род кветкавых раслін сям. астравых. 27 відаў. У дзікарослым стане пашыраны ў горных раёнах Мексікі, Гватэмалы, Калумбіі, у культуры — па ўсім зямным шары. На Беларусі культывуюць 2 віды: вяргіня культурная (Dahila cultorum) і вяргіня перыстая (Dahila pinnata), якія выкарыстоўваюць для рабатак, бардзюраў, групавых і адзіночных пасадак.
Шматгадовыя караняклубневыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым унутры пустым сцяблом выш. да 2 м. Лісце супраціўнае, непарнаперыстае, зрэдку суцэльнае, на чаранках. Кветкі двух тыпаў — язычковыя (рознай велічыні, формы і колеру, простыя і махрыстыя, размешчаны па краі) і трубчастыя (дробныя, жоўтыя або карычневыя, у цэнтры суквецця), сабраны ў прыгожыя паніклыя кошыкі 3—35 см у дыяметры. Плод — сямянка. Цвітуць з чэрвеня да замаразкаў. Размнажаюць чаранкамі, дзяленнем клубняў, насеннем. Вядомы шматлікія сарты вяргінь, атрыманыя пераважна гібрыдызацыяй (каля 8 тыс.). Клубні некаторых відаў ядомыя, багатыя крухмалам і інулінам. У калекцыі Цэнтр.бат. саду АН Беларусі больш за 600 сартоў розных селекцыйных груп — пампонавых, каўняровых, шарападобных, анемонападобных, кактусападобных, хрызантэмападобных і інш.; бел. селекцыянерамі выведзены сарты вяргінь: Браслаўскія азёры, Бусел, Вера Харужая, Дзед Талаш, Купальская ноч, Лявоніха, Янка Купала і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВАРУ́ШКА (Clitocybe),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 44 віды. Найб. вядомыя гаварушка белаватая (Clitocybe candicans), булаваногая (Clitocybe claviceps), буравата-жаўтаватая (Clitocybe gilva), воскападобная (Clitocybe cerussata), духмяная (Clitocybe odora), лейкавая (Clitocybe gibba), лісталюбная (Clitocybe phyllophilla), пабеленая (Clitocybe dealbata), падагнутая (Clitocybe geotropa), шэрая (Clitocybe nebularis), хваёвая (Clitocybe pithyophyla). Сапратрофы. Растуць часта групамі ў лясах, на пашы, лугах, некаторыя віды ўтвараюць ведзьміны кругі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп. — кастрычніку.
Пладовыя целы розных памераў. Шапка да 22 см у дыям., ад плоска-пукатай да глыбока-лейкападобнай, часта моцна ўціснутая пасярэдзіне, з хвалістым або падагнутым уніз краем, сухая, белая або белаватая з шараватым, бураватым, жаўтаватым і інш. адценнем. Мякаць шчыльная, пераважна белая. Пласцінкі тонкія, зыходзячыя ці прырослыя да ножкі. Ножка цыліндрычная, валакністая, мясістая, храсткаватая, суцэльная. Усе гаварушкі маюць характэрны пах і смак. Ёсць ядомыя і ядавітыя (маюць мускарын, адрозніваюцца белым колерам шапак, пласцінак і ножак) віды. Некаторыя віды лекавыя (маюць антыбіётыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЦЭ́Н (ад грэч. holos увесь + kainos новы),
пасляледавіковая эпоха, сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс. гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу ад палеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.
Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.
Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр. Беларусі найб.пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал. руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРО́Х (Pisum),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. бабовых. Вядома 6 відаў, пашыраных у Еўразіі і Афрыцы. Радзіма — Міжземнамор’е. Культывуюць пераважна гарох пасяўны (P. sativum), каштоўны харч. прадукт, корм для жывёлы і зялёнае ўгнаенне. Вырошчваюць як кармавую расліну таксама гарох палявы, або пялюшку. Пашыраны ў Расіі, на Украіне, Беларусі, у Кітаі, Індыі, ЗША.
