БАКТЭРО́ІДЫ

(ад бактэрыі + грэч. eidos від),

1) марфалагічна змененыя клеткі клубеньчыкавых бактэрый. Адрозніваюцца ад зыходных бактэрый большымі памерамі, вял. колькасцю глікагену і тлушчу, валюцінавых гранул (унутрыклетачны рэзерв фасфату) і актыўнай фіксацыяй атм. азоту. У адрозненне ад клубеньчыкавых бактэрый, якія развіваюцца па-за раслінай, бактэроіды пранікаюць у тканкі каранёў (звычайна бабовых раслін) і толькі там функцыянуюць.

2) Нерухомыя анаэробныя бактэрыі (палачкі), якія не ўтвараюць спораў. Жывуць у ротавай поласці, кішэчніку і палавых органах чалавека; патагенныя віды выклікаюць вострыя запаленчыя працэсы.

т. 2, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)