ГАРАВЫ́Я,
гарадзішча днепра-дзвінскай культуры і курганны могільнік полацкіх крывічоў каля в. Гаравыя Полацкага р-на Віцебскай вобл. На гарадзішчы выяўлены рэшткі доўгіх жытлаў слупавой канструкцыі, каменнае агнішча; сярод знаходак ляпны гліняны посуд, жал. прылады працы, косці жывёл. На могільніку было 38 круглых і падоўжаных у плане насыпаў; пахавальны абрад — трупаспаленне; пахавальны інвентар (шкляныя пацеркі, бронз. ўпрыгожанні, ляпныя гаршкі) выяўлены толькі ў 3 курганах.
т. 5, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭХ,
у рэлігійнай этыцы маральнае зло, якое заключаецца ў парушэнні дзеяннем, словам ці думкай волі Бога. Да граху адносяць невыкананне пэўных рэліг.-царк. нормаў, устаноўленых асобна кожнай канфесіяй. Тэалогія вылучае першародны грэх першых людзей, вынікі якога наследуюць нашчадкі. Сутнасцю праваслаўнага вучэння пра грэх з’яўляецца збавенне, якое магчыма толькі верай і справамі. Лічыцца, што без веры ў Бога, без хрысц. зносін, без хрышчэння нельга заслужыць даравання.
т. 5, с. 496
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАГРАФІ́ЗМ (ад дэрма + грэч. graphō пішу),
змена афарбоўкі скуры пры мех. яе раздражненні. Адрозніваюць Д. белы (палосы пры раздражненні белага колеру), узвышаны (палосы чырв. колеру, узвышаныя над скурай і доўга не знікаюць), чырвоны (палосы чырв. ці ружовага колеру), разліты (палосы выходзяць за межы ўчастка, які раздражнялі), рэфлектарны (шырокая паласа з чырв. і белых плям), уртыкальны (на месцы раздражнення пухіры), мясцовы (толькі месца штрыхавога раздражнення). Мае дыягнастычнае значэнне.
т. 6, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕФО́Н (грэч. Manethon; 2-я пал. 4 ст. да н.э., г. Самануд, Егіпет — пач. 3 ст. да н.э.),
старажытнаегіпецкі гісторык, вярхоўны жрэц у Геліопалі. Напісаў на грэч. мове «Гісторыю Егіпта» (захаваліся толькі ўрыўкі ў творах Іосіфа Флавія і гісторыкаў царквы Афрыкана і Еўсевія). М. належыць прыняты і цяпер у навуцы падзел гісторыі Егіпта на 30 дынастый фараонаў і на перыяды Старажытнага, Сярэдняга і Новага царстваў.
т. 10, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́МЯЦЬ СІКО́РЫ,
позназімовы сорт яблыні селекцыі І.П.Сікоры. Раянаваны на Беларусі.
Дрэва слабарослае з паўкруглаватай кронай. Пладаносіць на 3—4-ы год пасля пасадкі. Зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да паршы. Плады 130—150 г, авальна-канічныя. Асн. афарбоўка зялёная, покрыўная — чырванавата-карычневая ў выглядзе размытага румянцу і толькі на сонечным баку плода. Мякаць светла-зялёная, вельмі шчыльная, кісла-салодкая, сярэдняй сакавітасці, дробназярністая. Захоўваецца да чэрвеня.
З.А.Казлоўская.
т. 12, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЗУ́МПЦЫЯ НЕВІНАВА́ТАСЦІ ў крымінальным праве,
палажэнне, паводле якога абвінавачаны лічыцца невінаватым, пакуль яго віна не будзе даказана ўстаноўленым законам парадкам. П.н. — адна з найважнейшых дэмакр. прыкмет крымін. працэсу, забяспечвае ахову правоў асобы, выключае неабгрунтаванае абвінавачанне і асуджэнне. Можа быць абвергнута толькі шляхам даказвання ўстаноўленымі працэсуальным законам сродкамі і выключна пры наяўнасці дастатковых суд. доказаў, якія адносяцца да справы і дапускаюцца заканадаўствам. Абавязак даказвання ўскладаецца на органы абвінавачання.
т. 13, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́РЫСА (ад грэч. sarisa кап’ё),
асноўная зброя воінаў-сарысафораў (цяжкай пяхоты і конніцы) у Стараж. Грэцыі, Стараж. Македоніі і інш. дзяржавах у 4—2 ст. да н.э. Першапачаткова С. (даўж. 3 м) выкарыстоўвалася як кідальная і колючая халодная зброя, пазней (даўж. 6—7 м) стала толькі колючай зброяй. Воіны першых 6 шарэнгаў фалангі бралі С. ў руку так, каб яны выдаваліся наперад, утвараючы засцерагальны «дах».
т. 14, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́ТЭР (англ. scooter ад scoot імчацца),
аднамеснае гоначнае судна з падвесным маторам адвольнай канструкцыі, але з поршневым рухавіком і без наддуву. Мае ў плане форму трох- ці чатырохвугольніка, днішча плоскае з рэданам (уступ для стварэння пад’ёмнай сілы, пад уздзеяннем якой судна пачынае слізгацець па паверхні вады — глісіраваць). Тэрмін «С.» быў прыняты толькі ў СССР; з’явіўся ў 1928 пасля пабудовы моталодкі па замежным праекце, што меў назву «Scooter».
т. 14, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЁНСКАЯ КАНСТЫТУ́ЦЫЯ 1808,
канстытуцыя, «падараваная» Іспаніі Напалеонам I. Прынята 7 ліп. картэсамі, скліканымі па загадзе Напалеона ў г. Баёна (Францыя). Абвяшчала Іспанію канстытуцыйнай манархіяй з сенатам, дзярж. саветам, картэсамі, правы якіх дакладна не вызначаліся; дапускала толькі каталіцкую рэлігію; адмяняла ўнутр. мытні, феад. судаводства, абмяжоўвала маярат; уводзіла адзіныя сістэму падаткаў, цывільнае і крымінальнае заканадаўства для Іспаніі і яе калоній. Мела на мэце замаскіраваць фактычнае панаванне Напалеона і схіліць іспанцаў на яго бок.
т. 2, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТРЭ́К, Селяха, Суляха,
рака ў Іране і Туркменіі. Даўж. 669 км, пл. горнай часткі басейна 27,3 тыс. км². Пачынаецца з Туркмена-Харасанскіх гор, цячэ ў межах Ірана па вузкай даліне, у нізоўях — па нізіне. Упадае ў Каспійскае м., утвараючы забалочаную дэльту. Гал. Прыток — Сумбар (справа). Вада даходзіць да Каспійскага м. толькі ў паводку, у астатні час разбіраецца на арашэнне. Сярэдні расход вады 9,2 м³/с (каля г.п. Кізіл-Атрэк у Туркменіі).
т. 2, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)