Гарох пасяўны — аднагадовая расліна, з лазячым сцяблом выш. 0,2—2 м. Лісце парнаперыстае. Кветкі ад белага да пурпурова-фіялетавага колеру, у гронках. Плод — струк. Зерне круглае, белае, жоўтае або зялёнае, мае 22—27% бялку, каля 50% крухмалу, тлушч, карацін, вітаміны B1, B2, С. Холадаўстойлівая (усходы пераносяць замаразкі да -6 °C), вільгацялюбная, азотфіксавальная расліна Вырошчваецца на дзярнова-падзолістых сугліністых і супясчаных глебах з блізкай да нейтральнай і нейтральнай рэакцыяй. Раянаваныя сарты: на зерне — Уладаўскі 6, Працаўнік, Асілак чэшскі, Белус, Агат і інш.; агароднінныя — Варонежскі зялёны, Выдатны 240, Арагумскі, Савінтэр 1, Паўднёвы 47, Альфа, Віёла, Агароднінны 76.
Літ.:
Генетика и селекция гороха. Новосибирск, 1975;
Зернобобовые культуры в интенсивном земледелии. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУКАПАГЛЫНА́ЛЬНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы (вырабы, канструкцыі), якія паглынаюць гукавыя хвалі і тым самым зніжаюць узровень шумаў; разнавіднасць акустычных матэрыялаў. Уласцівасці гукапаглынальных матэрыялаў характарызуюцца рэверберацыйным каэф. гукапаглынання — адносінамі паглынутай гукавой энергіі да ўсёй энергіі гукавой хвалі, што падае на матэрыял. Бываюць штучныя (блокі, пліты), рулонныя (маты, паласавыя пракладкі, палотны), рыхлыя і сыпкія (мінер. і шкляная вата, керамзіт); порыста-валакністыя, -ячэістыя і -трубчастыя (з мінер. і шклаваты, ячэістага бетону, керамзіту і перліту, пенапластаў, гумы); мяккія (маты і рулоны на аснове шкловалакна і мінер. ваты), паўшорсткія (драўнянавалакністыя пліты, мінерала- і шклаватныя пліты, пліты з базальтавага валакна, парапласты) і шорсткія (пліты з грануляванай або суспензіраванай мінер. ваты, з газабетону, гіпсавыя, а таксама пліты і тынкавальныя растворы на аснове пемзы, успучаных вермікуліту і перліту). Гукапаглынальныя матэрыялы выкарыстоўваюць для гукаізаляцыі памяшканняў, ва ўстаноўках вентыляцыі і кандыцыяніравання паветра, гукавымяральных камерах і інш. З гукапаглынальных канструкцый найб.пашыраныспец. абліцоўкі ўнутр. паверхняў (сцен, шахтаў, кажухоў і інш.), канструкцыі ў выглядзе шчытоў, конусаў, прызмаў для зніжэння шумаў ад тэхнал. абсталявання, элементы актыўных глушыцеляў шуму (устанаўліваюцца пераважна ў паветраводах аэрадынамічных установак). Гл. таксама Гукаізаляцыйныя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАДЫЁЛУС, шпажнік (Gladiolus),
род кветкавых раслін сям. касачовых. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Паўн. Афрыцы, Еўропе, Усх. Азіі. У Беларусі ўсюды зрэдку трапляецца гладыёлус чарапіцавы (G. imbricatus) і вельмі рэдка (у Белавежскай пушчы, наваколлях гарадоў Магілёў і Рагачоў) гладыёлус балотны (G. palustris). Растуць на вільготных лугах, лясных палянах, каля балот, у хмызняках. Гладыёлус чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь, гладыёлус балотны лічыцца зніклым. У калекцыі Цэнтр.бат. саду Нац.АН Беларусі больш за 600 сартоў гладыёлуса гібрыднага (G. hybridus). У сусв. селекцыі — больш за 10 тыс. сартоў.
Шматгадовыя клубнецыбульныя прыгожаквітучыя травяністыя расліны з прамастойным сцяблом выш. 20—220 см. Клубнецыбуліна круглаватая або пляскатая, з 2—3 плевачнымі ці валакністымі абалонкамі, якія штогод аднаўляюцца. Лісце лінейна-мечападобнае, зялёнае або блакітна-зялёнае. Кветкі лейкападобныя, разнастайнай афарбоўкі, у некат. відаў пахучыя, сабраныя па некалькі (ад 2—5 да 40) у адна- ці двухбаковае коласападобнае суквецце. Плод — 3-створкавая шматнасенная каробачка. Размнажаюцца вегетатыўна (клубнецыбулінамі і «дзеткамі») і насеннем. Выкарыстоўваюць на зразанне, нізкарослыя — для бардзюраў і груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЭ́Ц (Tetrao urogallus),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. 2 падвіды. Пашыраны ў лясах Еўразіі. На Беларусі нешматлікі аселы від. Водзіцца ў хваёвых і мяшаных сухадольных лясах, радзей — на мохавых балотах Бел. Паазер’я, Прыпяцкага Палесся, у Белавежскай пушчы. Нар. назва на Палессі когут. У Бярэзінскім і Дарвінскім запаведніках вывучаецца вальернае ўтрыманне і развядзенне ў няволі.
