масавае пахаванне загінуўшых у ходзе ваен. дзеянняў ці памерлых ад ран воінаў, партызан, а таксама ваеннапалонных і мірных жыхароў. Адразу пасля баёў пахаванні ў брацкіх магілах ажыццяўлялі аднапалчане загінуўшых з выкананнем пэўнага рытуалу і ваен. ушанаванняў, ставілі сціплыя помнікі з даступных матэрыялаў. У шэрагу выпадкаў з некалькіх брацкіх магіл стваралі ваен. могілкі, рабілі і адзіночныя пахаванні. Шырока вядома брацкая магіла ў Севастопалі, дзе пахаваны рус. воіны, якія загінулі пры абароне горада ў Крымскую вайну 1853—56. Пасля Вял.Айч.вайны ў некаторых месцах рабіліся перапахаванні з адзіночных магіл у брацкія, ставілі помнікі, стваралі мемарыялы. Першы помнік на брацкай магіле сав. воінам пастаўлены ў 1945 у Кёнігсбергу (цяпер Калінінград, Расія). Найб. вядомы брацкія магілы ў Берліне (Трэптаўпарк), С.-Пецярбургу (Піскароўскія могілкі), Луганску, Севастопалі, Керчы (Украіна) і інш. На Беларусі 5575 брацкіх магіл. Найб. масавыя пахаванні: у Мінску каля былой в. Масюкоўшчына (больш за 80 тыс.чал.), у в. Баравая Мінскага р-на (30 тыс.чал.), на ст. Лясная Баранавіцкага р-на (50 тыс.чал.). Ахоўваюцца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́ДБЕРЫ ((Bradbury) Рэй Дуглас) (н. 22.8.1920, Уокеган, штат Ілінойс, ЗША),
амерыканскі пісьменнік-фантаст. Першы зб.фантаст. апавяданняў «Змрочны карнавал» (1947). Аўтар рамана-антыутопіі «451° па Фарэнгейту», філас.-прыгодніцкага рамана-прытчы «Набліжаецца бяда» (1962), дэтэктыва-стылізацыі пад прозу Д.Хэмета і Р.Чандлера «Смерць — лёс адзінокіх» (1985), рамана «Могільнік лунацікаў» (1990), прасякнутага міфал. матывамі, аўтабіягр. аповесці «Віно з дзьмухаўцоў» (1957), зб-каў апавяд. «Размаляваны чалавек» (1951), «Залатыя яблыкі Сонца» (1953), «Сродак ад меланхоліі» (1959), «Глыбока за поўнач» (1976) і інш., цыкла апавяд. «Марсіянскія хронікі» (1950), п’ес, кніг для дзяцей, радыё-, тэле- і кінасцэнарыяў. Асн. тэмы твораў — небяспека механізацыі і рабатызацыі грамадства, рост бездухоўнасці і уніфікацыі людзей; суаднесенасць рэальна-зямнога і касмічнага, часу і гісторыі, вайны і міру.
