мінерал з групы піраксенаў, сілікат кальцыю і магнію, CaMg[Si2O6]. Крайні член ізаморфнага раду Д. — гедэнбергіт. Прымесь хрому Cr2O3 (да 2% у хромдыяпсідзе). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, кароткаслупкаватыя. Агрэгаты зярністыя або радыяльна прамяністыя. Колер белы да светла-зялёнага.
Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,3—3,4 г/см³. Пародаўтваральны мінерал асн. і ультраасн. вывергнутых парод, а таксама кантактава-метасаматычны ў скарнах. Празрыстыя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНУЛІ́Н,
поліцукрыд, які складаецца з астаткаў D-фруктозы. Малекулярная маса 5000—6000. Белы гіграскапічны аморфны парашок. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае вязкія калоіды саладкаватага смаку. Запасны вуглявод многіх раслін, у асн. складанакветных. У клубнях і каранях тапінамбуру, вяргіні, нарцыса, гіяцынту, тубярозы, цыкорыі, кок-сагызу, дзьмухаўцу да 10—12%. Добра засвойваецца, ужываецца ў лячэбным харчаванні хворых на цукр. дыябет. У медыцыне выкарыстоўваюць пры даследаванні функцыі нырак, у біялогіі — для вывучэння водна-салявога абмену і мочаўтварэння ў жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́РБІС,
снежны барс (Uncia uncia), драпежнае млекакормячае сям. каціных. Пашыраны ў высакагор’ях Сярэдняй і Цэнтр. Азіі. Летам жыве каля лініі снягоў на выш. да 5500 м, зімой у поясе хвойных лясоў, ніжэй за 1800 м.
Даўж. цела да 130 см, хваста да 105 см, Maca да 40 кг. Колер дымчата-шэры, амаль белы, з кольцападобнымі цёмнымі плямамі. У вывадку да 5, звычайна 2—3 кацяняці. Асн. корм — капытныя жывёлы. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНСКІ ДАГАВО́Р 1422.
Заключаны паміж Польшчай і ВКЛ з аднаго боку і Тэўтонскім ордэнам з другога 27.9.1422 каля воз. Мельна (у сутоках р. Вісла і Аса, Польшча) пасля няўдалай для ордэна вайны. Крыжакі саступілі Польшчы частку Куявіі з г. Няшава і канчаткова адмовіліся ад прэтэнзій на Жамойць, якая паводле ўмоў Тарунскага міру 1411 перадавалася ордэну пасля смерці вял. князя ВКЛ Вітаўта. М.д. завяршыў апошнюю вайну паміж ордэнам і ВКЛ і канчаткова ўсталяваў мяжу паміж імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРАБІЛІ́Т (ад лац. mirabilis дзівосны),
глаўберава соль, мінерал класа сульфатаў, водны сульфат натрыю Na2[SO4]∙10H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае зямлістыя агрэгаты, налёты, скарынкі, зрэдку кароткапрызматычныя крышталі. Бясколерны, празрысты, зрэдку белы. Бляск шкляны. Крохкі. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 1,48 г/см³. Хемагеннага асадкавага паходжання, утвараецца з азёрных і марскіх расолаў пры т-ры ніжэй за 20—25 °C. Сыравіна для содавай, шкляной і лакафарбавай прам-сці; выкарыстоўваецца ў медыцыне. Радовішчы ў Расіі, Туркменістане, ЗША, Мексіцы, Аргенціне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ТАВА (Кіра Георгіеўна) (н. 5.11.1934, г. Сарокі, Малдова),
расійскі кінарэжысёр. Скончыла Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1962). Яе рэжысёрская стылістыка эвалюцыяніравала ад тонкага лірызму ранніх фільмаў да ўсё больш жорсткай манеры, заснаванай на іранічнай адхіленасці і гратэскнай дэфармацыі: «Кароткія сустрэчы» (1968), «Доўгія провады» (1971, выйшаў на экран у 1987), «Калі пазнаеш белы свет» (1980), «Сярод шэрых камянёў» (1983), «Перамена долі» (1988), «Астэнічны сіндром» (1990), «Чуллівы міліцыянер» (1991), «Захапленні» (1994), «Тры гісторыі» (1996), «Ліст у Амерыку» (1999) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАПСІ́Н,
зрокавы пурпур, пігмент палачак сятчаткі вока жывёл і чалавека, які адказвае за чорна-белы або змрочны зрок. Уяўляе сабой складаны бялок (хромаглікапратэід), які наскрозь «прашывае» мембрану фотарэцэптараў. У Р. уваходзяць бялок апсін, 2 алігацукрыдныя ланцугі і храмафорная група караціноіду рэтыналю (альдэгіду вітаміну А). У зрокавым акце пры паглынанні малекулай Р. кванта святла адбываецца абарачальная рэакцыя фотаізамерызацыі, канфармацыйныя перабудовы малекулы Р. Узнікае нерв. імпульс, які перадаецца ў патылічную долю галаўнога мозга, дзе фарміруецца зрокавы вобраз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКУ́НЦ (Аксел) (сапр.Тэвасян Аляксандр Сцяпанавіч; 25.6.1899, г. Гарыс, Арменія — 8.7.1937),
армянскі пісьменнік. Скончыў Харкаўскі с.-г.ін-т (1923). Удзельнік (1917—18) баёў за Зах. Арменію. У 1936 рэпрэсіраваны. Друкаваўся з 1918. Зб-кі аповесцяў і апавяданняў «Цёмная цясніна» (1927), «Сейбіты чорных барознаў» (1933) прысвечаны гіст.-рэв. тэматыцы, у зб-ках «Белы конь» (1929), «Дождж» (1935) адлюстраваны прырода, духоўная прыгажосць чалавека. Аўтар сатыр. аповесцяў «Аўнатан Марч» (1927), «Кёрэс» (1935), незакончаных раманаў «Чырвоная гара», «Сын грому», «Хачатур Абавян».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РКЛІЙ (лац. Berkelium),
Bk, штучны радыеактыўны хім. элемент з групы актыноідаў. Назва ад г. Берклі (ЗША), дзе атрыманы (1949). Ат. н. 97; вядома 10 ізатопаў з масавым лікам 240—251 (акрамя 241). Найб. доўгаіснуючыя 247Bk (перыяд паўраспаду 1380 гадоў, α-выпрамяняльнік), 249Bk (перыяд паўраспаду 314 сутак, β-выпрамяняльнік).
Серабрыста-белы метал, tпл 980 °C, вельмі рэакцыйназдольны. Атрымліваюць у ядз. рэактарах апрамяненнем плутонію, амерыцыю і кюрыю нейтронамі. Выкарыстоўваецца ў даследаваннях адз. фізікі і радыяхіміі. Высокатаксічны, ГДК у паветры 5,9∙10−4Бк/л.