КВА́КЕРЫ (англ. quakers літар. якія трасуцца),

Таварыства сяброў (Society of Friends), паслядоўнікі радыкальнага кірунку ў пратэстантызме, заснаванага ў 1652 у Англіі Дж.​Фоксам пры ўдзеле У.​Пена. У выніку праследаванняў з боку ўрада і афіц. англіканскай царквы многія абшчыны К. з 1670-х г. эмігрыравалі ў Паўн. Амерыку. Становішча англ. і амер. К. легалізавана прыняццем у 1689 «Закону аб верацярпімасці». Асновы веравучэння сістэматызаваны тэолагам Р.​Баклі (1676), арганізац. структуры распрацаваны Пенам, які заснаваў гал. асяродак К. у штаце Пенсільванія (ЗША). К. лічаць крыніцай веры ўнутр. праяўленне Бога, якое даецца кожнаму чалавеку, адмаўляюць усе знешнія формы культу, інстытут свяшчэнства, не прызнаюць вайск. службу, прысягу, выступаюць супраць рэліг. і сац. няроўнасці (у т. л. змагаліся супраць рабства, аказвалі дапамогу ахвярам 1-й і 2-й сусв. войнаў). За сваю пацыфісцкую дзейнасць атрымалі Нобелеўскую прэмію міру 1947.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МБРЫДЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,

адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы, буйны навук. цэнтр Вялікабрытаніі. Засн. ў 1209 у Кембрыджы. Ужо з 13 ст. ў К.у. вызначыліся традыцыйныя ф-ты: гуманітарны, юрыд., багаслоўскі і медыцынскі. Ун-т быў цэнтрам Рэфармацыі ў Англіі, а ў 17 ст. — перадавой навукі таго часу. З ім звязана дзейнасць Т.​Мора, Эразма Ратэрдамскага, Ф.​Бэкана, І.​Ньютана, Ч.​Дарвіна. У Кавендышскай лабараторыі К.у. працавалі Дж.​Максвел, П.​Дзірак, Дж.​Дж.​Томсан, Э.​Рэзерфард. У 1911 вучоныя ун-та апрацавалі 11-е выд. энцыклапедыі «Брытаніка», якое лічыцца адным з лепшых. К.у. складаецца з каледжаў, якія ўяўляюць сабой самакіроўныя карпарацыі; у кожным з іх каля 400 студэнтаў розных ф-таў. Узначальвае ун-т канцлер. У 1993 у К.у. каля 14 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць цэнтры навук. даследаванняў, ін-ты, школы, музеі, Кембрыджская абсерваторыя, бат. сад, б-ка.

т. 8, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́ДА ДЖЭ́КА ПАЎСТА́ННЕ 1450—51,

узброенае выступленне сялян, рамеснікаў, часткі купцоў і дробных дваран супраць самавольства (у т. л. падатковага прыгнёту) улад Англіі. У ліку прычын паўстання была таксама незадаволенасць англічан паражэннямі краіны ў Стогадовай вайне 1337—1453 з Францыяй. Праходзіла пад лозунгамі зніжэння падаткаў, рэформы суда і адміністрацыі, адмены дыскрымінацыйнага «закону аб рабочых». Пачалося ў маі 1450 у раёне Грынвіча (графства Кент), у чэрв. ахапіла графствы Сусекс, Эсекс, Сурэй (каля 20 тыс. паўстанцаў). 18 чэрв. паўстанцы на чале з б. салдатам-ірландцам Джэкам (Джонам) Кэдам разбілі каралеўскія войскі каля Севенакса, 2 ліп. занялі Лондан. Аднак 5 ліп. скліканае заможнымі купцамі апалчэнне цэхаў пры падтрымцы гарнізона Таўэра выцесніла паўстанцаў з Лондана. 12 ліп. ў баі з урадавымі войскамі каля Льюіса (графства Сусекс) смяротна паранены Кэд; паўстанцаў узначаліў У.​Пармінтэр (загінуў у пач. 1451). Асобныя паўстанцкія атрады супраціўляліся да 1454.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАН (польск. łan ад ням. Lehn лён),

