сямейства птушак атр. курападобных. 4 падсям.: курапаткі, курапаткі зубчастадзюбыя (Odontophorinae, 10 родаў), фазаны (Phasianinae, 16 родаў) і цацаркі (Numidinae, 5 родаў). Каля 180 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках. Жывуць у разнастайных ландшафтах. Аселыя (акрамя перапёлак). У Чырв. кнізе МСАП 21 від і 2 падвіды.
Даўж. да 235 см, маса да 5 кг. У самцоў многіх відаў на неаперанай цэўцы рагавая шпора. Пераважна расліннаедныя. Манагамы і палігамы. Для многіх відаў характэрны перыяд такавання. Банкіўскія куры (гл.Банкіўскі певень) — родапачынальнік свойскіх парод курэй; паўліны і фазаны паўпрыручаныя. Многія Ф. — аб’екты палявання і развядзення.