ЛАНГФЕ́ЛА (Longfellow) Генры Уодсуарт (27.2.1807, г. Портленд, штат Мэн, ЗША — 24.3.1882),
амерыканскі паэт і празаік. Замежны чл. Пецярбургскай АН (з 1872). Скончыў Боўдайнскі каледж (1825), вышэйшую адукацыю атрымаў у Еўропе (1826—29). У 1836—54 праф. літаратуры Гарвардскага ун-та. Друкаваўся з 1820. Аўтар рамант.паэт. зб-каў «Галасы ночы» (1839), «Вершы пра рабства» (1842), «Пералётныя птушкі» (1858), паэм «Эванджэліна» (1847), «Сватанне Майлза Стэндыша» (1858), раманаў «Гіперыён» (1839), «Кавана» (1849), кн. нарысаў «За акіянам» (1835) і інш.Сусв.вядомасць прынесла паэма «Спеў аб Гаяваце» (1855), напісаная на аснове індзейскіх паданняў на ўзор карэла-фін. эпасу «Калевала». Паэма апявае прыгажосць і мудрасць чалавека, які жыве адным жыццём з прыродай. Пераклаў «Боскую камедыю» Дантэ, склаў і пераклаў зб. «Паэты і паэзія Еўропы» (1846), анталогію «Вершы пра мясцовасці» (т. 1—31, 1876—79). На бел. мову «Спеў аб Гаяваце» пераклаў А.Куляшоў, асобныя творы Ю.Гаўрук, А.Мардвілка.
Тв.:
Бел.пер. — у кн.: Лангфэла Г. Спеў аб Гаяваце: Паэма;
Уітмен У. Лісце травы: Вершы. Мн., 1994;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Небышынец В. «Вам, хто любіць слухаць казкі, галасы легенд далёкіх...» // Полымя. 1970. № 12;
Ронгонен Л.И. Генри У. Лонгфелло и его поэма «Песнь о Гайавате». М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́НДГРЭН (Lindgren) Астрыд Ганна Эмілія ( н. 14.11.1907, г. Вімербю, Швецыя),
шведская дзіцячая пісьменніца. Вядомасць прынесла аповесць «Пэпі-Доўгая панчоха» (1945—52, экранізацыя 1968). Аўтар кніг «Знакаміты сышчык Кале Блюмквіст», «Мы ўсе з Бюлербю» (абедзве 1946), «Міо, мой Міо» (1954), «Тры аповесці пра Карлсана, які жыве на даху» (1955—68, экранізацыя 1974), «Расмус-бадзяга» (1956, экранізацыя 1982), «Мы на востраве Сальткрока» (1964), «Браты Львінае Сэрца» (1973, экранізацыя 1977), «Роня, дачка разбойніка» (1981), трылогіі «Эміль з Лёнебергі» (1963—70). У творах узняты праблемы дабра і зла, дэмакратыі і тыраніі, цудоўнага і рэальнага, узаемаадносін дзіцячай асобы з дарослымі. Яны поўныя гумару і ўвасабляюць дзіцячае, непасрэднае ўспрыманне людзей і свету. На бел. мову аповесць «Браты Львінае Сэрца» пераклалі С.Лузгіна, Т.Лукша і С.Мураўёва (1990, 1997). На бел. сцэне ставіліся спектаклі паводле аповесцей Л.: «Малыш і Карлсан, які жыве на даху», «Пэпі-Доўгая панчоха», «Новыя прыгоды Карлсана» (абодва Бел.рэсп.т-р юнага гледача, адпаведна 1969, 1970, 1973), «Міо, мой Міо» (Магілёўскі абл.т-р лялек, 1993).
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч.: В 6 т.Т. 1—5. СПб., 1997—99;
Пеппи Длинный чулок. Мн., 1997.
