помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст.бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.Бычковым у 1893.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЯШО́Ў (Фёдар Іванавіч) (18.6.1913, в.Вял. Стралкі Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 29.12.1993),
бел.літ.-знавец і крытык. Д-рфілал.н. (1964), праф. (1965). Скончыў Ленінградскі пед.ін-т (1935). У 1938 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў пад Варкутой. Вызвалены ў 1943. З 1944 выкладаў у ВНУ, у 1951—55 і з 1961 — у БДУ. Даследаваў гісторыю рус. л-ры 19 — пач. 20 ст., сучасную бел. л-ру. Аўтар кніг «Жыццё і творчасць Л.М.Талстога» (1953), «Сатырычная паэзія М.А.Някрасава» (1954), «Міхась Лынькоў» (1961), «Іван Мележ» (1968), «Сучасная беларуская проза» (1970), «Лекцыі па гісторыі рускай літаратуры канца XIX — пачатку XX ст.» (ч. 1—2, 1976—80), «Літаратурныя партрэты» (1983), артыкулаў пра творчасць Я.Брыля, І.Шамякіна, І.Навуменкі, ГІ.Пестрака, М.Лобана, Б.Сачанкі, І.Чыгрынава і інш. Складальнік зб. «Максім Горкі і Беларусь» (1968), «А.І.Купрын пра літаратуру» (1969), «Леў Талстой і Беларусь» (1981) і інш.
Тв.:
Міхась Лынькоў: Семінарыст. Мн., 1963;
Эцюды аб прозе. Мн., 1964;
Подвиг художника: Лит. путь И.Мележа. 2 изд. Мн., 1982;
Творческий путь А.И.Куприна. [Т. 1—2]. 2 изд. Мн., 1983—87;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІХЕ́ЙСТВА,
рэлігійнае вучэнне, якое ўзнікла ў 3 ст. на Б. Усходзе. Заснавальнік Мані (каля 216—277). Мела шмат прыхільнікаў на тэр. ад Кітая да Італіі. Аснова М. — сінтэз халдзейска-вавілонскіх, персідскіх (парсізм, зараастрызм, маздаізм) ідэй з хрысціянствам. Звычайна М. звязваюць з гнастыцызмам, ад якога яно ўзяло канцэпцыю дуалізму душы і цела, святла і цемры, дабра і зла. Паводле вучэння М., у сусвеце суіснуюць царствы святла і цемры, духоўны і матэрыяльны пачаткі. У царстве святла, заснаваным на прынцыпе дабра, пануе Бог з анёламі, а ў царстве цемры, прасякнутым злом, — д’ябал з дэманамі. Барацьба Бога з д’яблам заканчваецца глабальнай катастрофай у выглядзе пажару, які спапяляе ўсё цялеснае і выслабаняе дух. Зямны чалавек, паводле М., створаны д’яблам, але можа зменшыць уплыў зла, калі будзе спрыяць светламу, Боскаму пачатку. Ён павінен клапаціцца аб чысціні душы і цела, засвойваць вучэнне М., якое Бог дае людзям праз свайго сына Ісуса. Але гал. пасланнікам свету з’яўляецца сам Мані. У 8—9 ст. М. праследавалася прыхільнікамі ісламу, у далейшым спыніла існаванне як рэлігія і ў Еўропе, і ў Азіі. Хрысціянства лічыла М. ерассю, якая дала пачатак такім рухам, як паўлікіяне, багамілы, катары і альбігойцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАТУРА́ЛЬНАЯ ШКО́ЛА,
літаратурны кірунак 1840-х г. у Расіі; пачатак рус.крытычнага рэалізму. Тэрмін «Н.ш.» ўпершыню ўжыты Ф.Булгарыным у зняважлівай характарыстыцы творчасці маладых паслядоўнікаў М.Гогаля, палемічна пераасэнсаваны В.Бялінскім як «натуральнае», праўдзівае адлюстраванне рэчаіснасці (арт. «Погляд на рускую літаратуру 1846 г.», «Погляд на рускую літаратуру 1847 г.», «Адказ «Москвитянину», 1847). Ідэйна-маст. прынцыпы: дэмакратызацыя л-ры, пашырэнне яе жыццёвага дыяпазону, выкрыццё грамадскай несправядлівасці, цікавасць да жыцця простых людзей, прызнанне сур’ёзнасці будзённых калізій і інш. Да Н.ш. належалі А.Герцэн, Дз.Грыгаровіч, У.Даль, Ф.Дастаеўскі, А.Дружынін, М.Някрасаў, М.Салтыкоў-Шчадрын, І.Тургенеў і інш. Яны друкаваліся ў час. «Отечественные записки», «Современник», зб. «Фізіялогія Пецярбурга» (ч. 1—2, 1845) і «Пецярбургскім зборніку» (1846), якія сталі праграмнымі. Н.ш. не абмяжоўвалася канкрэтнымі жанрамі, хоць на пачатку пераважаў фізіялагічны нарыс, пазней — аповесць, раман. Паўплывала на выяўленчае (П.Фядотаў, А.Агін) і музычнае (А.Даргамыжскі, М.Мусаргскі) рус. мастацтва. Традыцыі Н.ш. прасочваюцца ў бел. рэалістычнай л-ры 19 ст. (В.Дунін-Марцінкевіч, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына і інш.).
