ФІКАМІКО́ЗЫ,
інфекцыйныя хваробы чалавека і жывёл, якія выклікаюцца ніжэйшымі грыбамі фікаміцэтамі. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі найб. хварэюць буйн. раг. жывёла, свінні, авечкі, коні, птушкі і інш. Адрозніваюць вісцэральны (сістэмны) і падскурны Ф.
Споры грыба пранікаюць у арганізм жывёл праз стрававальны тракт, дыхальныя шляхі і пашкоджаную скуру. Вісцэральны Ф. характарызуецца развіццём гранулём у лімфатычных вузлах, печані, лёгкіх і нырках, таксама язваў у страўніку і кішэчніку. Падскурны Ф. характарызуецца лакалізаваным хранічным запаленнем скуры і слізістых абалонак з разрастаннем тканак. Сустракаецца пераважна ў коней. Адрозніваюць 2 тыпы гэтай хваробы: гіфамікоз (з пашкоджаннем скуры ног) і гранулематоз (з пашкоджаннем скуры і слізістых абалонак насавых адтулін, насавых хадоў і губ). Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.
т. 16, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)