ЧАЧО́РА,

рака ў Кармянскім, Буда-Кашалёўскім і Чачэрскім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 551 км². Пачынаецца за 2 км на ПнУ ад в. Лёсавая Буда Кармянскага р-на, вусце на ўсх. ускраіне г. Чачэрск. Цячэ па Прыдняпроўскай нізіне. Даліна ў верхнім цячэнні невыразная, шыр. 500—600 м. Схілы пераважна адкрытыя, умерана стромкія і спадзістыя, выш. 7—10 м, месцамі да 15 м. Пойма двухбаковая (шыр. 200—500 м), асушаная, лугавая, асобныя ўчасткі пад хмызняком. Рэчышча каналізаванае, шыр. 3—6 м у верхнім цячэнні, 7—10 м у сярэднім і да 15 м у ніжнім. На рацэ вадасх. Меркулавічы. Асн. прытокі: Дулепа, Любіца (справа) і Глыбокая (злева). Разводдзе з 2-й дэкады сак. да пачатку 3-й дэкады красавіка. Прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 17, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)