Літ.:
Брауде Л.Ю. Сказочники Скандинавии. Л., 1974;
Яе ж. Скандинавская литературная сказка. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАГАНІ́НІ (Paganini) Нікало (27.10.1782, г. Генуя, Італія —27.5.1840),
італьянскі скрыпач, гітарыст, кампазітар. Вучыўся пераважна самастойна, напачатку — у бацькі. З 11-гадовага ўзросту выступаў у Італіі, з 1828 у інш. краінах Еўропы, хутка заваяваў сусв.вядомасць. Мастак-наватар, прадстаўнік муз. рамантызму, фенаменальны віртуоз, П. зрабіў карэнны пераварот у культуры і тэхніцы скрыпічнага выканальніцтва, узбагаціў і расшырыў магчымасці скрыпкі, увёў у свае скрыпічныя п’есы новыя каларыстычныя і тэхн. эфекты (выкарыстоўваў тэхніку двайных нот, ігру на адной струне, pizzicato, флажалеты). Некаторыя яго творы з-за іх складанасці доўгі час лічыліся не прыдатнымі для выканання. Творчасць П. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё інстр. музыкі. Сярод твораў: 6 канцэртаў (1815—30), «Вечны рух» для скрыпкі з арк.; 24 капрысы для скрыпкі сола (1807, выд. 1820), цыклы варыяцый, санаты для скрыпкі і гітары, камерна-інстр. ансамблі, каля 200 п’ес для гітары, вак. творы і інш. Своеасаблівае дэманічнае аблічча П., вулканічны тэмперамент, некат. эпізоды біяграфіі спарадзілі вакол яго імя фантаст. легенды. З 1954 у Генуі штогод праводзіцца Міжнар. конкурс скрыпачоў імя П.
Літ.:
Ямпольский И.М. Н.Паганини: Жизнь и творчество 2 изд. М., 1968;
Тибальди-Кьеза М. Паганини: Пер. с итал. М., 1986;
Григорьев В.Ю. Н.Паганини: Жизнь и творчество. М., 1987.
французскі пісьменнік; буйнейшы прадстаўнік мадэрнізму. Скончыў Сарбону (1895). Дэбютаваў зб. навел «Уцехі і дні» (1896). Сусв.вядомасць яму прынёс цыкл раманаў «У пошуках згубленага часу» («У бок Свана», 1913; «У засені квітнеючых дзяўчын», 1919, Ганкураўская прэмія; «Германты», 1920—21; «Садом і Гамора», 1921—22; «Нявольніца», выд. 1923; «Уцякачка», выд. 1925; «Знойдзены час», выд. 1927), у якім узняты праблемы пазнання і самапазнання, творчасці і творцы, мастацтва і мастацтва жыцця, кахання як пакуты і хваробы і інш. Яго творы, напісаныя ў форме «рамана-ракі», адметныя спалучэннем імпрэсіянізму з элементамі «плыні свядомасці» і рэалізму, нясуць у сабе рысы сямейнай хронікі, рамана выхавання, рамана культуры і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Жан Сантэй» (незавершаны, выд. 1952), кнігі эсэ «Супраць Сент-Бёва» (выд. 1954) і інш. Зрабіў уплыў на развіццё сусв.рэаліст. і авангардысцкай (асабліва на «новы раман») л-ры 20 ст.
Тв.:
Рус.пер. — В поисках утраченного времени. Т. 1—7. М., 1992—93.
