лічынкавахордавыя (Tunicata, Urochorda), падтып хордавых жывёл. Аб’ядноўвае 5 кл.: апендыкулярыі, бочачнікі (Cyclomyaria), асцыдыі, сальпы, агняцелкі, або пірасомы (Pirosomata). Каля 1,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды ў морах і акіянах.
Даўж. ад 0,3—50 см да 30 м (калоніі пірасом). Цела мяшэчка- або бочачкападобнае, укрытае тунікай (абалонкай), утворанай выдзяленнем вонкавага эпітэлію. Хорда ёсць толькі ў лічынкавых формаў (акрамя апендыкулярый). Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае.