ТРАНЗІ́СТАР [англ. transistor ад tran(sfer) пераносіць + (re)sistor супраціўленне],
паўправадніковая прылада для ўзмацнення, генерацыі і пераўтварэння эл. ваганняў; асн. элемент мікраэлектроннай апаратуры (гл.Мікраэлектроніка). Асн. класы Т. — уніпалярныя і біпалярныя.
Уніпалярныя (палявыя, ці канальныя) Т. створаны ў 1950—70-я г. на аснове работ амер. вучоных У.Шоклі, С.Міда, Д.Канга і інш. і ўяўляюць сабой паўправадніковы крышталь, размешчаны паміж 2 амічнымі кантактамі (сцёкам і вытокам), эл. ток паміж якімі абумоўлены носьбітамі зараду аднаго знака (электронамі ці дзіркамі) і змяняецца пад уздзеяннем папярочнага эл. поля ўваходнага сігналу. Біпалярныя Т. вынайдзены амер. вучонымі У.Шоклі, У.Братэйнам і Дж.Бардзіным (1948). Эл. ток у іх абумоўлены носьбітамі зарадаў абодвух знакаў (электронамі і дзіркамі). Такі Т. уяўляе сабой крышталь паўправадніка, дзе створаны 3 вобласці з п- і р-тыпам праводнасці, да якіх падведзены метал. вывады. У залежнасці ад парадку чаргавання гэтых абласцей адрозніваюць Т. n-p-n- і p-n-p-тыпаў. Сярэдняя тонкая вобласць (база) аддзелена ад астатніх (калектара і эмітэра) электронна-дзірачнымі пераходамі. Уваходны сігнал падаецца на базу і выклікае перанос неасноўных носьбітаў зараду ад эмітэра да калектара. Таксама Т. часта наз. партатыўныя радыёвяшчальныя прыёмнікі на паўправадніковых прыладах.
Схема транзістара: а — біпалярнага (1 — эмітэр; 2 — база; 3 — калектар; 4 — вобласць прасторавага зараду); б — уніпалярнага з кантактам метал — паўправаднік (1 — выток; 2 — затвор; 3 — сцёк; 4 — вобласць прасторавага зараду; 5 — вобласць канала; 6 — высакаомны паўправаднік); в — уніпалярнага з ізаляваным затворам (1 — выток; 2 — затвор; 3 — сцёк; 4 — ізалятар; 5 — вобласць прасторавага зараду; 6 — вобласць канала).