ГРАМАТЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,

1) аспектны даведнік, асноўнай мэтай якога з’яўляецца апісанне граматычных (фармальных і зместавых) уласцівасцей рознаўзроўневых моўных адзінак. Падзяляюцца на наступныя тыпы. Марфемныя слоўнікі падаюць марфемную будову слоў («Марфемны слоўнік беларускай мовы» А.​М.​Бардовіча, Л.​М.​Шакуна, 2 выд., Мн., 1989); змяшчаюць вычарпальны пералік марфем, уласцівых пэўнай мове («Слоўнік марфем рускай мовы» А.​І.​Кузняцовай, Т.​Ф.​Яфрэмавай, М., 1986); адлюстроўваюць прадуктыўнасць (частотнасць) марфем і іх спалучальнасць («Марфемная дыстрыбуцыя ў беларускай мове: Дзеяслоў» В.​У.​Мартынава, П.​П.​Шубы, М.​І.​Ярмаш, Мн., 1967). Лексічныя даведнікі граматычнага характару апісваюць словы пэўных часцін мовы з паказам семантычных і грамат. адносін паміж рознымі формамі аднаго і таго ж рэестравага слова («Рускі дзеяслоў і яго дзеепрыметныя формы: Тлумачальна-граматычны слоўнік» І.​К.​Сазонавай, М., 1989); тлумачаць словы службовых часцін мовы шляхам падачы да кожнага рэестравага слова пераліку агульных семантыка-сінтаксічных функцый, якія выконваюцца гэтым словам у сказе («Тлумачальны слоўнік беларускіх прыназоўнікаў» П.​П.​Шубы, Мн., 1993). Сінтаксічныя слоўнікі змяшчаюць пералік сінтаксем пэўнай мовы з тэкставымі ілюстрацыямі да іх («Сінтаксічны слоўнік: Рэпертуар элементарных адзінак рускага сінтаксісу» Г.​А.​Золатавай, М., 1988). Стылістычныя даведнікі граматычнага характару падаюць пералік і частотнасць грамат. варыянтаў слоў і словазлучэнняў («Граматычная правільнасць рускага маўлення. Спроба частотна-стылістычнага слоўніка варыянтаў» Л.​К.​Граўдзінай, В.​А.​Іцковіча, Л.​П.​Катлінскай, М., 1976); тлумачаць і ілюструюць прыкладамі з тэкстаў адрозненні паміж варыянтнымі сінтаксічнымі канструкцыямі з аднолькавым апорным словам («Кіраванне ў беларускай і рускай мовах: Слоўнік-даведнік» Г.​У.​Арашонкавай, В.​П.​Лемцюговай, Мн., 1991). Граматычны слоўнік ўсіх тыпаў падаюць рэестравыя адзінкі ў прамым алфавітным парадку.

2) Аспектны даведнік па словазмяненні пэўнай мовы, у якім рэестравыя словы падаюцца ў адваротным алфавітным парадку (гл. Адваротны слоўнік), што дазваляе змяшчаць побач вял. масівы слоў з аднолькавым ці падобным тыпам словазмянення; да кожнага рэестравага слова змяшчаецца поўны набор звестак аб словазмяняльных формах («Граматычны слоўнік рускай мовы. Словазмяненне» А.​А.​Залізняка, 3 выд., М., 1987).

В.​К.​Шчэрбін.

т. 5, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРМЕ́ДЫЯ (ад лац. intermedius тое, што пасярэдзіне, прамежкавы),

1) у літаратуры, тэатральным і музычным мастацтве — кароткая п’еса або сцэнка (пантаміма, танец, муз. ці інстр. твор), часцей камедыйнага характару, што выконваецца паміж дзеямі драм. або муз. спектакля.

Узнікла ў 15 ст. ў паказах містэрый. Была пашырана ў камедыі дэль артэ, школьнай драме і інш. У эпоху Адраджэння — самаст. жанр нар. т-ра. У 17—18 ст. ў Італіі І. — маленькія оперы, якія перамяжоўвалі дзеянні опер-серыя. У Расіі ў 19—20 ст. ператварылася ў самаст. сцэнкі са спевамі і танцамі.

