«ГАРАДЗІ́ШЧА»
(«Horodyszcze»; з 1939 «Бабруйск»),
рачны манітор, які вызначыўся ў абарончых баях на Беларусі і Украіне летам 1941 у Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1920 у Гданьску пад назвай «Гарадзішча», прайшоў некалькі мадэрнізацый, уваходзіў у склад Віслінскай (1920—26) і Пінскай (1926—39) флатылій ВМФ Польшчы. Затоплены камандай у час паходу часцей Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь (1939). Пасля падняцця з дна Прыпяці сав. маракамі ўключаны ў склад Дняпроўскай ваен. флатыліі (1939—40), перайменаваны 24.10.1939 у «Бабруйск», затым у Пінскай ваен. флатыліі (1940—41). Меў на ўзбраенні 3 гарматы і 4 кулямёты, экіпаж каля 40 чал. У пач. вайны вёў баі на Прыпяці (у Давыд-Гарадку ноччу 11—12.7.1941 знішчыў да 200 ням.-фаш. салдат і афіцэраў, больш за 50 аўтамашын, 4 гарматы) і Дняпры (Кіеўскі напрамак). 31.8.1941 патануў. Падняты 12.6.1944. Далейшы лёс карабля невядомы.
Р.К.Паўловіч.
т. 5, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)