УЛЬТРАМАРЫ́Н (ням. Ultramarin ад ультра... + лац. marinus марскі),

мінеральны пігмент ад зялёнага да фіялетавага колеру. Прыродны У. — мінерал ляпіс-лазурак (гл. Лазурыт), які пры награванні набывае ярка-сіні колер, выкарыстоўвалі з даўніх часоў.

Сінт. У. атрымліваюць сплаўленнем кааліну з карбанатам натрыю Na2CO3 (содай) і серай (або сульфатам натрыю Na2SO4 і вугалем). Састаў У. адпавядае ф-ле n (Na2O × Al2O3∙m SiO2)∙Na2Sx; найб. пашыраны У. сіняга колеру, для якога n = 2, m = 3 і x = 4 У. устойлівы да ўздзеяння святла, шчолачаў, раскладаецца к-тамі. Выкарыстоўваюць для атрымання маст. фарбаў і эмалей, афарбоўкі гумы, лінолеуму, буд. матэрыялаў, шпалер, падсіньвання (устаранення жоўтага адцення) тканін, пластмас, паперы, інш. матэрыялаў і харч. прадуктаў.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)