На Беларусі І. існавалі з канца 16 ст. як устаўкі ў школьныя драмы, напісаныя на лац., радзей на польск. і стараслав. мовах (І. да п’есы «Цімон Гардзілюд» віленскага езуіта К.​Пянткоўскага, 1584; 1. «Чорт Асмалейка», 1-я пал. 17 ст.). Вядомы дыялогі да «Камедыі пра Якуба і Іосіфа, патрыярхаў» гродзенскага езуіта Я.​Пылінскага (1651), камедыйныя сцэнкі да польскіх драм з рукапіснага «Аршанскага кодэкса» (каля 1693; ставіліся ў Полацку, Оршы, Навагрудку, Віцебску), І. 18 ст., якія ўключаліся ў «Дэкламацыю» М.​Базілевіча, у п’есы «Камічнае дзеянне» М.​Даўгалеўскага (1736) і «Уваскрэсенне мёртвых...» Г.​Каніскага (1747). З часоў барока захавалася больш за 20 бел. І., змест якіх звычайна складалі забаўныя анекдоты, гісторыі, апавяданні. Сцэнкі «Селянін і вучань», «Літаратар, селянін, Самахвальскі» і інш. ўключаны ў ковенскі школьны зборнік 1730-х г. Інтэрмедыйная аснова адчуваецца ў «Камедыі» К.​Марашэўскага (паст. 1787) і оперы «Агатка» Я.​Д.​Голанда (паст. 1784). Асобныя эпізоды з І. выкарыстаны ў драмах «Машэка» і «Каваль-ваявода» Е.​Міровіча, камедыі «Несцерка» В.​Вольскага. У нар. т-ры І. складалі 2-ю частку паказаў батлейкі («Мацей і доктар», «Антон з казой і Антоніха» і інш.) і нар. драмы. Часам паказы батлейкі цалкам складаліся з І.

2) У музыцы — эпізод паміж рознымі правядзеннямі тэмы ў фузе, наз. таксама інтэрлюдыяй.

Літ.:

Барышев Г.И. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 162—174;

Усікаў Я. Беларуская камедыя. Мн., 1979.

А.​К.​Саннікаў, А.​А.​Семяновіч.

т. 7, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАЛЬЯ́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,

войны паміж Францыяй і манархіяй Габсбургаў у 1494—1559 (з перапынкамі) за панаванне ў Італіі, адзін з этапаў барацьбы Францыі і Іспаніі за лідэрства ў Еўропе. Удзельнічалі таксама «Свяшчэнная Рым. імперыя», папская дзяржава, Венецыянская рэспубліка і інш. Выкліканы імкненнем Францыі вярнуць т.зв. «Анжуйскую спадчыну» — Неапалітанскае каралеўства (да 1442 належала Анжуйскай дынастыі). У жн. 1494 — лют. 1495 франц. армія на чале з каралём Карлам VIII уварвалася ў Італію, заняла Рым і Неапаль, аднак пасля паражэння ў бітве каля Фарнова (6.7.1495) ад войск «Святой лігі» («Свяшчэнная Рым. імперыя», Іспанія, рым. папа Аляксандр VI, Міланскае герцагства) у кастр. 1495 ч. арміі адступіла ў Францыю; у 1496 французы капітулявалі ў Неапалітанскім каралеўстве. У 1499—1500 пераемнік Карла Людовік XII авалодаў Міланам і ўсёй Ламбардыяй. У 1501—02 Францыя і Іспанія падзялілі Неапалітанскае каралеўства, аднак у выніку вайны 1503—04 Францыю вымусілі адмовіцца ад прэтэнзій на яго тэрыторыю. Пасля разгрому Камбрэйскай лігай (засн. ў 1508 папскай дзяржавай, Францыяй, Іспаніяй і «Свяшчэннай Рым. імперыяй») войск Венецыі каля Аньядэла (14.5.1508) апошняя страціла ч. сваіх зямель. У сувязі з узмацненнем пазіцый Францыі на ПнЗ Італіі ў 1511 па ініцыятыве рым. папы Юлія II створана антыфранц. Свяцейшая ліга (папства, Іспанія, Англія, Венецыя, швейц. кантоны). У бітве пры Равене 11.4.1512 французы разбілі войскі лігі, але нац.-вызв. паўстанні ў Генуі і гарадах Ламбардыі прымусілі іх да канца 1512 пакінуць Міланскае герцагства. Пасля заключэння франц. каралём Францыскам I саюза з Венецыяй французы разбілі 13—14.9.1515 каля Марыньяна швейц. наёмнікаў міланскага герцага і замацаваліся на тэр. герцагства; Венецыя вярнула страчаныя землі. У 1521—59 адбывалася барацьба паміж Францыяй і Іспаніяй (кароль Карл I, з 1519 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі») у Паўн. Італіі. Баявыя дзеянні праходзілі пры агульнай перавазе іспанцаў (разгром французаў 24.2.1525 каля Павіі, 26.6.1529 каля Ландрыяна і інш.). Паводле Като-Камбрэзійскага мірнага дагавора (3.4.1559) Францыя адмовілася ад прэтэнзій на тэр. Італіі, б.ч. якой трапіла пад уладу Іспаніі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНВЕРГЕ́НЦЫІ ТЭО́РЫЯ,