Літ.:
Андреев Л.Г. М.Пруст. М., 1968;
Сучков Б. Марсель Пруст (1871—1922) // Сучков Б. Лики времени. М., 1976. Т. 2;
Днепров В. Психологический роман Марселя Пруста // Днепров В. Идеи времени и формы времени. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЫ́ВЕНСАН (Stevenson) Роберт Льюіс Бэлфур (13.11.1850, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 3.12.1894),
англійскі пісьменнік; найбуйнейшы прадстаўнік неарамантызму. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1873). Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў па Еўропе і ЗША. Дэбютаваў у 1866 як публіцыст. Сусв.вядомасць прынёс раман «Востраў скарбаў» (1883, неаднаразова экранізаваны). Аўтар прыгодніцкіх раманаў «Выкрадзены» (1886), «Гаспадар Балантрэ» (1889), «Пацярпелыя караблекрушэнне» (1892), «Катрыёна» (1893), у якіх тагачаснай цывілізацыі, расізму і каланіялізму проціпастаўляў веру ў людзей, іх высокую духоўнасць. У гіст. раманах «Прынц Ота» (1885), «Чорная страла» (1888), «Сент-Іў» (апубл. 1897, незавершаны) рамантыка прыгод спалучаецца з дакладным апісаннем экзотыкі і гіст. каларытам. Тэма «двойніцтва» ў філас.-псіхал. рамане «Дзіўная гісторыя д-ра Джэкіля і м-ра Хайда» (1886). Аўтар шматлікіх апавяданняў, нарысаў, п’ес, літ.-крытычных прац. На бел. мову асобныя творы С. пераклалі А.Асташонак, В.Гардзей, Я.Семяжон.
Тв.:
Бел.пер. — Востраў скарбаў. Мн., 1993;
Чорная страла: Аповесць з часоў вайны Пунсовай і Белай ружы. Мн., 1999;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—5. М., 1993;
Избр. произв.Т. 1—3. М., 1992.
Літ.:
Дьяконова Н.Я. Стивенсон и английская литература XIX в. Л., 1984;
Олдингтон Р. Стивенсон: Портрет бунтаря: Пер. с англ.М., 1985;
Роберт Луи Стивенсон: Биобиблиогр. указ. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УІ́ТМЕН (Whitman) Уолт (31.5.1819, Уэст-Хілс, штат Нью-Йорк, ЗША — 26.3.1892),
амерыканскі паэт. Працаваў наборшчыкам, настаўнікам, рэдактарам газет. Друкаваўся з 1840-х г. Яго паэт. майстэрства фарміравалася пад уплывам Дж.Байрана, П.Шэлі, Г.Гейнэ, што абумовіла цікавасць У. да праблем прыроды і цывілізацыі, салідарнасці краін і народаў, адзінства ўсяго жывога на зямлі, дэмакр. развіцця грамадства, асобы і мас, свабоды і абавязку. Сусв.вядомасць прынесла кн. вершаў «Лісце травы» (1855; дапоўненая перавыдавалася шмат разоў), якая насычана біблейскімі вобразамі і матывамі, уключае элементы прозы і навук. тэрміналогію; філасафічнасць суправаджаецца лірызмам і музычнасцю, манум. сцэны — імгненнымі замалёўкамі. Пад уражаннем трагічных падзей грамадз. вайны 1861—65 стварыў паэт. цыклы «Барабанны бой» і «Калі ў двары перад домам цвіў гэтай вясною бэз» (абодва 1865). Аўтар кн. публіцыстыкі «Дэмакратычныя далячыні» (1871), апавяданняў, артыкулаў. На бел. мову яго вершы перакладалі Ю.Гаўрук, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, К.Цвірка.
Тв.:
Бел.пер. — Лісце травы: Вершы. Мн., 1978;
Рус.пер. — Избр. произв.: Листья травы. Проза. М., 1970.
