні ў межах актавы. Існуе П. беспаўтонавая, паўтонавая, змешаная, тэмпераваная. Без удакладнення тэрмін «П.» азначае найб. распаўсюджаную беспаўтонавую П. (сінонімы: натуральная, чыстая, ангемітонавая, цэлатонавая, трыхордавая сістэма, кіт. гама, шатл. гама). Для П. характэрна магчымасць размяшчэння ўсіх гукаў па чыстых квінтах. Гал. тонам у П. можа стаць кожны з 5 гукаў, у выніку чаго магчымы 5 розных гукарадаў П. аднаго гукавога складу з функцыян. пераменнасцю гукаў у іх ладавых сувязях.
У многіх муз. культурах П. складае ладавую аснову нар. музыкі (напр., у башк., тат., чув., кіт., кар., яп., шатл., ірл., венг. і інш.), у некат. сустракаецца эпізадычна (напр., у стараж.бел.нар. песні). У прафес. музыцы П. існуе ва ўзаемадзеянні з інш. гукавымі сістэмамі (гл.Натуральныя лады), напр., у творчасці А.Барадзіна, М.Мусаргскага, М.Рымскага-Корсакава, А.Лядава, Э.Грыга, К.Дэбюсі, І.Стравінскага, Б.Бартака, З.Кодая. У бел. музыцы П. прадстаўлена ў творах Я.Касалапава (фантазія для цымбалаў і фп. «Камарова вяселле»), П.Падкавырава (3-я сімфонія), Дз.Смольскага (вак.-сімф. паэма «Галасы світання»), К.Цесакова (канцэрт для габоя і арк.), Я.Цікоцкага (3-я сімфонія), У.Кур’яна (сюіта «Капыльскія дудары»), В.Кузняцова (сюіта «На кірмашы»), У.Дамарацкага (канцэрт «Палескія песні») і інш.
Літ.:
Квитка К. Первобытные звукоряды;
Пентатоника у славянских народов // Избр. труды. М., 1971. Т. 1;
Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки Мн., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАФА́НДР [франц. scaphandre ад грэч. skaphē лодка + anēr (andros) чалавек],
індывідуальны герметычны рыштунак, які забяспечвае жыццядзейнасць і працаздольнасць чалавека ў неспрыяльных умовах. Адрозніваюць С. вентыляцыйныя (дыхальная сумесь паступае ад балонаў або кампрэсараў) і рэгенерацыйныя (выдыхальная сумесь ачышчаецца ад вуглякіслага газу, абагачаецца кіслародам і зноў паступае ў С.); касмічныя (аварыйна-выратавальныя і для выхаду ў адкрыты космас або на паверхню нябесных цел), вышынна-выратавальныя і вадалазныя.
Касм. С. (мяккі, паўжорсткі, жорсткі) прызначаны для работы па-за кабінай касм. карабля і на паверхні нябесных цел (напр., на Месяцы). Складаюцца з верхняга адзення, сілавой і герметычнай абалонкі, герметычнага шлема, вентылюючага і проціметэорнага касцюма, сістэмы ахаладжэння. Вышынна-выратавальны С. выкарыстоўваюць пры парушэнні герметычнасці кабіны лятальнага апарата, катапультаванні на вял.вышыні і значнай скорасці палёту, у выпадку прываднення. Мае верхняе адзенне, шлем (з маскай або без яе), сістэму вентыляцыі (разамкнутую, замкнутую, рэгенерацыйную), цеплаахоўны касцюм, здымныя рукавіцы і абутак. Вадалазныя С. бываюць жорсткія (з металу), мяккія (метал. шлем і касцюм з прагумаванай тканіны) і лёгкія (гумавы шлем-маска і касцюм з тонкай прагумаванай тканіны). Гл. таксама Гідракамбінезон.
У.С.Ларыёнаў, У.М.Сацута.