Тв.:
Бел.пер. — Пра вандроўкі вечныя і пра Зямлю // Замежная фантастыка. Мн., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1512—22,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У выніку трох паходаў (1512, 1513, 1514) маскоўскія войскі авалодалі Смаленскам. Імкнучыся выкарыстаць поспех, яны занялі Мсціслаў, Крычаў, Дуброўну, перайшлі Дняпро, Друць і толькі каля Бярэзіны спынены перадавымі атрадамі Жыгімонта I Старога. У час Аршанскай бітвы 1514 гетман найвышэйшы К.І.Астрожскі разбіў 80-тысячнае маскоўскае войска, але вярнуць Смаленск не змог. У 1515 маскоўскія войскі хадзілі на Полацк, Віцебск і Мсціслаў, Браслаў і Друю, а войскі ВКЛ на Северскую зямлю і Вял. Лукі. Летам 1517 пасольства Жыгімонта I спрабавала дамовіцца пра спыненне вайны, але беспаспяхова, і ваен. дзеянні актывізаваліся. Летам 1518 маскоўскае войска рушыла на Полацк, Віцебск і ў Падняпроўе, у інш. месцах даходзіла да Слуцка, Мінска, Новагародка. У 1519 маскоўскія войскі займалі многія гарады і вёскі, бралі ў палон жыхароў. У 1520 пасольства ВКЛ дамовілася пра спыненне ваен. дзеянняў. У 1522 падпісана перамір’е на 5 гадоў. Смаленск застаўся ў Маскоўскай дзяржаве, а шматлікі «маскоўскі палон» — у ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНЫЯ АБ’ЯДНА́ННІ,
блокі, зоны, саюзы краін, валюты якіх залежаць ад валюты дзяржаў, што стаяць на чале гэтых аб’яднанняў. Валютныя блокі пачалі ўзнікаць у час сусв.эканам. крызісу 1929—33. Асн. з іх: стэрлінгавы (створаны ў 1931 пасля адмены залатога стандарту ў Вялікабрытаніі, уключаў большасць краін Брытанскай імперыі і інш.), доларавы (узнік у 1933 пасля адмены залатога стандарту ў ЗША, уключаў Канаду і краіны Лац. Амерыкі), «залаты блок» (узнік у 1933, уключаў краіны, якія прытрымліваліся залатога стандарту: Францыя, Бельгія, Нідэрланды, Швейцарыя, Італія і Партугалія). Напярэдадні і ў час 2-й сусв.вайны Германія і Японія стварылі свае валютныя блокі, у якія былі ўключаны акупіраваныя імі краіны. Валютныя блокі былі важным сродкам выкарыстання замежных краін у якасці рынкаў збыту, крыніц сыравіны і сферы прыкладання капіталу. На месцы гэтых блокаў у 2-ю сусв. вайну і пасля яе ўзніклі валютныя зоны, сярод іх найб. буйныя стэрлінгавая, доларавая, зона франка. Створаны таксама валютныя саюзы: Заходне-Афрыканскі валютны саюз, валютны саюз Экватарыяльнай Афрыкі і Камеруна, Еўрапейскі валютны саюз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРХНЕСІЛЕ́ЗСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
наступальныя баі 1-га Украінскага фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) 15—31 сакавіка; частка стратэг. наступлення Сав. Арміі ў студз.—сак. 1945 на фронце ў 1200 км ад Балтыйскага м. да Дуная ў час 2-й сусв.вайны. У выніку правядзення Вісла-Одэрскай аперацыі 1945 і Ніжнесілезскай аперацыі 1945сав. войскі выйшлі да рэк Одэр і Нейсе. Мэта аперацыі — акружэнне і разгром групоўкі ворага на ПдЗ ад Опельна і выхад у перадгор’і Судэтаў. У паласе наступлення сав. войскаў абараняліся 1-я танк. і 17-я арміі групы армій «Цэнтр». 2 ударныя групоўкі Укр. фронту (на Пн і на Пд ад Опельна) 15 сак. перайшлі ў наступленне, пераадолелі тактычную зону абароны праціўніка, 18 сак. акружылі 5 ням. дывізій на ПдЗ ад Опельна і 19—20 сак. ліквідавалі іх (каля 60 тыс.чал., у т. л. 18 тыс. палонных). У выніку сав. войскі авалодалі паўд.-зах. часткай Верхняй Сілезіі і да 31 сак. выйшлі на рубеж Штрэлен, р. Нейсе, Долен — у перадгор’і Судэтаў і занялі зручнае становішча для нанясення ўдару на Дрэздэнскім і Пражскім напрамках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТО́ЎКА,
індывідуальная агнястрэльная зброя з вінтавой нарэзкай у канале ствала. Нарэзка надае кулі вярчальны рух, які забяспечвае яе ўстойлівы палёт, большую далёкасць і трапнасць стральбы. Калібр вінтоўкі ад 5,6 да 7,62 мм.