Літ.:
Чуковский К.И. Мой Уитмен. 2 изд. М., 1969;
Мендельсон М.О. Жизнь и творчество Уитмена. 2 изд. М., 1969;
Венедиктова Т.Д. Поэзия У.Уитмена. М., 1982;
Сіпакоў Я. Вершаруб з Доўгай выспы // Маладосць. 1969. № 5.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УО́РЭН (Warren) Роберт Пэн (24.4.1905, Гатры, штат Кентукі, ЗША — 15.9.1989),
амерыканскі пісьменнік; прадстаўнік т.зв. паўд. школы амер. рамана. Скончыў ун-т у Вандэрбілце (1925), вучыўся ў Каліфарнійскім, Іельскім і Оксфардскім ун-тах. У 1934—73 выкладаў у Луізіянскім, Мінесоцкім, Іельскім ун-тах; адначасова ў 1935—42 працаваў у друку. Літ. дзейнасць пачаў як паэт і крытык, быў цесна звязаны з групай «новай крытыкі», якая асаблівую ўвагу аддавала аналізу стылю твора. Асн. тэма твораў — феномен амер. Поўдня. У раманах «Начны вершнік» (1939), «Перад брамай раю» (1943), «Хопіць часу і месца» (1951), «Пячора» (1959), «Патоп» (1964), «Прыйдзі ў зялёную даліну» (1971), «Прыстанішча» (1977) і інш. праблемы існавання чалавека ў святле цывілізацыйных працэсаў, заняпаду адвечных духоўных каштоўнасцей, мінуўшчыны і сучаснасці, расізму, карупцыі ў амер. грамадстве. Сусв.вядомасць прынёс раман «Уся каралеўская раць» (1946; экранізаваны ў 1949) пра палітыка-дэмагога. Аўтар паэт. зб-каў «36 паэм» (1935), «Абяцанні» (1957), «Быць на зямлі: Вершы 1977—1980 гг.» (1980) і інш., эсэ, шматлікіх літ. даследаванняў. Яго творы насычаны сімваламі, алегорыямі, алюзіямі, адметныя спалучэннем філасафічнасці з лірызмам.
Тв.:
Рус.пер. — Вся королевская рать: Роман;
Избр. стихотворения. М., 1982;
Потоп. М., 1994.
Літ.:
Мендельсон М.О. Современный американский роман. М., 1964;
Мулярчик А.С. Спор идет о человеке: О литературе США 2-й пол. XX в. М., 1985.
англійскі пісьменнік. Скончыў Оксфардскі ун-т (1935). Удзельнік 2-й сусв. вайны. На яго светаадчуванне істотна паўплывала філасофія экзістэнцыялізму. Вядомасць Голдынгу прынёс раман-антыутопія «Валадар мух» (1954; экранізаваны ў 1963), у якім паказаў, што недасканаласць цывілізацыі і разбуральныя інстынкты асобы здольны прывесці сілы зла да ўлады ў свеце. Аўтар філас. раманаў-прытчаў альбо «баек»; «Нашчадкі» (1955), «Зладзюжка Марцін» (1956), «Свабоднае падзенне», «Шпіль» (1964), «Піраміда» (1967), «Бачная цемра» (1979), «Рытуалы пасвячэння» (1980), «Папяровыя людзі» (1984) і інш.; зб. публіцыстычных і крытычных нарысаў «Гарачая брама» (1965, у т. л. праграмнае эсэ «Прытча»), вершаў, радыёп’ес. Асэнсоўваў праблемы: чалавек—цывілізацыя, асоба—гісторыя, душа—Бог, ідэал—рэальнасць, выбар, небяспека таталітарызму і фанатызму. Дамінуючым у яго творчасці заставалася пытанне аб чалавечай прыродзе, суаднесенасці ў ёй біялагічнага і духоўнага. Прозе Голдынга ўласцівы спалучэнне рэалістычных і авангардысцкіх тэндэнцый, шматзначнасць вобразаў і сітуацый, дыдактычнасць. Нобелеўская прэмія 1983.
Тв.:
Lord of the Flies;
The Pyramid;
Envoy Extraordinary. М., 1982;
Рус.пер. — Шпиль и другие повести. М., 1981;
Чрезвычайный посол // Современная английская повесть. М., 1984;
Повелитель мух. М., 1990;
Пирамида // Иностр. лит. 1996. № 3.
Літ.:
Ивашева В.В. В споре о человеке // Ивашева В.В. Эпистолярные диалоги. М., 1983;
Яе ж. Роман философской тенденции // Ивашева В.В. Литература Великобритании XX в. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНЕАЛАГІ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,
курорты, галоўным прыродным рэсурсам якіх з’яўляюцца мінеральныя воды, што выкарыстоўваюцца для аздараўлення і лячэння.
