МАДЫЛЬЯ́НІ (Modigliani) Амедэо (12.7.1884, г. Ліворна, Італія — 25.1.1920),

італьянскі жывапісец і скульптар. Прадстаўнік парыжскай школы. Вучыўся ў АМ у Фларэнцыі. З 1906 у Парыжы. Зазнаў уплывы А. дэ Тулуз-Латрэка, П.​Сезана, П.​Пікасо, афр. пластыкі, як скульптар — К.​Брынкушы. У скульптуры імкнуўся да спрошчаных геаметрызаваных форм і падоўжаных прапорцый («Галава», 1913, і інш.). Жывапісная манера вызначаецца дэкар. плоскаснасцю, лаканічнасцю пераважна аднафігурных кампазіцый, музыкальнасцю сілуэтна-лінейных рытмаў, насычанасцю каларыту. Ствараў партрэты і ню, якім уласцівы інтымная індывідуальнасць і псіхалагізм вобразаў, паэтычнасць, якая часта спалучаецца з трагічным адчуваннем безабароннасці чалавека ў свеце: «М.​Жакоб» (1916), «Л.​Збароўскі», «Аголеная» (абодва 1917), «Маленькі селянін» (1918), «Вялікая аголеная», «Цыганка», «Хлопчык у сіняй куртцы», «Жоўты купальнік» (усе 1919) і інш.

Літ.:

Виленкин В.В. Амедео Модильяни. М., 1970.

А.Мадыльяні. Аголеная. 1917.

т. 9, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНДЗО́НІ (Manzoni) Алесандра (7.3. 1785, г. Мілан, Італія — 22.5.1873),

італьянскі пісьменнік; тэарэтык рамантызму. Першыя творы напісаны ў духу класіцызму (паэма «Трыумф свабоды», 1801; ода «На смерць Карла Імбанаці», 1806). Уплыў каталіцызму выявіўся ў цыкле «Свяшчэнныя гімны» (1812—22, апубл. ў 1815 і 1823). У 1820-я г. перайшоў на пазіцыі рамантызму (эстэт. праца «Пра рамантызм», 1823, і інш.). Оды «Сакавік 1821 г.», «Пятага мая» (абедзве 1821), гіст. трагедыі «Адэльгіз» (паст. 1822) і «Граф Карманьёла» (паст. 1828) прасякнуты патрыят. матывамі, ідэямі Рысарджымента. У гіст. рамане «Заручаныя» (ч. 1—3, 1821—23) спалучэнне рамантызму з рэаліст. адлюстраваннем жыцця італьян. правінцыі 17 ст. Аўтар эстэт., філас., тэарэтыка-літ. прац.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1978;

Обрученные. М., 1984;

У кн.: Романтизм глазами итальянских писателей. М., 1984.

Г.​М.​Малей.

т. 10, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІ́НІ (Martini) Сімоне (каля 1284, г. Сіена, Італія — ліп. 1344),

італьянскі жывапісец. Паслядоўнік і, магчыма, вучань Дуча ды Буанінсенья. Зазнаў уплывы франц. гатычнага мастацтва. Працаваў у Таскане, Неапалі (1317), Арвіета (1320), Асізі (1320-я г.), Авіньёне (з 1340). У творчасці спалучаў гатычныя традыцыі арганізацыі кампазіцыі, трактоўкі перспектывы, кволасці фігур чалавека з протарэнесансавай адухоўленасцю і жыццёвай пластыкай вобразаў, вытанчанасцю колераў: фрэскі ў Палацца Публіка ў Сіене («Маэста», 1315; выява кандацьера Гвідарыча да Фальяна, 1328), у Ніжняй царкве Сан-Франчэска ў Асізі (сцэны з жыцця св. Марціна Турскага, каля 1326), алтарныя абразы «Св. Людовік Тулузскі карануе Роберта Неапалітанскага» (каля 1317), «Дабравешчанне» (1333), «Пакуты Хрыстовы» (1340-я г.), дыпціх «Дабравешчанне» (1339—42). Аўтар фронтыспіса для манускрыпта Вергілія (1340-я г.).

В.​Я.​Буйвал.

С.Марціні. Мадонна з дыпціха «Дабравешчанне». 1339—42.