зямельная мера ў сярэдневяковай Еўропе, якая адпавядала поўнаму сял. надзелу, абкладзенаму павіннасцямі. У асобных краінах выкарыстоўваліся нац. назвы Л. (манс у Францыі, гайда ў Англіі, гуфа ў Германіі, бол у Даніі, гак у Інфлянтах і інш.). Напачатку Л. складаў тэр. сял. гаспадаркі не менш за 3 маргі. Пазней (у Польшчы з 13 ст.) адзінкай вымярэння была плошча зямлі, якая апрацоўвалася. Найб. былі пашыраны Л. фламандскі (16,7—17,5 га) і Л. франконскі (або тэўтонскі; 22,6—25,8 га). У 16 ст. ў ВКЛ пашырылася валока, якая паходзіла ад рыжскага Л., вядомага з 13 ст. (складаўся з 30 маргоў). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 Л. выкарыстоўваўся разам з новымі зямельнымі мерамі, у т. л. дзесяцінай, у Рас. імперыі.

Літ.:

Dunin-Wąsowicz A. Pomiary gruntu w Koronie w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1994.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙТНЕР, Мейтнер (Meitner) Лізе (7.11.1878, Вена — 27.10.1968), аўстрыйска-шведскі фізік, адна з пачынальнікаў даследавання радыеактыўнасці. Скончыла Венскі ун-т (1905). У 1917—38 у Ін-це хіміі кайзера Вільгельма, адначасова з 1922 у Берлінскім ун-це (з 1926 праф.). З 1938 у Швецыі ў Нобелеўскім ін-це, з 1947 у Вышэйшай тэхн. школе ў Стакгольме. З 1960 жыла ў Англіі. Навук. працы па ядз. фізіцы і радыяхіміі. Адкрыла радыеактыўны элемент пратактыній (1917, разам з О.Ганам). Растлумачыла дзяленнем (тэрмін прапанаваны М.) ядраў урану вынікі доследаў Гана і Ф.​Штрасмана па бамбардзіроўцы урану нейтронамі (1939, разам з О.​Фрышам), прадказала ланцуговую ядз. рэакцыю. У яе гонар па рэкамендацыі Міжнар. саюза тэарэт. і прыкладной хіміі (1997) названы хім. элемент майтнерый. Прэмія імя Э.​Фермі 1966 (разам з Ганам, Штрасманам).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 440.

Л.Майтнер.

т. 9, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРА́НДА (Miranda) Франсіска (28.3.1750, Каракас — 14.7.1816),

адзін з кіраўнікоў барацьбы за незалежнасць ісп. калоній у Паўд. Амерыцы. Генералісімус Венесуэлы (1812). Скончыў ун-т у Каракасе (1764). З 1773 у ісп. арміі. З пач. 1780-х г. удзельнік антыісп. сепаратысцкага руху. У 1783 эмігрыраваў у Паўн. Амерыку, дзе ўдзельнічаў у барацьбе за незалежнасць англ. калоній. У 1786—87 у Расіі вёў перагаворы пра фін. дапамогу і дыпламат. падтрымку. У 1792—97 у Францыі, зблізіўся з жырандыстамі і ўступіў у франц. армію. З 1798 у Англіі, потым у ЗША. У 1806 арганізаваў няўдалую экспедыцыю ў Венесуэлу з мэтай узняць там паўстанне. У 1810 узначаліў барацьбу за незалежнасць Венесуэлы. У пач. 1812 кангрэс краіны даў яму паўнамоцтвы дыктатара. Пасля паражэння венесуэльскай арміі (ліп. 1812) высланы ісп. ўладамі ў Іспанію, дзе і памёр у турме.

Літ.:

Лаврецкий И.Р. Миранда. М., 1965.

т. 10, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛЕТ (Smollett) Тобаяс Джордж (19.3.1721, Далкхарн, каля г. Дамбартан, Вялікабрытанія — 17.9.1771),

англійскі пісьменнік. Вывучаў медыцыну ва ун-це г. Глазга. Літ. дзейнасць пачаў у 1746. Вядомасць прынеслі раманы «Прыгоды Родрыка Рэндама» (1748), «Прыгоды Перыгрына Пікля» (1751), у якіх перапляліся рысы барока і асветніцкага класіцызму. Крызіс асветніцкай свядомасці выявіўся ў раманах «Прыгоды графа Фердынанда Фэтама» (1753) і «Прыгоды сэра Ланселота Грыўза» (1762), блізкіх да паэтыкі перадрамантызму і сентыменталізму. Найб. значны твор — эпісталярны раман у рэчышчы сентыменталізму «Падарожжа Хамфры Клінкера» (1771), адметны багаццем камічных сродкаў для характарыстыкі гратэскных персанажаў, дэмакр. пафасам, псіхал. майстэрствам у абмалёўцы характараў. Аўтар гіст. прац, у т. л. «Поўнай гісторыі Англіі» (1757—58), паэт. і сатыр. твораў, перакладаў.

