ЛІ́НДГРЭН (Lindgren) Астрыд Ганна Эмілія

( н. 14.11.1907, г. Вімербю, Швецыя),

шведская дзіцячая пісьменніца. Вядомасць прынесла аповесць «Пэпі-Доўгая панчоха» (1945—52, экранізацыя 1968). Аўтар кніг «Знакаміты сышчык Кале Блюмквіст», «Мы ўсе з Бюлербю» (абедзве 1946), «Міо, мой Міо» (1954), «Тры аповесці пра Карлсана, які жыве на даху» (1955—68, экранізацыя 1974), «Расмус-бадзяга» (1956, экранізацыя 1982), «Мы на востраве Сальткрока» (1964), «Браты Львінае Сэрца» (1973, экранізацыя 1977), «Роня, дачка разбойніка» (1981), трылогіі «Эміль з Лёнебергі» (1963—70). У творах узняты праблемы дабра і зла, дэмакратыі і тыраніі, цудоўнага і рэальнага, узаемаадносін дзіцячай асобы з дарослымі. Яны поўныя гумару і ўвасабляюць дзіцячае, непасрэднае ўспрыманне людзей і свету. На бел. мову аповесць «Браты Львінае Сэрца» пераклалі С.Лузгіна, Т.Лукша і С.Мураўёва (1990, 1997). На бел. сцэне ставіліся спектаклі паводле аповесцей Л.: «Малыш і Карлсан, які жыве на даху», «Пэпі-Доўгая панчоха», «Новыя прыгоды Карлсана» (абодва Бел. рэсп. т-р юнага гледача, адпаведна 1969, 1970, 1973), «Міо, мой Міо» (Магілёўскі абл. т-р лялек, 1993).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч.: В 6 т. Т. 1—5. СПб., 1997—99;

Пеппи Длинный чулок. Мн., 1997.

Літ.:

Брауде Л.Ю. Сказочники Скандинавии. Л., 1974;

Яе ж. Скандинавская литературная сказка. М., 1979.

Е.А.Лявонава.

т. 9, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)