1) тэорыі аб паступовым збліжэнні розных сац.-паліт. сістэм на аснове паглыблення ўзаемасувязі, узаемадзеяння і ўзаемаўплыву паміж імі. Бярэ пачатак у канцэпцыі «стадый эканамічнага росту» амер. сацыёлага У.​Ростаў, паводле якой капіталізм і сацыялізм — гэта толькі розныя варыянты «адзінага індустрыяльнага грамадства», а яго структура не залежыць ад характару форм уласнасці і грамадскіх адносін. Розныя аспекты К.т. распрацоўвалі Дж.​Голбрэйт, П.​Сарокін (ЗША), Р.​Арон, Ж.​Фурасцье, Ф.​Перу (Францыя), Я.​Тынберген (Нідэрланды), Х.​Шэльскі, О.​Флехтхейм (ФРГ), А.​Дз.​Сахараў (СССР) і інш. Яны зыходзілі з таго, што аб’ектыўныя працэсы развіцця НТР і інтэрнацыяналізацыі эканам., паліт. і культ. дзейнасці, неабходнасць сумеснага вырашэння глабальных праблем чалавецтва непазбежна прывядуць да ўзнікнення новага змешанага грамадства, якое будзе спалучаць рысы і ўласцівасці капіталізму і сацыялізму. Паводле К.т., сустрэчнае збліжэнне гэтых дзвюх сусв. сістэм, прызнанне прыярытэту агульначалавечых каштоўнасцей і інтарэсаў з’яўляюцца адзіным шляхам спынення тэрмаядзернай і экалагічнай гібелі чалавецтва, пераадолення голаду, галечы і беднасці ў розных рэгіёнах Зямлі. У 1970-я г. ў рамках К.т. распрацавана канцэпцыя «асіміляцыі» капіталізмам сацыяліст. ладу шляхам яго лібералізацыі, плюралізму і г.д. (З.​Бжэзінскі, Р.​Хантынгтан, К.​Менерт, Э.​Гелнер). Атрымала пашырэнне таксама канцэпцыя т.зв. «негатыўнай канвергенцыі», у адпаведнасці з якой процілеглыя сац.-паліт. сістэмы засвойваюць адна ў адной больш адмоўнага, чым станоўчага, што вядзе да крызісу сучаснай цывілізацыі як цэлага (Р.​Хейлбранер, Г.​Маркузе, Ю.​Хабермас і інш.). Ідэя канвергенцыі застаецца актуальнай і ў канцы 20 ст.. калі размежаванне паміж краінамі капіталізму і постсацыялізму праходзіць не па лініі паліт. ўладкавання, а па лініі ўзроўню развіцця. Асн. элементамі сучаснай канвергенцыі прынята лічыць станаўленне рыначнай эканомікі, прававой дзяржавы, развіццё грамадзянскай супольнасці, міждзяржаўнай інтэграцыі і супрацоўніцтва, прызнанне суверэннага права народаў самім вызначаць свой лёс.

2) Тэорыя псіхал. развіцця дзіцяці, распрацаваная ў пач. 20 ст. ням. псіхолагам В.​Штэрнам. Засноўвалася на тым, што псіхал. развіццё дзіцяці вызначаецца канвергенцыяй унутраных (фактар спадчыннасці) і знешніх (навакольнае асяроддзе) умоў пры дамінуючай ролі фактару спадчыннасці.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 7, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ГІКА ДЫЯЛЕКТЫ́ЧНАЯ,

