УІ́ТМЕН (Whitman) Уолт (31.5.1819, Уэст-Хілс, штат Нью-Йорк, ЗША — 26.3.1892),

амерыканскі паэт. Працаваў наборшчыкам, настаўнікам, рэдактарам газет. Друкаваўся з 1840-х г. Яго паэт. майстэрства фарміравалася пад уплывам Дж.​Байрана, П.​Шэлі, Г.​Гейнэ, што абумовіла цікавасць У. да праблем прыроды і цывілізацыі, салідарнасці краін і народаў, адзінства ўсяго жывога на зямлі, дэмакр. развіцця грамадства, асобы і мас, свабоды і абавязку. Сусв. вядомасць прынесла кн. вершаў «Лісце травы» (1855; дапоўненая перавыдавалася шмат разоў), якая насычана біблейскімі вобразамі і матывамі, уключае элементы прозы і навук. тэрміналогію; філасафічнасць суправаджаецца лірызмам і музычнасцю, манум. сцэны — імгненнымі замалёўкамі. Пад уражаннем трагічных падзей грамадз. вайны 1861—65 стварыў паэт. цыклы «Барабанны бой» і «Калі ў двары перад домам цвіў гэтай вясною бэз» (абодва 1865). Аўтар кн. публіцыстыкі «Дэмакратычныя далячыні» (1871), апавяданняў, артыкулаў. На бел. мову яго вершы перакладалі Ю.​Гаўрук, Я.​Семяжон, Я.​Сіпакоў, К.​Цвірка.

Тв.:

Бел. пер. — Лісце травы: Вершы. Мн., 1978;

Рус. пер. — Избр. произв.: Листья травы. Проза. М., 1970.

Літ.:

Чуковский К.И. Мой Уитмен. 2 изд. М., 1969;

Мендельсон М.О. Жизнь и творчество Уитмена. 2 изд. М., 1969;

Венедиктова Т.Д. Поэзия У.​Уитмена. М., 1982;

Сіпакоў Я. Вершаруб з Доўгай выспы // Маладосць. 1969. № 5.

Е.​А.​Лявонава.

У.Уітмен.

т. 16, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)