Тв.:

Рус. пер. — Приключения Родрика Рэндома. М., 1949;

Приключения Перигрина Пикля. М., 1955;

Путешествие Хамфри Клинкера. М., 1983.

Літ.:

Елистратова А.А. Английский роман эпохи Просвещения. М., 1966.

т. 15, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУД ПРЫСЯ́ЖНЫХ,

суд, у склад якога акрамя пастаянных суддзяў уваходзяць прысяжныя засядацелі; адзін з найб. дэмакратычных ін-таў судовай сістэмы і ўсёй сістэмы органаў дзярж. улады, які ўвасабляе прынцып непасрэднага ўдзелу народа ў ажыццяўленні правасуддзя. У класічным варыянце складаецца з лавы прысяжных засядацеляў — калегіі з 6, 12 або інш. колькасці грамадзян (адбіраюцца па выпадковай методыцы для дадзенай справы і вырашаюць пытанні факта злачынства) і аднаго ці некалькіх прафес. суддзяў, якія вырашалі пытанні права. Як правіла, С.п. разглядае крымін. справы ў першай інстанцыі. Узнік у Англіі ў 12—15 ст., у Еўропе і некат. інш. частках свету пашырыўся пасля Франц. рэвалюцыі 1789—99. У наш час С.п. існуе ў ЗША, Вялікабрытаніі, Канадзе, Ірландыі, Швейцарыі і інш. У Расійскай імперыі (у т. л. на Беларусі) С.п. існаваў у 1864—1917. З 1993 паэтапна ўводзіцца ў некаторых суб’ектах Рас. Федэрацыі.

т. 15, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЛПМЕН (Helpmann) Роберт (9.4.1909, Маўнт-Гамбір, Аўстралія — 1986),

англійскі і аўстралійскі артыст балета, балетмайстар, акцёр. Вучыўся ў трупе Г.​Паўлавай у Л.​Новікава (1926; падчас гастроляў), з 1932 у школе Н. дэ Валуа ў Англіі. У 1934—50 вядучы танцоўшчык трупы «Вік-Уэлс бале» (з 1942 «Седлерс-Уэлс бале») у Вялікабрытаніі. У 1965—75 адзін з маст. кіраўнікоў Аўстрал. балета. Выканаўца вядучых партый у пастаноўках, якія вызначылі фарміраванне англ. балета: паэт і прынц Цемры («Прывіды» і «Дантэ-Саната» на муз. Ф.​Ліста), Жаніх («Вясельны букет» Л.​Бернерса), Дон Жуан («Дон Жуан» на муз. Р.​Штрауса) і інш.; а таксама ў пастаўленых ім балетах. З 1930-х г. выступаў як драм. акцёр: Гамлет, Петручыо («Гамлет», «Утаймаванне свавольніцы» У.​Шэкспіра), Клоун («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.​Андрэева) і інш. Здымаўся ў кіно.

Л.​А.​Сівалобчык.

т. 17, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ГЕНБЕРГ (Hogenberg) Франц (да 1540, г. Мехелен, Бельгія — 1592),

фламандскі гравёр, мастак, картограф. Вучыўся і працаваў у Англіі, Антверпене, супрацоўнічаў з А.​Артэліем, гравіраваў карты для 1-га геагр. атласа «Агляд шара зямнога» (1570). З-за рэліг. ўціску ў 1570 уцёк у г. Кёльн. У 1572 разам з кёльнскім тэолагам Г.​Браўнам заснаваў шматтомную серыю «Гарады зямнога шара» (апошні, 6-ы том выйшаў у 1618) — збор выяў найважнейшых гарадоў свету, дзякуючы якому зах.-еўрап. чытачы ўпершыню пазнаёміліся з некат. гарадамі ВКЛ, з т.зв. Жыгімонтавым планам Масквы і інш. На картах і планах, створаных Х. ці пад яго рэдакцыяй, Белая Русь выступае як сінонім Маскоўскай дзяржавы.

Літ.:

Борисовская Н.А. Старинные гравированные карты и планы XV—XVIII вв. М., 1992;

Белы А. Хроніка «Белай Русі»: Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.

А.​В.​Белы.

т. 17, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)