Першыя вінтоўкі з’явіліся ў 16 ст. У Расіі наз. пішчалямі, штуцэрамі, з 1856 — вінтоўкамі. У 1868 прынята на ўзбраенне вінтоўка пад метал. патрон — бярданка, у 1891 — трохлінейная (г. зн. калібру 7,62 мм) магазінная (на 5 патронаў) вінтоўка С.І.Мосіна (з нязначнымі мадэрнізацыямі была на ўзбраенні больш за 60 гадоў). Яе скарастрэльнасць 10—12 стрэлаў за мінуту, прыцэльная далёкасць да 2 км. У 1907 на яе аснове створаны карабін. Пасля 2-й сусв.вайны выкарыстоўваюцца пераважна аўтам. вінтоўкі (з ёмістасцю магазіна да 50 патронаў, скарастрэльнасцю да 200 стрэлаў за мінуту, прыцэльнай далёкасцю да 500 м), карабіны (у т. л. самазарадныя), снайперскія вінтоўкі (з аптычнымі і начнымі прыцэламі). Сучасныя вінтоўкі звычайна маюць штык і прыстасаванні для стральбы (да 500 м) вінтовачнымі гранатамі. Пашыраны таксама спарт. вінтоўкі.
Аўтаматычныя вінтоўкі: 1 — M16A1 (ЗША); 2 — FA MAS (Францыя); 3 — FN (Бельгія).
рускі дзярж. дзеяч. Граф (1905), ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1893). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1870). У лют.—жн. 1892 міністр шляхоў зносін, у 1892—1903 міністр фінансаў. Пры Вітэ значна вырас уплыў дзяржавы на эканоміку (падтрымка асобных груп прадпрымальнікаў, некаторых галін прам-сці — горназдабыўной і металургічнай, вінакурэння, чыг.буд-ва і інш.). Гал. мерапрыемствы Вітэ — вінная манаполія (1894), грашовая рэформа (1897), рус.-кіт. дагавор аб буд-ве і эксплуатацыі Кіт.-Усх. чыгункі (1896), рэформа гандл.-прамысл. падаткаабкладання (1898), спроба рэфармаваць гандл.-прамысл. заканадаўства. Са жн. 1903 старшыня Кабінета міністраў. У час рус.-яп.вайны 1904—05 у неспрыяльных міжнар. абставінах дамогся заключэння Портсмуцкага мірнага дагавора з Японіяй (1905). У час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі пад кіраўніцтвам Вітэ складзены Маніфест 17 кастрычніка 1905, адначасова апублікаваны яго даклад з праграмай рэформаў. Узначальваў (да Крас. 1906) рэфармаваны Савет міністраў. Аўтар мемуараў, якія змяшчаюць багаты фактычны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ НАСТА́ЎНІЦКІ ІНСТЫТУ́Т,
1) спецыяльная навуч. ўстанова ў Віцебску ў 1910—18. Рыхтаваў настаўнікаў для няпоўнай сярэдняй школы. Прымаліся асобы мужчынскага полу правасл. веравызнання, якія скончылі настаўніцкую семінарыю і мелі 2-гадовы пед. стаж. Тэрмін навучання 3 гады. Выкладаліся агульнаадук. прадметы, педагогіка, псіхалогія, школазнаўства, методыка выкладання мовы, матэматыкі, прыродазнаўства. Меў б-ку (каля 3 тыс. тамоў). Пры ін-це былі вышэйшае пач. вучылішча, дзе студэнты праходзілі практыку, курсы ручной працы, фізвыхавання, чыстапісання, рус. мовы і інш.Ін-т зрабіў 5 выпускаў, падрыхтаваў каля 150 настаўнікаў. Пераўтвораны ў Віцебскі пед.ін-т (гл.Віцебскі універсітэт).
