СМО́ЛЕТ (Smollett) Тобаяс Джордж (19.3.1721, Далкхарн, каля г. Дамбартан, Вялікабрытанія — 17.9.1771),

англійскі пісьменнік. Вывучаў медыцыну ва ун-це г. Глазга. Літ. дзейнасць пачаў у 1746. Вядомасць прынеслі раманы «Прыгоды Родрыка Рэндама» (1748), «Прыгоды Перыгрына Пікля» (1751), у якіх перапляліся рысы барока і асветніцкага класіцызму. Крызіс асветніцкай свядомасці выявіўся ў раманах «Прыгоды графа Фердынанда Фэтама» (1753) і «Прыгоды сэра Ланселота Грыўза» (1762), блізкіх да паэтыкі перадрамантызму і сентыменталізму. Найб. значны твор — эпісталярны раман у рэчышчы сентыменталізму «Падарожжа Хамфры Клінкера» (1771), адметны багаццем камічных сродкаў для характарыстыкі гратэскных персанажаў, дэмакр. пафасам, псіхал. майстэрствам у абмалёўцы характараў. Аўтар гіст. прац, у т. л. «Поўнай гісторыі Англіі» (1757—58), паэт. і сатыр. твораў, перакладаў.

Тв.:

Рус. пер. — Приключения Родрика Рэндома. М., 1949;

Приключения Перигрина Пикля. М., 1955;

Путешествие Хамфри Клинкера. М., 1983.

Літ.:

Елистратова А.А. Английский роман эпохи Просвещения. М., 1966.

т. 15, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)