навука аб агульных законах і формах адлюстравання ў мысленні аб’ектыўнага свету, аб шляхах развіцця, метадалогіі і метадах пазнання, аб узаемасувязі філас. катэгорый у адзінай сістэме. Разам з тэорыяй пазнання Л.д. ўваходзіць у склад дыялектыкі. У адрозненне ад фармальнай логікі, якая даследуе мысленне ў яго адносна ўстойлівых, інварыянтных структурах, фармулюе пэўныя пачаткі і правілы адносна забеспячэння неабходных навук. падстаў і культуры мыслення, Л.д. разглядае спецыфічныя пазнавальныя катэгорыі, прынцыпы і працэдуры (пераходы ад аднаго ўзроўню пазнання або сістэмы ведаў да іншых, больш высокіх, спосабы абагульнення, аналіз і сінтэз, індукцыя і дэдукцыя). У якасці логікі мыслення Л.д. можна разглядаць як дыялектыку форм мыслення (паняццяў і г.д.), або суб’ектыўную дыялектыку.

Л.д. ўзнікла разам з дыялектыкай і распрацоўвалася філосафамі Стараж. Грэцыі Платонам, Гераклітам, Арыстоцелем і інш. У новыя часы значны ўклад у яе развіццё зрабілі Г.​Гегель, К.​Маркс і Ф.​Энгельс, якія ўзнялі Л.д. на ўзровень асобнай філас. навукі. Паводле Гегеля, Л.д. разглядае лагічныя формы не ў застылым стане, а ва ўзаемнай сувязі і развіцці, напаўняе іх пэўным зместам, які вызначаецца істотнымі адносінамі паміж самімі рэчамі як канчатковымі вынікамі творчага мыслення. У разуменні сэнсу і характару Л.д. важная роля належыць пытанню пра адносіны паміж законамі развіцця з’яў аб’ектыўнай рэчаіснасці і законамі чалавечага мыслення, якія з’яўляюцца аб’ектам вывучэння з боку Л.д. і выкладаюцца ў лагічных катэгорыях. Адны філосафы лічаць, што мысленне, яго законы і логіка маюць цалкам самаст. значэнне і не залежаць ад уплыву якіх-н. фактараў, што існуюць па-за межамі самога мысліцельнага працэсу. Прадстаўнікі марксісцкай філас. думкі сцвярджаюць, што законы і катэгорыі Л.д. не зводзяцца да суб’ектыўных рыс, а паводле свайго гал. зместу з’яўляюцца адлюстраваннем законаў развіцця аб’ектыўнай рэчаіснасці і, т.ч., супадаюць з гэтымі законамі. Згодна з такой канцэпцыяй Л.д. як суб’ектыўная дыялектыка выражае аб’ектыўную дыялектыку, яе законы і прынцыпы.

Літ.:

Малинин В.А. Диалектика Гегеля и антигегельянство. М., 1983;

Ильенков Э.В. Диалектическая логика: Очерки истории и теории. 2 изд. М., 1984;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

В.​І.​Боўш.

т. 9, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБРУ́ДЖВАННЕ ВОД,

працэс змены складу і ўласцівасцей вады, абумоўлены паступленнем у водныя аб’екты забруджвальнікаў, якія робяць воды непрыдатнымі для водакарыстання, пагаршаюць умовы пражывання жывых арганізмаў. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.в. і забруджванне антрапагеннае. Прыроднае З.в. выклікаецца паводкамі, размывам берагоў, забруджанымі атм. ападкамі, рэчывамі, што вымываюцца з глебы. Некат. газападобныя рэчывы выкідваюцца ў атмасферу, а потым з ападкамі трапляюць у водныя аб’екты. Антрапагеннае З.в. абумоўлена паступленнем у вадаёмы прадуктаў, што выкідваюцца ў асяроддзе ў выніку бытавой, с.-г., прамысл. і інш. гасп. дзейнасці чалавека. Асн. крыніцы такога З.в.: воды сцёкавыя шахтаў, руднікоў, нафтапромыслаў, адходы хім. прам-сці, драўніны пры яе нарыхтоўцы, апрацоўцы і сплаве, апрацоўкі некат. с.-г. тэхн. культур, скіды воднага і чыг. транспарту і інш. Вылучаюць З.в. біял. (мікраарганізмы і здольныя да браджэння арган. рэчывы), хім. (таксічныя або рэчывы, якія змяняюць склад воднага асяроддзя), фіз. (награванне, радыеактыўнасць і інш.).

