ХЕ́ЛПМЕН (Helpmann) Роберт (9.4.1909, Маўнт-Гамбір, Аўстралія — 1986),
англійскі і аўстралійскі артыст балета, балетмайстар, акцёр. Вучыўся ў трупе Г.Паўлавай у Л.Новікава (1926; падчас гастроляў), з 1932 у школе Н. дэ Валуа ў Англіі. У 1934—50 вядучы танцоўшчык трупы «Вік-Уэлс бале» (з 1942 «Седлерс-Уэлс бале») у Вялікабрытаніі. У 1965—75 адзін з маст. кіраўнікоў Аўстрал. балета. Выканаўца вядучых партый у пастаноўках, якія вызначылі фарміраванне англ. балета: паэт і прынц Цемры («Прывіды» і «Дантэ-Саната» на муз. Ф.Ліста), Жаніх («Вясельны букет» Л.Бернерса), Дон Жуан («Дон Жуан» на муз. Р.Штрауса) і інш.; а таксама ў пастаўленых ім балетах. З 1930-х г. выступаў як драм. акцёр: Гамлет, Петручыо («Гамлет», «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра), Клоун («Той, хто атрымлівае аплявухі» Л.Андрэева) і інш. Здымаўся ў кіно.
Л.А.Сівалобчык.
т. 17, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)