ХІМЕ́РА (ад Хімера) у біялогіі, арганізм-мазаік, які спалучае ў сабе клеткі, тканкі або ч. цела розных арганізмаў. Аснова — аб’яднанне клетак, якія паходзяць ад розных зігот. Першасныя Х. — аб’яднанне генетычна розных клетак у адзін зародак на ранніх стадыях эмбрыягенезу (або з моманту апладнення); яны не маюць адзнак імуналагічнай несумяшчальнасці. Другасныя Х. — камбінацыя тканак 2 і болей зародкаў або дарослых асобін пасля пачатку арганагенезу шляхам трансплантацыі органаў, пералівання крыві, спантаннага пераносу крыві паміж пладамі або ад маці да плода.

Натуральныя Х. ўзнікаюць у выніку агрэгацыі 2 зігот, дысперснага апладнення, мутацый. рэкамбінацый, парушэння клетачнага дзялення; штучныя — атрымліваюць шляхам тканкавай трансплантацыі або метадам прышчэпак (у раслін). Напр., распрацаваны метад аб’яднання бластамераў грызуноў, якія адрозніваюцца афарбоўкай шэрсці. Атрыманыя Х. маюць па-рознаму афарбаваныя ўчасткі цела. Выкарыстоўваюць для аналізу праблем антагенезу і імуналогіі. Гл. таксама Мазаіцызм.

А.​С.​Леанцюк.

т. 17, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)