Паўжорсткі скафандр касманаўта арбітальнай станцыі «Салют-6» (без знешняй цеплаахоўнай абалонкі); 1 — мяккія часткі скафандра; 2 — карабін страховачнага фала; 3 — раздым пнеўма- і гідракамунікацый; 4 — клапан уключэння рэзервовага кіслароду; 5 — ссоўны святлафільтр; 6 — жорсткі корпус; 7 — пульт кіравання і кантролю; 8 — рэгулятар рэжымаў ціску ў скафандры; 9 — індыкатар ціску ў скафандры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХІ́ Павел Восіпавіч (22.7.1895, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.9.1975),
савецкі авіяканструктар, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі. Д-ртэхн.н. (1940). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1965). Скончыў Маск. вышэйшае тэхн. вучылішча (1925). З 1925 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це. У 1939—49 і з 1953 гал. канструктар доследнага КБ (з 1976 яго імя), з 1956 ген. канструктар. З 1932 узначальваў праектаванне самалётаў РД (АНТ-25) і «Радзіма» (АНТ-37біс), знішчальніка-манаплана з хаваемым у палёце шасі 1-14. Пад яго кіраўніцтвам створаны шматмэтавы самалёт Су-2 (1937), браніраваны штурмавік Су-6 (1943), рэактыўны франтавы знішчальнік Су-9 з тармазным парашутам і катапультай (1946), звышгукавыя рэактыўныя знішчальнікі-перахопнікі з герметычнай кабінай Су-15 (1948), са стрэлападобным і трохвугольным крыламі (1956), знішчальнік са зменнай геаметрыяй крыла Су-17 (1966), франтавы бамбардзіроўшчык Су-24 (1970), браніраваны звышгукавы штурмавік Су-25, высокаманеўраны знішчальнік Су-27, стратасферны стратэгічны разведчык-ракетаносец Т-4. Канструктар больш як 50 мадэлей самалётаў, больш за 20 з іх выпускаліся серыйна. На самалётах яго канструкцыі ўстаноўлены рэкорды свету па працягласці, вышыні і скорасці палёту. Ленінская прэмія 1968. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1975. Залаты медаль імя А.М.Тупалева АНСССР (1975). Яго імем названы Гомельскі тэхн.ун-т. У Гомелі бронзавы бюст.
Літ.:
Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980;
Кузьмина Л.М. Генеральный конструктор Павел Сухой: (Страницы жизни). Мн., 1985;
Сауліч У. Ірвуцца ў неба імклівыя Су // Бел. думка. 1999. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАСА́НСКІ КАНФЛІ́КТ 1938,
баявыя дзеянні паміж сав. і яп. войскамі ў раёне воз.Хасан (Прыморскі край, Расія, каля граніцы з Кітаем і Карэяй) 29.7—11.8.1938. Справакаваны яп. бокам. У канцы 1936 яп. ўрад падпісаў «Антыкамінтэрнаўскі пакт» з фаш. Германіяй і распрацаваў план «Оцу», які прадугледжваў акупацыю сав. Прымор’я. 15.7.1938 павераны ў справах Японіі ў Маскве патрабаваў вывесці сав. войскі з вышынь на З ад воз. Хасан. Сав. ўрад дакументальна пацвердзіў, што, паводле дадатку да Хуньчуньскага пагаднення ад 26.6.1886, гэта тэр. належыць Расіі, значыць, — СССР. Аднак у ноч на 29.7.1938 яп. войскі перайшлі граніцу і захапілі вышыню Безыменная. Сав. пагранічнікі і стралк. рота адкінулі ворага на тэр. Маньчжурыі (акупіравана Японіяй у 1931). 31.7.1938 яп. войскі большымі сіламі перайшлі граніцу і захапілі вышыні Безыменная і Заазерная. 6.8.1938 сав. войскі (каманд. камандарм 2-га рангу Р.М.Штэрн, каардынатар дзеянняў Маршал Сав. Саюза В.К.Блюхер) пры падтрымцы авіяцыі і артылерыі пачалі наступленне і да 9.8.1938 вызвалілі гэтую тэрыторыю. Баявыя дзеянні спынены 11.8.1938. За мужнасць 26 удзельнікам баёў прысвоена званне Героя Сав. Саюза, у т. л. беларусу А.С.Благавешчанскаму; сярод адзначаных інш. ўзнагародамі беларусы і ўраджэнцы Беларусі А.Р.Бацюня, А.Р.Галдовіч, Ф.А.Крыловіч, І.М.Мілавідаў, П.А.Пілютаў, М.Л.Аляксееў і інш.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 2. М., 1974;
Ежаков В.И. Герои Хасана. М., 1969;
Стрюченко И.Г. Об историографии хасанских событий 1938 г. // История СССР. 1990. № 5;
Катунцев В., Коц И. Инцидент: Подоплека хасанских событий // Родина. 1991. № 6/7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,
ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля з араб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл.Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р. Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.Рабіна ў ліст. 1995).
А.А.Чалядзінскі.
Да арт.Блізкаўсходні канфлікт. У час падпісання пагаднення ў Вашынгтоне. 1993. Злева направа: І.Рабін, Б.Клінтан, Я.Арафат.