ВАГОНАПЕРАКУ́ЛЬНІК,

збудаванне для механізаванай разгрузкі насыпных грузаў з чыг. паўвагонаў. Разгрузка ажыццяўляецца пры перакульванні або нахіленні паўвагонаў, якія замацоўваюцца на спец. платформе, у падоўжным ці папярочным напрамках. Адрозніваюць вагонаперакульнікі бакавыя, тарцовыя (лабавыя) і камбінаваныя (шматразова паварочваюць або нахіляюць вагон вакол папярочнай, потым падоўжнай восі). Бакавыя і тарцовыя вагонаперакульнікі бываюць перасоўныя і стацыянарныя, камбінаваныя — толькі стацыянарныя. Вагонаперакульнікі забяспечваюць разгрузку 20—30 вагонаў за гадзіну. Выкарыстоўваюцца на чыгунках, коксахім. і металургічных з-дах, у марскіх і рачных партах.

т. 3, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)