2) Навуч. ўстанова пры Віцебскім пед. ін-це для падрыхтоўкі настаўнікаў 7-гадовай школы. Існаваў у Віцебску ў 1935—55 (у перыяд Вял.Айч.вайны не працаваў). Тэрмін навучання 2 гады. Прымаліся асобы з сярэдняй агульнай або пед. адукацыяй. Напачатку дзейнічала толькі гіст. аддзяленне, якое ў 1937 пераўтворана ў гіст.-філал. і адкрыты фізіка-матэм. і прыродазнаўча-геагр. аддзяленні. Ін-т падрыхтаваў больш за 2 тыс. выкладчыкаў. Аб’яднаны з Віцебскім пед. ін-там.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЬБІЧ (Юрка) (сапр.Шчарбакоў Георгій; 15.6.1905, г. Веліж Смаленскай вобл. — 4.1.1975),
бел. пісьменнік і культ. дзеяч. У 1922—33 працаваў у Маскве на хім. заводзе. Пераехаў на Беларусь, удзельнічаў у напісанні гісторыі віцебскіх, гомельскіх і барысаўскіх фабрык. Быў удзельнікам Віцебскай, Гомельскай, Беластоцкай экспедыцый, узначальваў Аршанскую экспедыцыю па даследаванні, уліку і ахове помнікаў гісторыі, архітэктуры і мастацтва. У час Вял.Айч.вайны супрацоўнічаў з фашыстамі, быў членам т.зв.Цэнтр. ўрада бел.культ. згуртавання. З 1944 у Германіі, у 1946 стварыў бел.літ. згуртаванне і час. «Шыпшына», арганізаваў выданне час. праваслаўных беларусаў «Звіняць званы св. Сафіі». Пасля пераехаў у ЗША. Друкаваўся з 1929 у час. «Узвышша». Першая кн. прозы «Смерць Ірмы Лаймінг» (1932). У 1937 выдаў кн. «Формула супраціўлення касцей», у 1944 у Берліне — зб. публіцыстыкі «Веліжскія паўстанцы» і «Нацыянальныя святыні». Аўтар кн. «Плыве з-пад Святое гары Нёман» (ч. І, Мюнхен, 1956), «Мы дойдзем» (Нью-Йорк, 1974, на рус. мове). Пакінуў успаміны пра бел. пісьменнікаў.
Тв.:
Плыве з-пад Святое гары Нёман: Рэпр. выд.Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КА-ТЫ́РНАВА,
горад на Пн Балгарыі, на р. Янтра. 65 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і аўтадарог. Машынабудаванне (вытв-сць электрарухавікоў, электратэльфераў, радыётэхнікі і інш.), тэкст., хім., дрэваапр., харчасмакавая прам-сць. Ун-т «Кірыла і Мяфодзій». Арх. музей. У горадзе — рэшткі сярэдневяковых умацаванняў, палаца; цэрквы (12—19 ст.), манастыры ў стылі Балгарскага Адраджэння. Горад-запаведнік. Турызм.
Вядома як вял. паселішча ў 11—12 ст. пад назвай Тырнаўград, пазней — Тырнава (да 1965). У 1185 упамінаецца як цэнтр паўстання балгараў супраць візант. панавання. У 1187—1393 сталіца Другога Балг. царства, рэзідэнцыя балг. архіепіскапа (з 1235 — патрыярха). У 1393 захоплены і разрабаваны туркамі. З 16 ст. развіваецца як цэнтр рамеснай вытв-сці. У 1598 і 1686 — цэнтр антытур. паўстанняў. У 1767 скасавана тырнаўская патрыярхія. У 1869 В.Леўскі ў Вяліка-Тырнаве стварыў рэв.к-т. У час падрыхтоўкі Красавіцкага паўстання 1876 Вяліка-Тырнава — цэнтр 1-й рэв. акругі. Вызвалены рус. войскамі ў 1877 у ходзе руска-тур.вайны 1877—78. У лют.—крас. 1879 тут працаваў Устаноўчы сход, які прыняў Тырнаўскую канстытуцыю 1879. 5.10.1908 у Вяліка-Тырнаве абвешчана незалежнасць Балгарыі.