КУНЬЛУ́НЬ, Куэнь-Лунь,

адна з найб. горных сістэм свету, у Кітаі. Цягнецца з 3 на У ад Паміра да Сіна-Тыбецкіх гор на 2700 км, шыр. ад 150 км на 3 да 600 км на У. Найб. выш. 7723 м (г. Улугмузтаг). Адносныя перавышэнні паўн. схілаў над Тарымскай (Кашгарскай) раўнінай і пустыняй Алашань 4500—5000 м, паўд. схілаў над Тыбецкім нагор’ем — 1000—1500 м. Асн. хрыбты: Кашгарскі, Рускі, Алтынтаг, Аркатаг (Пржавальскага; г. Чонг-Карлыктаг — Шапка Манамаха, 7720 м), Баян-Хара-Ула. Да К. часта адносяць і Наньшань. Характэрны шырокія слабарасчлянёныя водападзелы, стромкія паўн. і пакатыя паўд. схілы; шматлікія восыпы. К. належыць да палеазойскіх складкавых утварэнняў, амалоджаны альпійскім арагенезам. Складзены пераважна з гранітаў, метамарфічных і інш. парод. Ва Усх. К. праяўленні навейшага вулканізму (каля вытоку р. Керыя і хр. Аркатаг). Радовішчы россыпнага золата; рудапраяўленні жалеза, волава, вальфраму; вядомы: вугаль, нефрыт, горны хрусталь, алмазы. Ледавікі невялікія, агульнай пл. 11,6 тыс. км2. Асн. вузлы зледзянення размешчаны на вышыні каля 7000 м. Клімат сухі, умераны, рэзка кантынентальны. У высокай зоне т-ры студз. да -35 °C, ліп. каля 10 °C. Ападкаў ад 50 мм на 3 да 500 мм за год на У. Рэкі кароткія, малаводныя, на Усх. К. воз. Кукунор. Горныя пустыні і стэпы, на паўн. схілах невял. ўчасткі лясоў і лугоў. Фауна: горны баран, горны казёл, кулан, воўк, ліс, зрэдку дзікі як, мядзведзь, снежны барс; шмат грызуноў: суркі, палёўкі, пішчухі. Качавая жывёлагадоўля. Да выш. 3600 м — аазіснае земляробства (ячмень, пшаніца).

т. 9, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)