НАГУ́РСКІ Ян (Іван) Іосіфавіч (27.1.1888, г. Улацлавак, Польшча —9.6.1976),

палярны лётчык. Скончыў Адэскае юнкерскае вучылішча (1909), 1-ы Усерас. аэраклуб (1912), Гатчынскую афіцэрскую паветрана-плавальную школу (1913). Атрымаў званне ваен. лётчыка. У 1914 у пошуках арктычных экспедыцый Г.​Я.​Сядова, Г.​Л.​Брусілава, У.​А.​Русанава на гідрасамалёце здзейсніў 5 палётаў на вышыні 800—1200 м уздоўж зах. ўзбярэжжа Новай Зямлі і Зямлі Франца-Іосіфа. У час палётаў дасягнуў мыса Літке і аддаліўся на ПнЗ на 100 км ад сушы, абследаваў вялізны раён палярных ільдоў; больш чым за 10 гадз праляцеў па маршруце больш за 1100 км. Н. першы ў свеце здзейсніў палёты ў Арктыцы на гідрасамалёце [з рухавіком магутнасцю каля 51,5 кВт (70 к.с.)]. У 1914—17 камандаваў паветр. атрадамі, дывізіёнам Балт. флоту. 17 вер. 1916 Н. першы ў свеце выканаў «мёртвую пятлю» П.​М.​Несцерава на гідрасамалёце (М-9). У 1919 вярнуўся ў Польшчу. Працаваў інжынерам-канструктарам у галіне цукр. вытв-сці, займаўся грамадскай і літ. дзейнасцю. На Зямлі Франца-Іосіфа яго імем названа палярная станцыя (1952). Узнагароджаны 5 баявымі ордэнамі Рас. імперыі і ордэнам Адраджэння Польшчы.

Тв.:

Nad płonącym Bałtykiem. Warszawa, 1960;

Pierwszy nad Arktyka. Warszawa, 1958;

Рус. пер. — Первый над Арктикой. М., 1960.

Літ.:

Гальперин Ю. Он был первым. М., 1958;

Егоров К. К истории полетов И.​И.​Нагурского // Летопись Севера. 1949. № 1.

В.​А.​Юшкевіч, В.​А.​Ярмоленка.

т. 18, кн. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)