УЗЕ́МБЛА Люцыян (11.2.1864, Вільня — 12.12.1942),

гісторык культуры, краязнавец, калекцыянер. Адзін з ініцыятараў стварэння ў Вільні т-ва аматараў старажытнасцей і народазнаўства (1899), т-ва музея навукі і мастацтва (1906), прымаў актыўны ўдзел у віленскім т-ве сяброў навукі. Сабраў каштоўную б-ку і калекцыю рукапісаў (часткова зберагаецца ў рукапісным аддзеле Цэнтр. б-кі АН Літвы). Апублікаваў у польскай прэсе (Варшава, Вільня) шмат артыкулаў на гіст.-культ. і гіст.-літ. тэмы, у т. л. пра жыццё і творчасць У.​Сыракомлі. Перапісваўся з Э.​Ажэшка. Ініцыятар ушанавання памяці А.​Міцкевіча ў 1897 у Вільні, членам юбілейнага к-та быў і Ф.​Багушэвіч. Аўтар некралогаў пра Багушэвіча «Паэт-юрыст», «Францішак Бенедыкт Багушэвіч» (1900).

Тв.:

Бел. пер. — Паэт-юрыст // Пачынальнікі. Мн., 1977;

Францішак Бенедыкт Багушэвіч // Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура XIX — пачатку XX ст.: Хрэстаматыя крытыч. матэрыялаў. Мн., 1978.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 16, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)