т. 10, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́РВІ (Nervi) П’ер Луіджы (21.6.1891, г. Сондрыо, Італія — 9.1.1979),

італьянскі інжынер і архітэктар; стваральнік жалезабетонных канструкцый. Вучыўся ва ун-це Балонні (1908—13). З 1946 выкладаў ва ун-це ў Рыме. Для яго творчасці характэрны эксперыменты з буд. матэрыяламі і канструкцыямі, пошукі спецыфічнай для іх маст. выразнасці. У структуры збудаванняў дамагаўся выразнасці прасторавай кампазіцыі (стадыён у Фларэнцыі, 1929—32), распрацоўваў канстр. сістэму зборных вялікапралётных скляпенняў з ромбападобных жалезабетонных звёнаў (ангары для самалётаў у Арвіета, Арбетэла, 1935—40). Сярод лепшых работ Н.: будынак ЮНЕСКА у Парыжы (1957, з М.​Броерам і Б.​Зерфюсам), 32-павярховы будынак фірмы «Пірэлі» ў Мілане (1956—60, з Дж.​Понці), Палац працы ў Турыне (1961, з А.​Нерві).

Літ.:

Иванова Е.К., Кацнельсон Р.А. П.​Л.​Нерви. М., 1968.

П.Л.Нерві. Выставачная зала Палаца працы ў Турыне. 1961.

т. 11, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРМІДЖАНІ́НА (Parmigianino; сапр. Мацола; Mazzola) Франчэска

(11.1.1503, г. Парма, Італія — 24.8.1540),

італьянскі жывапісец, рысавальшчык і афартыст; адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў маньерызму. Зазнаў уплывы Карэджа, Мікеланджэла і Рафаэля. Працаваў у Парме, Рыме (1523—27), Балонні (1527—31). У творах праз падоўжанасць прапорцый, вастрыню ракурсаў і аптычных эфектаў, вытанчана-грацыёзны малюнак і блеклы серабрысты каларыт увасабляў ідэал загадкавай, халодна-пачуццёвай прыгажосці («Мадонна са святым Захарыем», каля 1530; «Ператварэнне Паўла», 1530; «Мадонна з доўгай шыяй», 1534—40; «Мадонна з ружай» і інш.). Аўтар партрэтаў Дж.​Г.​Санвітале (1524), т.зв. Антэі, Малатэсты Бальёне, «Аўтапартрэта ў выпуклым люстэрку» і інш., прасякнутых духам арыстакратычнасці і глыбокай унутр. трывогі. Працаваў у манументальным жывапісе (фрэскі замка ў Фантанелата, 1534—40), адзін з першых у Італіі звярнуўся да тэхнікі афорта. Іл. гл. таксама да арт. Маньерызм.

Ф.Парміджаніна. Ператварэнне Паўла. 1530.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЛЬЯ́ЦІ (Togliatti) Пальміра (26.3.1893, г. Генуя, Італія —21.8.1964),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч, дзеяч італьян. і міжнар. камуніст. руху. Паводле адукацыі юрыст. Скончыў Турынскі ун-т (1915). Чл. Італьян. камуніст. партыі з моманту заснавання (1921), з 1926 яе ген. сакратар. Неаднаразова быў арыштаваны фаш. ўладамі Італіі. У 1926—44 у эміграцыі. З 1924 чл., з 1935 сакратар Выканкома Камуністычнага Інтэрнацыянала. У 1937—39 упаўнаважаны Выканкома Камінтэрна па аказанні дапамогі рэсп. ўраду Іспаніі ў вайне супраць франкісцкіх мяцежнікаў і італа-герм. інтэрвентаў (гл. Іспанская рэвалюцыя 1931—39). Міністр без партфеля, міністр юстыцыі, нам. прэм’ер-міністра ў італьян. урадах 1944—46. Удзельнік распрацоўкі рэсп. канстытуцыі Італіі (1947). Дэп. парламента з 1948. Працы па тэорыі і практыцы рабочага руху і інш. У гонар Т. названы г. Тальяці ў Самарскай вобл. (да 1964 Стаўрапаль).

т. 15, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАРЫЧЭ́ЛІ (Torricelli) Эванджэліста (15.10.1608, г. Фаэнца, Італія —25.10.1647),

італьянскі фізік і матэматык. Атрымаў матэм. адукацыю ў Рыме. З 1642 праф. фізікі і матэматыкі Фларэнційскага ун-та. Навук. працы па механіцы, пнеўматыцы і гідраўліцы. Вызначыў парабалічны характар траекторый руху цел, кінутых пад адвольным вуглом да гарызонту. Сфармуляваў закон выцякання вадкасці з адтуліны пасудзіны і вывеў формулу скорасці выцякання (гл. Тарычэлі формула). Адкрыў існаванне атмасфернага ціску і вакууму (Тарычэліева пустата), растлумачыў прычыны ўтварэння ветру. Вынайшаў ртутны барометр і спіртавы тэрмометр. Займаўся канструяваннем мікраскопаў і шліфоўкай лінзаў для тэлескопаў. У яго гонар названа адзінка ціску — тор.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 87—89, 97—102;

Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.