Першасныя змены З.в. узнікаюць ад непасрэднага ўздзеяння забруджвальнікаў на водныя аб’екты і ўплываюць на фіз.-хім. і біял. якасці вады, яе склад, т-ру, газавы рэжым і інш. ўмовы пражывання гідрабіёнтаў. У выніку другасных змен (пры ўзаемадзеянні забруджвальных рэчываў паміж сабой, з вадой ці інш. прыроднымі рэчывамі) утвараюцца новыя рэчывы, якія адмоўна ўплываюць на водныя арганізмы, узмацняюць або аслабляюць працяканне біяхім. працэсаў, змяняюць працэсы самаачышчэння і мінералізацыі вады і інш. Вынік — пагаршэнне гідрахім. рэжыму і ўмоў пражывання водных арганізмаў, немагчымасць выкарыстання вады для пітных, культурна-бытавых мэт, тэхн. водазабеспячэння. Трацічныя змены парушаюць складаны комплекс узаемасувязей гідрабіёнтаў з навакольным асяроддзем і ўзаемаадносіны паміж арганізмамі вадаёма, агульны жыццёвы цыкл іх развіцця. Назіраецца распад біяцэнозаў, паніжаецца біял. прадукцыйнасць вадаёмаў, знішчаюцца рыбныя запасы. Штогадовы знос з сушы ў воднае асяроддзе рэчываў пад уздзеяннем антрапагенных фактараў ацэньваецца ў 50 млрд. т.

На Беларусі ў рэкі скідваецца некалькі кубічных кіламетраў сцёкаў за год (найб. аб’ём забруджвальнікаў даюць нафтахім. і харч. прам-сць, электраэнергетыка), што вядзе да забруджвання вод нітратамі, засалення адходамі калійнай вытв-сці. Найб. аб’ёмы сцёкаў паступаюць у бас. рэк Зах. Дзвіна і Бярэзіна (бас. Дняпра). Гал. задача аховы водаў — папярэджанне З.>в. і ліквідацыя яго крыніц.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 6, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУКЛЕІ́НАВЫЯ КІСЛО́ТЫ, полінуклеатыды,

біяпалімеры, якія маюць у сабе фосфар і універсальна распаўсюджаны ў жывой прыродзе. Адкрыты швейц. біяхімікам І.​Ф.​Мішэрам (1868) у клетках, багатых ядзерным матэрыялам (напр., лейкацыты, сперматазоіды ласося). Лінейныя малекулы Н.к. утвораны нуклеатыдамі, а эфірныя сувязі паміж вугляводам аднаго нуклеатыду і фасфатам другога ўтвараюць іх вугляводна-фасфатны шкілет. Высокапалімерныя ланцугі Н.к. маюць ад некалькіх дзесяткаў да сотняў млн. нуклеатыдных астаткаў, іх малекулярная маса 10​5—10​10. Звычайна Н.к. маюць астаткі дэзоксі- або рыбануклеатыдаў у якасці манамераў. У адпаведнасці з гэтым адрозніваюць дэзоксірыбануклеінавыя кіслоты (ДНК) і рыбануклеінавыя кіслоты (РНК). Малекулы ДНК маюць 2 ланцужкі, РНК пераважна адналанцужковыя. Першасная структура Н.к. — паслядоўнасць нуклеатыдаў у неразгалінаваным полінуклеатыдным ланцужку. Спецыфічная паслядоўнасць азоцістых асноў функцыянальна значная і унікальная для кожнай Н.к., абумоўлівае вял. разнастайнасць індывід. малекул ДНК і РНК і адначасова — відавую спецыфічнасць (Н.к. кожнага віду маюць пэўны нуклеатыдны склад). Другасная структура Н.к. — прасторавае размяшчэнне нуклеатыдных звёнаў — узнікае ў выніку міжплоскасных узаемадзеянняў суседніх асноў і ў выпадку т.зв. камплементарнага спарвання вадародных сувязяў паміж процілеглымі асновамі ў паралельных ланцугах. Адрозненні ў структуры манамерных звёнаў вызначаюць розныя хім. ўласцівасці і макрамалекулярную (прасторавую) структуру абодвух тыпаў палімераў. У склад клетачных арганізмаў уваходзяць ДНК і РНК, вірусы маюць Н.к. аднаго тыпу. Біял. роля Н.к. заключаецца ў захаванні, рэалізацыі і перадачы спадчыннай інфармацыі, якая «запісана» ў паслядоўнасці нуклеатыдаў (генетычны код). Структурныя кампаненты Н.к. выконваюць функцыі каферментаў, уваходзяць у іх склад, прымаюць удзел у абмене рэчываў, акумуляванні, пераносе і трансфармацыі энергіі. Параўнальны аналіз Н.к. у розных групах арганізмаў выкарыстоўваецца ў даследаваннях па сістэматыцы і эвалюцыі (ступень падабенства ў будове Н.к. вызначае ўзровень філагенетычнай блізкасці арганізмаў). Вывучае Н.к. малекулярная генетыка і малекулярная біялогія.