Апісанне прататыпаў бальнеалагічных курортаў вядома з твораў стараж.-індыйскіх, кітайскіх, грэч. і інш. вучоных (у т. л. Гамера, Арыстоцеля, Плутарха). Са стараж. часоў захаваліся рэшткі водалячэбніц у межах сучаснага швейц. курорта Санкт-Морыц, на тэр. курортаў Венгрыі (Будапешт, Балатанфюрэд), Румыніі (Бэйле-Еркулане, Сынджорз-Бэі), Югаславіі (Добрна, Вараждзінске-Топліцы), Балгарыі (Хісара), Германіі (Вісбадэн), Італіі (Абана-Тэрме, Анцыо) і інш. У сярэднявеччы вял.вядомасць мелі бальнеалагічныя курорты Ахен, Карлсбад (цяпер Карлавы Вары), Бадэн-Бадэн. У Рас. імперыі бальнеалагічныя курорты пачалі стварацца па ініцыятыве Пятра I, першым быў курорт Марцыяльныя Канчазерскія Воды паблізу Петразаводска (1719). Шмат бальнеалагічных курортаў дзейнічала з 19 ст. (Каўказскія Мінеральныя Воды, Кіславодск, Старая Руса, Сергіеўскія Мінеральныя Воды, Друскінінкай, Кемеры, Белакурыха, Баржомі і інш.). На сучасным этапе развітую сетку бальнеалагічных курортаў мае большасць еўрап. краін, краін Закаўказзя, Сярэдняй Азіі, Расія, ЗША і інш. Адпачынак і лячэнне (бальнеатэрапія) на бальнеалагічных курортах у многіх выпадках спалучаюцца з гразе- і кліматалячэннем. Залежна ад гэтага адрозніваюць бальнеакліматычныя, бальнеагразевыя і інш. тыпы бальнеалагічных курортаў. На Беларусі існуюць курорты рэсп. і мясц. значэння: Бабруйск, Белае Возера, Белы Бераг, Горваль, Ждановічы, Лётцы, Нарач, Рагачоў, Ушачы, Чонкі (пра кожны гл. адпаведны арт.).
Я.В.Малашэвіч.
Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Мінеральныя крыніцы Карлсбада (сучасны г. Карлавы Вары, Чэхія). 17 ст.Да арт.Бальнеалагічныя курорты. Водалячэбніца ў Пяцігорску. 1820-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯНЯ́ЎСКІЯ (Wieniawscy),
польскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Люблін (Польшча).
Генрык (10.7.1835—12.4.1880), скрыпач, педагог, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў 19 ст., прадстаўнік рамант. школы. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класе скрыпкі (1846) і кампазіцыі (1848). У 1848—60-я г. канцэртаваў у Еўропе (напачатку з братам), набыў еўрап.вядомасць. У 1860—72 прыдворны саліст, кіраўнік і ўдзельнік квартэта Рускага муз.т-ва. У 1862—68 праф. Пецярбургскай, у 1874—76 Брусельскай кансерваторый. У 1872—74 разам з Рубінштэйнам гастраляваў у ЗША. Як кампазітар узбагаціў скрыпічны рэпертуар, асабліва ў галіне жанравай скрыпічнай п’есы і маст. эцюда. Сярод твораў: 2 канцэрты (1853, 1870), «Легенда» (1860), «Скерца-тарантэла» (1855), мазуркі, паланэзы для скрыпкі з аркестрам. Сярод яго вучняў К.Пушылаў, В.Салін, Э.Ізаі. Яго імя носіць міжнар.муз. конкурс (скрыпачоў — у Варшаве з 1935, адноўлены з 1952 у Познані, з 1957 таксама кампазітараў і лютністаў).
Юзаф (23.5.1837—11.11.1912), піяніст і кампазітар. У 1846—50 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Удасканальваўся ў Ф.Ліста. З 1848 выступаў у дуэце з братам, потым з сольнымі канцэртамі ў краінах Еўропы. У 1866—67 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Кіраўнік Варшаўскага муз.т-ва (1875—78), арганізатар сімф. канцэртаў. З 1878 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод муз. твораў пераважна фп. мініяцюры.