КВА́КЕРЫ (англ. quakers літар. якія трасуцца),

Таварыства сяброў (Society of Friends), паслядоўнікі радыкальнага кірунку ў пратэстантызме, заснаванага ў 1652 у Англіі Дж.Фоксам пры ўдзеле У.Пена. У выніку праследаванняў з боку ўрада і афіц. англіканскай царквы многія абшчыны К. з 1670-х г. эмігрыравалі ў Паўн. Амерыку. Становішча англ. і амер. К. легалізавана прыняццем у 1689 «Закону аб верацярпімасці». Асновы веравучэння сістэматызаваны тэолагам Р.Баклі (1676), арганізац. структуры распрацаваны Пенам, які заснаваў гал. асяродак К. у штаце Пенсільванія (ЗША). К. лічаць крыніцай веры ўнутр. праяўленне Бога, якое даецца кожнаму чалавеку, адмаўляюць усе знешнія формы культу, інстытут свяшчэнства, не прызнаюць вайск. службу, прысягу, выступаюць супраць рэліг. і сац. няроўнасці (у т. л. змагаліся супраць рабства, аказвалі дапамогу ахвярам 1-й і 2-й сусв. войнаў). За сваю пацыфісцкую дзейнасць атрымалі Нобелеўскую прэмію міру 1947.

т. 8, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)