ВЕНГЕ́РКА
(Węgierko) Аляксандр (17.7.1893, Варшава — 1941),
польскі акцёр, рэжысёр, педагог. Вучыўся ў школе пры Варшаўскіх тэатрах. Акцёрскую дзейнасць пачаў у Вільні (1912), потым выступаў у т-рах Варшавы, Кракава і Лодзі. Выкладаў у Варшаве на драм. аддзяленні кансерваторыі (1924—25), у Ін-це тэатр. мастацтва (1932—39). У пач. 2-й сусв. вайны эмігрыраваў у СССР. Заснавальнік і маст. кіраўнік (1939—41) Дзяржаўнага польскага тэатра БССР. Пастаўленыя ім спектаклі «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Мараль пані Дульскай» Г.Запольскай, «Пажыццёвае» А.Фрэдры, «Пігмаліён» Б.Шоу (і выканаў ролю Прафесара Хігінса; усе 1940), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (і роля Фігаро; 1941) і інш. вызначаліся арыгінальнай рэжысёрскай інтэрпрэтацыяй, яркай эмацыянальнасцю, глыбокай псіхал. распрацоўкай характараў, тонкім адчуваннем стылістыкі твора. У 1941 у Брэсце арыштаваны гестапа, загінуў. Яго імем названы драм. т-р у Беластоку (Польшча).
т. 4, с. 71
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)