Літ.:
Жук А.А. Сатира натуральной школы. Саратов, 1979;
Кулешов В.И. Натуральная школа в русской литературе XIX в. 2 изд. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́ННЫЯ БОЕПРЫПА́СЫ,
разнавіднасць ядз. боепрыпасаў з павышаным выхадам нейтроннага выпрамянення; зброя масавага знішчэння. Асн. частка энергіі Н.б. вылучаецца за кошт рэакцыі сінтэзу ядзер дэйтэрыю і трытыю; колькасць энергіі, што атрымліваецца ў выніку дзялення цяжкіх ядраў у дэтанатары, дастатковая для пачатку рэакцыі сінтэзу. Кампаненты (дэйтэрый і трытый) уваходзяць у састаў зарада ў выглядзе цвёрдага рэчыва (гідрыду металу) або знаходзяцца ў сціснутым газападобным стане. Пры выбуху Н.б. на ўтварэнне пранікальнай радыяцыі траціцца да 70% энергіі за кошт змяншэння затрат на інш. паражальныя фактары (ударная хваля, светлавое выпрамяненне і інш.). На аднолькавай адлегласці ад эпіцэнтра выбуху доза пранікальнай радыяцыі ў Н.б. у 5—10 разоў большая, чым у ядз. боепрыпасаў той жа магутнасці. Выкарыстоўваюцца ў артыл. снарадах, бомбах, баявых частках ракет і інш.Вытв-сць Н.б. пачалася ў ЗША і некаторых інш. краінах у пач. 1980-х г.
П.В.Сычоў, І.У.Мацвееў.
Да арт.Нейтронныя боепрыпасы. Схема нейтроннага снарада «пушачнага» тыпу: 1 — корпус з сістэмай утрымання плазмы ў зоне рэакцыі; 2 — сумесь дэйтэрыю і трытыю; 3 — адбівальнік нейтронаў; 4 — зарад плутонію 239; 5 — зарад выбуховага рэчыва; 6 — дэтанатар; 7 — крыніца нейтронаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Джэймс) (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен. журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.Хемінгуэя і Ф.С.Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент.пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГО́ДЗІН (Аляксандр Львовіч) (15.6.1872, г. Віцебск — 16.5.1947),
расійскі гісторык, філолаг-славіст. Д-рслав. філалогіі (1904). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1894). Праф. Варшаўскага (1902—08), Харкаўскага (1910—19) ун-таў. З 1919 у эміграцыі, да 1941 працаваў у Бялградскім ун-це. Аўтар прац па гісторыі і л-ры слав. народаў, «Руска-сербскай бібліяграфіі (1800—1925)» (т. 1—2, 1932—36). Цікавіўся нац.-вызв. рухам бел. народа, перапісваўся з рэдакцыяй газ. «Наша ніва». У час. «Вестник Европы» змясціў рэцэнзію на кнігу П.Бародкіна «Беларусы» (1902), арт. «Беларускія паэты» (1911) пра некаторыя заканамернасці развіцця бел. л-ры 19 — пач. 20 ст., яе цесную сувязь з жыццём народа, развіццём бел.нац.-вызв. руху, даў агульную характарыстыку творчасці Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча. Вітаў дзейнасць бел.навук.-літ. гуртка студэнтаў Пецярбургскага ун-та. Багдановіч прысвяціў П. «Санет» («Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі...»).
Тв.:
Из истории славянских передвижений. СПб., 1901;
Адам Мицкевич. Т. 1—2. М., 1912—13;
Язык как творчество. Харьков, 1913;
Славянский мир. М., 1915;
Белорусские поэты // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРА́ДАК СЛОЎ,
лінейная паслядоўнасць кампанентаў сказа, якая мае сэнсавае, граматычнае (сінтаксічнае) і стылістычнае значэнне. Залежыць ад структуры сказа, спосабаў выражэння яго членаў, стылістычнай афарбоўкі і семантычнага напаўнення сказа, а таксама сувязі яго з інш. сказамі ў тэксце. Бел. мове ўласцівы адносна свабодны П.с.: кожны член сказа не мае строга вызначанага сталага і нязменнага месца. П.с. у сказе можа быць звычайны і адваротны.