А.​І.​Болсун.

Э.Тарычэлі.

т. 15, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЧЭ́ЛА [Uccello; сапр. ды Дона

(di Dono)] Паала (1397, г. Фларэнцыя, Італія — 10.12.1465),

італьянскі жывапісец, прадстаўнік фларэнційскай школы. Вучыўся ў майстэрні Л.​Гіберці (1407—14). Працаваў у Фларэнцыі, Венецыі (1425—30), у Падуі (каля 1447) і Урбіна (1465—68). У ранні перыяд звяртаўся да гатычных традыцый. Пад уплывам Данатэла, Ф.​Брунелескі і Мазачыо далучыўся да рэнесансавага руху. Першы італьян. баталіст. Аўтар фрэсак у саборы (конны партрэт кандацьера Дж.​Акута, 1434) і ў царкве Санта-Марыя Навела. (сярэдзіна 1430-х г. і каля 1450), саборы Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1436) у Фларэнцыі; трох карцін з эпізодамі бітвы пры Сан-Рамана (сярэдзіна 1450-х г.) і інш. Творы вылучаюцца дынамічнасцю, смелымі перспектыўнымі пабудовамі, ураўнаважанасцю кампазіцый, гучнасцю вытанчанага каларыту.

П.Учэла. Конны помнік кандацьеру Хаўквуду. Фрэска сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1436.

т. 16, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСПУ́ЧЫ (Vespucci) Амерыга (9.3.1451, г. Фларэнцыя, Італія — 22.2.1512),

італьянскі мараплавец і даследчык. Доўгі час быў дробным служачым банкірскага дома Медычы і агентам гэтай фірмы ў Севільі. У маі 1499 — вер. 1500 на ісп. марской службе, з вясны 1501 па чэрв. 1504 — на партугальскай; потым зноў вярнуўся ў Іспанію, у 1508—12 гал. стырнавы Кастыліі. У 1499—1504 прымаў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўд. Амерыкі, якую ён назваў Новым Светам. Лісты аб гэтых падарожжах, у якіх Веспучы ўпершыню апісаў прыроду паўн. ч. кантынента, набылі сусв. вядомасць і неаднаразова перавыдаваліся ў 1505—10. Латарынгскі картограф М.​Вальдземюлер прыпісаў адкрыццё «чацвёртай часткі свету», зробленае Х.Калумбам, Веспучы і прапанаваў назваць гэты мацярык у гонар Амерыга Веспучы Амерыкай. Для Паўд. Амерыкі гэта абазначэнне хутка стала агульнапрызнаным, а ў 1538 на карце Г.Меркатара ўпершыню было пашырана і на Паўн. Амерыку.

т. 4, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАМБАЛО́НЬЯ (Giambologna), Джавані Балонья (Giovanni Bologna; сапр. Жан дэ Булонь; Jean de Boulogne; 1529, г. Дуэ, Францыя — 13.8.1608),

італьянскі скульптар, прадстаўнік маньерызму. У 1554 або 1555 прыехаў у Рым, дзе, верагодна, вучыўся ў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі пры двары Медычы, а таксама ў Балонні, Генуі. Выконваў багата дэкарыраваныя фантаны, скульпт. групы і статуі, статычныя конныя помнікі («Нептун», Балоння; «Козіма I Медычы», 1593, Фларэнцыя). Развіваючы ідэі Б.Чэліні, імкнуўся да стварэння «ідэальна круглай» скульптуры з уласцівай ёй прасторавай свабодай і магчымасцю ўсебаковага агляду (спіралепадобная па кампазіцыі група «Выкраданне сабінянак», 1583, Фларэнцыя), да арган. сувязі з прыродным асяроддзем («Алегорыя Апенін», Праталіна). Манерная вытанчанасць прапорцый і рухаў, дынамічнасць кампазіцыі, віртуозная дакладнасць апрацоўкі матэрыялу («Меркурый», 1564, Балоння, і 1580, Фларэнцыя) спалучаюцца ў Дж. з натуралістычнымі эфектамі (статуі птушак для грота вілы ў Кастэла, Фларэнцыя).

Джамбалонья. Меркурый. Бронза. 1580.

т. 6, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)