Літ.:

Шабарова З.А., Богданов А.А. Химия нуклеиновых кислот и их компонентов. М., 1978;

Ленинджер А. Биохимия: Пер. с англ. М., 1976;

Уотсон Дж., Туз Дж., Курц Д. Рекомбинантные ДНК: Пер. с англ. М., 1986;

Зенгер В. Принципы структурной организации нуклеиновых кислот: Пер. с англ. М., 1987.

С.​С.​Ермакова.

т. 11, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНАЕ МОВАЗНА́ЎСТВА, кампаратывістыка,

галіна мовазнаўства, якая даследуе генетычныя сувязі моў, апісвае моўную роднасць у яе эвалюцыі ў часе і прасторы, вывучае асобную мову (або групу моў) у яе развіцці на падставе параўнання з адпаведнымі фактамі іншых моў. Узнікла ў 19 ст., калі младаграматыкі (гл. Младаграматызм) стварылі ўласную канцэпцыю моўнай эвалюцыі і сфармулявалі ідэі фанет. законаў, змяненняў па аналогіі, адноснай храналогіі і інш. Да прыёмаў даследавання П.-г. м. адносяцца: вызначэнне генет. прыналежнасці пэўных фактаў; фармуляванне правіл суадпаведнасці паміж моўнымі структурамі ў сферы фанетыкі, марфалогіі, а таксама (у меншай ступені) сінтаксісу і семантыкі; мадэляванне архетыпаў — зыходных форм прамовы; стварэнне моўнай храналогіі; рэканструкцыя першасных і другасных станаў сістэмы мовы і інш. П.-г. м. дазваляе пайсці ў глыб гісторыі мовы за межы самых стараж. тэкстаў шляхам высвятлення асобных з’яў і фактаў пэўнай мовы з дапамогай фактаў роднаснай мовы, гісторыя якой прасочваецца з больш стараж. часоў (напр., у адносінах да бел. мовы такімі мовамі з’яўляюцца старажытнаруская мова і стараславянская мова). Дае магчымасць высветліць ступень роднасці паміж мовамі адной моўнай сям’і і ўдакладніць генеалагічную класіфікацыю моў. Мае лінгвадыдактычную накіраванасць, бо дазваляе ствараць т.зв параўнальна-гіст. граматыкі (гл. Параўнальная граматыка). Грунтуецца на прынцыпе параўнання моў, што звязвае яго з апісальным і агульным мовазнаўствам і прынцыпе гістарызму, што збліжае яго з гіст. лінгвістыкай і сацыялінгвістыкай. Выкарыстанне створанага ў яго межах параўнальна-гістарычнага метаду даследавання моўных з’яў дало магчымасць дасягнуць значных навук. вынікаў у параўн.-гіст. граматыцы індаеўрап., алтайскіх, фіна-угорскіх, семіцкіх, дравідыйскіх, кіт.-тыбецкіх і інш. моўных сем’яў, а таксама стварыць асновы граматыкі настратычных моў. На Беларусі даследаванні ў галіне П.-г. м. вяліся і вядуцца Т.​С.​Глушак, Р.​М.​Казловай, Р.​В.​Краўчуком, В.​У.​Мартынавым, А.​Я.​Супруном і інш. Выдаецца шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93).

Літ.:

Мейе А. Сравнительный метод в историческом языкознании: Пер. с фр. М., 1954;

Семереньи О. Введение в сравнительное языкознание: Пер. с нем. М., 1980;

Десницкая А.В. Сравнительное языкознание и история языков. Л., 1984.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,

шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.

Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 т («Сатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.

Літ.:

Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;

Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.

У.​С.​Ларыёнаў.

Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.

т. 13, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),

крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).

Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)