Пры звычайным П.с. дзейнік стаіць перад выказнікам, дапасаванае азначэнне — перад словам, што паясняецца, недапасаванае — пасля яго; прамое дапаўненне — пасля слова, якое ім кіруе; акалічнасць спосабу дзеяння, меры і ступені — перад дзеясловам-выказнікам, часу і месца — перад дзеясловам-выказнікам ці ў пачатку сказа. Пры адваротным П.с. выказнік размяшчаецца перад дзейнікам. Адваротны П.с., які выкліканы пэўнымі намерамі аўтара і мае функцыянальна-стылістычнае і сэнсавае значэнне, называецца інверсіяй. У вершаваных творах П.с. часта абумоўлены патрабаваннямі рытму і рыфмы, у гутарковай мове — заканамернасцямі пабудовы дыялогу, сітуацыяй, калі на першае месца выносіцца інфармацыйна найб. значны сінтаксічны кампанент: «Фармальна вы маеце рацыю». — «Не фармальна, а фактычна яно так».
Літ.:
Ковтунова И.И. Современный русский язык: Порядок слов и актуальное членение предложения. М., 1976;
Яўневіч М.С., Сцяцко П.У. Сінтаксіс сучаснай беларускай мовы. 3 выд.Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРСУ́НА (скажэнне слова «персона» ад лац. persona асоба, твар),
умоўная назва твораў бел., рус. і ўкраінскага партрэтнага жывапісу канца 16—17 ст. Пераходны этап ад іканапісу да свецкага партрэта.
Раннія П. толькі ўмоўна перадавалі партрэтнае падабенства, захоўвалі ідэальнасць і кананічнасць вобразаў, плоскасную ўзорыстую тэхніку пісьма тэмперай па дошцы. У 17 ст. развіццё П. ішло ў двух кірунках: дамінавання абразовага пачатку (партрэт цара Фёдара Іванавіча, канец 16 — пач. 17 ст.; М.В.Скапіна-Шуйскага, каля 1630) і паступовага засваення прыёмаў зах.-еўрап. жывапісу, імкнення да перадачы індывід. асаблівасцей мадэлі, аб’ёмнасці форм пры захаванні традыц. плоскаснасці ў трактоўцы адзення (партрэт Г.П.Гадунова, 1686). П. таго часу пісалі алеем на палатне, часам з натуры. Найб. пашырылася ў творчасці жывапісцаў Аружэйнай палаты Маскоўскага Крамля І.Безміна, І.Максімава, С.Ушакова, М.Чаглокава і інш.
У жывапісе Беларусі 16—17 ст. арыентацыя на традыцыі ранніх партрэтных адлюстраванняў, якія трапляюцца ў фрэсках і іканапісе Стараж. Русі, прыкметна ў партрэтах Міхаіла Барысавіча (канец 16 — пач. 17 ст.), Канстанціна Астрожскага (1-я пал. 17 ст.). Рысы П. маюць партрэт сармацкі, партрэт данатарскі.
Да арт.Парсуна. Цар Фёдар Іванавіч. Канец 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЧАЛІ́НАЯ СЯМ’Я́,
згуртаванне, калонія, якая складаецца з некалькіх тысяч рабочых пчол, маткі і трутняў (гл.Пчала меданосная). Вясною і ўвосень мае 15—20, летам 60—80 тыс. пчол. У прыродных умовах П.с. жывуць у дуплах дрэў, расколінах і інш., дзе будуюць васковыя соты. У ячэйках сотаў захоўваюцца мёд, пярга, вырошчваюцца лічынкі. Размнажаюцца П.с. раеннем. Зімой пчолы збіраюцца на сотах у шчыльны клубок. Вясною тыя, што зімавалі, гінуць, іх замяняе веснавое пакаленне.
Матка (даўж. да 25 мм) адкладвае яйцы (да 3 тыс. за суткі) 2—3 гады, не мае васковых залоз, не збірае нектар і пылок. Рабочыя пчолы (даўж. да 15 мм) — самкі з недаразвітымі палавымі органамі, не здольныя да спароўвання — выхоўваюць патомства, будуюць соты, збіраюць нектар і пылок, перапрацоўваюць нектар у мёд, пылок у пяргу, ахоўваюць гняздо і інш. Летам жывуць 35—40 дзён, увосень і зімою 6—8 месяцаў. Трутні (даўж. да 17 мм) маюць моцна развітую палавую сістэму, паяўляюцца ў П.с. ў пачатку лета, пасля шлюбнага палёту і апладнення маткі гінуць, астатніх рабочыя пчолы ўвосень выганяюць з гнязда.