СУХІ́ Павел Восіпавіч (22.7.1895, г. Глыбокае Віцебскай вобл. — 15.9.1975),

савецкі авіяканструктар, адзін са стваральнікаў рэактыўнай і звышгукавой авіяцыі. Д-р тэхн. н. (1940). Двойчы Герой Сац. Працы (1957, 1965). Скончыў Маск. вышэйшае тэхн. вучылішча (1925). З 1925 у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це. У 1939—49 і з 1953 гал. канструктар доследнага КБ (з 1976 яго імя), з 1956 ген. канструктар. З 1932 узначальваў праектаванне самалётаў РД (АНТ-25) і «Радзіма» (АНТ-37біс), знішчальніка-манаплана з хаваемым у палёце шасі 1-14. Пад яго кіраўніцтвам створаны шматмэтавы самалёт Су-2 (1937), браніраваны штурмавік Су-6 (1943), рэактыўны франтавы знішчальнік Су-9 з тармазным парашутам і катапультай (1946), звышгукавыя рэактыўныя знішчальнікі-перахопнікі з герметычнай кабінай Су-15 (1948), са стрэлападобным і трохвугольным крыламі (1956), знішчальнік са зменнай геаметрыяй крыла Су-17 (1966), франтавы бамбардзіроўшчык Су-24 (1970), браніраваны звышгукавы штурмавік Су-25, высокаманеўраны знішчальнік Су-27, стратасферны стратэгічны разведчык-ракетаносец Т-4. Канструктар больш як 50 мадэлей самалётаў, больш за 20 з іх выпускаліся серыйна. На самалётах яго канструкцыі ўстаноўлены рэкорды свету па працягласці, вышыні і скорасці палёту. Ленінская прэмія 1968. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1975. Залаты медаль імя А.​М.​Тупалева АН СССР (1975). Яго імем названы Гомельскі тэхн. ун-т. У Гомелі бронзавы бюст.

Літ.:

Пономарев А.Н. Советские авиационные конструкторы. 2 изд. М., 1980;

Кузьмина Л.М. Генеральный конструктор Павел Сухой: (Страницы жизни). Мн., 1985;

Сауліч У. Ірвуцца ў неба імклівыя Су // Бел. думка. 1999. № 5.

М.​М.​Касцюковіч.

П.В.Сухі.

т. 15, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)