Самы буйны з баравой дзічыны. Даўж. самцоў да 110 см, маса да 6,5 кг, самкі ўдвая меншыя. У самцоў верх галавы, шыя, спіна шэрыя з цёмным малюнкам, крылы карычнева-бурыя, валлё чорнае з метал. бляскам, брушка цёмнае з буйнымі белымі плямамі. Мае доўгае пер’е на падбародку і гарляку. Самка стракатая: буравата-рыжая з чорнымі пярэсцінкамі. Палігам. Вясной глушцы збіраюцца на шлюбныя гульні, самцы пяюць, б’юцца паміж сабой (такуюць). У час спеваў («скіркання») глушэц нічога не чуе (адсюль назва). Гняздуецца на зямлі. Нясе 5—10 (зрэдку да 12) яец. Корміцца ігліцай хвоі, елкі, ягадамі, кветкамі, пупышкамі, насякомымі. Каштоўны прамысл. від. Колькасць скарачаецца, у шэрагу месцаў, у т. л. на Беларусі, пад аховай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,
разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснай нар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.
Публ.:
Жартоўныя песні. Мн., 1974.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;
Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;
Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАГА́ДКА,
іншасказальнае, вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы, якія трэба адгадаць; жанр фальклору. Узніклі ў старажытнасці. Змест іх складае ўся шматгранная рэчаіснасць: чалавек, яго дзейнасць, матэрыяльнае, сац. і духоўнае жыццё, прырода і яе з’явы, жывёльны і раслінны свет. З. вызначаецца прадметнасцю, канкрэтнасцю і рэалізмам, афарыстычнасцю і сцісласцю формы, трапнасцю, вобразнай мовай. Метафарычныя і алегарычныя З. аб прыродзе і яе з’явах найб. старадаўнія. З. можа заключаць у сабе метафару або мець формы кароткага апісання ці сціслага апавядання. Пашыраны ў народзе загадкі-пытанні і загадкі-задачы. Захаваўшы свае ранейшыя функцыі (выпрабаванне мудрасці, развіццё паэт. мыслення, кемлівасці, як забава і сродак пазнання свету ў вобразнай форме), З. бытуе і ў наш час, пераважна ў дзіцячым асяроддзі. Паэтычныя З. для дзяцей стварылі Р.Барадулін, В.Вітка, Н.Гілевіч, А.Клышка і інш.бел. пісьменнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЦІ́СТЫЯ ВО́ДАРАСЦІ (Chrysophyta),
аддзел ніжэйшых раслін; прадстаўнікі фітапланктону. Каля 120 родаў. Больш за 400 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў прэсных водах; характэрны для кіслых вод сфагнавых балот; жывуць у морах і салёных азёрах, зрэдку ў глебе. Планктонныя, эпіфітныя, бентасныя арганізмы. З’яўляюцца важным звяном трафічнага цыкла вадаёмаў (першасныя прадуцэнты арган. рэчываў). На Беларусі 21 род, каля 50 відаў, напр., гіялобрыян, дынобрыян, кефірыян, маламонас, сінура, стэнакалікс, ураглена, урагленопсіс, хрызідаліс, тылахрызіс і інш.
Аднаклетачныя, каланіяльныя, радзей шматклетачныя арганізмы рознай формы. Рухомыя, плаваюць свабодна або прымацоўваюцца. Колер залаціста-жоўты, часам буравата-зялёны, радзей зеленавата-жоўты з-за хларафілу, жоўтых пігментаў (караціноідаў, фукаксанціну). Кветкі рознай формы, аднаядравыя, без цвёрдай абалонкі, некат. ў крэменязёмным лускавінкавым панцыры з іголкамі, шыпамі або ў «хатцы» (своеасаблівы панцыр). Маюць 1—2 (3—4) жгуцікі, скарачальныя вакуолі і вочка. Хларапластаў 1—2, пасценныя, карытападобныя. Запасныя рэчывы — хрызаламінарын і апей. Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (зааспорамі, аўтаспорамі), палавое (іза-, гола-, аўтагамія). Большасць відаў аўтатрофы, ёсць гетэратрофы. Пры неспрыяльных умовах утвараюць крамяністыя цысты.