ПЕНТАТО́НІКА (ад грэч. pente пяць + тоніка),

гукавая сістэма, якая ўключае 5 гукаў рознай вышыні ў межах актавы. Існуе П. беспаўтонавая, паўтонавая, змешаная, тэмпераваная. Без удакладнення тэрмін «П.» азначае найб. распаўсюджаную беспаўтонавую П. (сінонімы: натуральная, чыстая, ангемітонавая, цэлатонавая, трыхордавая сістэма, кіт. гама, шатл. гама). Для П. характэрна магчымасць размяшчэння ўсіх гукаў па чыстых квінтах. Гал. тонам у П. можа стаць кожны з 5 гукаў, у выніку чаго магчымы 5 розных гукарадаў П. аднаго гукавога складу з функцыян. пераменнасцю гукаў у іх ладавых сувязях.

У многіх муз. культурах П. складае ладавую аснову нар. музыкі (напр., у башк., тат., чув., кіт., кар., яп., шатл., ірл., венг. і інш.), у некат. сустракаецца эпізадычна (напр., у стараж. бел. нар. песні). У прафес. музыцы П. існуе ва ўзаемадзеянні з інш. гукавымі сістэмамі (гл. Натуральныя лады), напр., у творчасці А.​Барадзіна, М.​Мусаргскага, М.​Рымскага-Корсакава, А.​Лядава, Э.​Грыга, К.​Дэбюсі, І.​Стравінскага, Б.​Бартака, З.​Кодая. У бел. музыцы П. прадстаўлена ў творах Я.​Касалапава (фантазія для цымбалаў і фп. «Камарова вяселле»), П.​Падкавырава (3-я сімфонія), Дз.​Смольскага (вак.-сімф. паэма «Галасы світання»), К.​Цесакова (канцэрт для габоя і арк.), Я.​Цікоцкага (3-я сімфонія), У.​Кур’яна (сюіта «Капыльскія дудары»), В.​Кузняцова (сюіта «На кірмашы»), У.​Дамарацкага (канцэрт «Палескія песні») і інш.

Літ.:

Квитка К. Первобытные звукоряды;

Пентатоника у славянских народов // Избр. труды. М., 1971. Т. 1;

Елатов В.И. Ладовые основы белорусской народной музыки Мн., 1964.

Т.​А.​Дубкова.

т. 12, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)