ВЯНЯ́ЎСКІЯ

(\Уіепіа\У5су),

польскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Люблін (Польшча).

Генрык (10.7.1835—12.4.1880), скрыпач, педагог, кампазітар; адзін з найбуйнейшых скрыпачоў-віртуозаў 19 ст., прадстаўнік рамант. школы. Скончыў Парыжскую кансерваторыю па класе скрыпкі (1846) і кампазіцыі (1848). У 1848—60-я г. канцэртаваў у Еўропе (напачатку з братам), набыў еўрап. вядомасць. У 1860—72 прыдворны саліст, кіраўнік і ўдзельнік квартэта Рускага муз. т-ва. У 1862—68 праф. Пецярбургскай, у 1874—76 Брусельскай кансерваторый. У 1872—74 разам з Рубінштэйнам гастраляваў у ЗША. Як кампазітар узбагаціў скрыпічны рэпертуар, асабліва ў галіне жанравай скрыпічнай п’есы і маст. эцюда. Сярод твораў: 2 канцэрты (1853, 1870), «Легенда» (1860), «Скерца-тарантэла» (1855), мазуркі, паланэзы для скрыпкі з аркестрам. Сярод яго вучняў К.Пушылаў, В.Салін, Э.Ізаі. Яго імя носіць міжнар. муз. конкурс (скрыпачоў — у Варшаве з 1935, адноўлены з 1952 у Познані, з 1957 таксама кампазітараў і лютністаў).

Юзаф (23.5.1837—11.11.1912), піяніст і кампазітар. У 1846—50 вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі. Удасканальваўся ў Ф.Ліста. З 1848 выступаў у дуэце з братам, потым з сольнымі канцэртамі ў краінах Еўропы. У 1866—67 праф. Маскоўскай кансерваторыі. Кіраўнік Варшаўскага муз. т-ва (1875—78), арганізатар сімф. канцэртаў. З 1878 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод муз. твораў пераважна фп. мініяцюры.

Літ.:

Григорьев В. Генрик Венявский. М., 1966;

Grabkowski E.H. Wieniawski. Warszawa, 1985.

Л.А.Сівалобчык.

т. 4, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)