найменшая непадзельная адзінка біял. віду, якая знаходзіцца пад уздзеяннем фактараў эвалюцыі. Паняцце «асобіны» дастасуецца толькі да вышэйшых арганізмаў; для каланіяльных, сімбіятычных і арганізмаў з вегетат. размнажэннем яно ўмоўнае. У панміктычных відаў (якія свабодна скрыжоўваюцца) кожная асобіна — унікальная істота з уласнай генетычнай структурай, элементарная адзінка існавання ў біяцэнозе. У агамных відаў (з бясполым размнажэннем) кожная асобіна — самавытворная адзінка. У генет. сэнсе асобіна — часовы (ад нараджэння да смерці) носьбіт толькі часцінкі агульнага генафонду папуляцыі (віду), аднак яна актыўна ўдзельнічае ў эвалюцыйным працэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́КАЯ ПРЫРО́ДА,
участкі прыроднага асяроддзя, не парушаныя гасп. дзейнасцю чалавека, на якія ён уплывае толькі як біял.істота або апасродкавана праз глабальныя змены на Зямлі. Паняцце Дз.п. адноснае ў сувязі з хуткім пашырэннем і інтэнсіфікацыяй антрапагеннага ўздзеяння на прыроду ва ўсім свеце і тым, што яго вынікі фіксуюцца практычна ў любым з куткоў Зямнога шара. Беларусь практычна ўся знаходзіцца ў зоне такога ўплыву. Эталонныя ўчасткі яе вылучаюцца і ахоўваюцца ў якасці помнікаў прыроды, уваходзяць у склад заказнікаў, запаведнікаў, выкарыстоўваюцца для арганізацыі маніторынгу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НІЙ,
1) у рымскай міфалогіі добры дух, звышнатуральная істота, якая ахоўвае чалавека на працягу ўсяго жыцця, пазней бог мужчынскай сілы. Лічылася, што кожны мужчына мае свайго генія. Асабліва шанавалі генія галавы сям’і: у дзень яго нараджэння генію прыносілі дары-ахвяраванні. У эпоху імперыі асаблівае значэнне набыў культ генія Рыма і імператара (увёў Аўгуст). Генію Рыма быў прысвечаны шчыт на Капітоліі з надпісам «ці мужу, ці жанчыне», бо імя і пол генія ўтойваліся, каб яго не пераманьвалі ворагі.
2) Чалавек, якому ўласціва найвышэйшая ступень творчай даравітасці, таленавітасці. Гл. таксама Геніяльнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХ,
філасофскае паняцце, што азначае нематэрыяльны пачатак у адрозненне ад матэрыяльнага, прыроднага. Азначае таксама мысленне, псіхічныя здольнасці, пачатак, які вызначае паводзіны, унутр. маральную сілу асобы (гл.Духоўнасць). У гісторыі філасофіі Д. трактаваўся як паняцце (панлагізм), субстанцыя (пантэізм), асоба (тэізм, персаналізм). У рацыяналізме вызначальным бокам Д. лічыцца мысленне, свядомасць, у ірацыяналізме — пазаразумовыя аспекты (воля, пачуццё, уяўленне, інтуіцыя і г.д.). Дыялект. матэрыялізм звязвае духоўнае з працэсам і вынікамі чалавечай дзейнасці, з духоўнай вытворчасцю. У стараж.-грэч. філасофіі Д. — пнеўма, нус, логас; у рэліг.-містычных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота (гл. таксама Тройца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЛО́-ПАНЦІ́ ((Merleau-Ponty) Марыс) (14.3.1908, г. Рашфор-сюр-Мер, Францыя — 4.5.1961),
французскі філосаф, прадстаўнік фенаменалогіі. Адукацыю атрымаў у Вышэйшай нармальнай школе. з 1945 праф. у Ліёне, у 1949—52 у Сарбоне, Калеж дэ Франс. Аўтар прац «Структура паводзін» (1942), «Фенаменалогія перцэпцыі» (1945), «Гуманізм і тэрор» (1947), «Прыгоды дыялектыкі» (1955) і інш. Быццё чалавека (яго экзістэнцыя), паводле М.-П., рэалізуецца ў дыялогу суб’екта са светам; свядомасць чалавека і ўся яго істота перажывае і асэнсоўвае свет, валодае спецыфічнай інтэнцыянальнасцю (здольнасць ствараць свой прадметны свет, напаўняць яго зместам, набываць сэнс і значэнне). Яго філас. ідэі знаходзяць адлюстраванне ў філас. герменеўтыцы, структуралізме, экзістэнцыялізме і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНТА́ЎР,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі дзікая істота, паўчалавек-паўконь (ніжняя ч. цела з 4 нагамі як у каня, грудзі, галава і рукі як у чалавека). Паводле міфаў, амаль усе К. народжаны ад цара племені лапіфаў (у Фесаліі на ПнУ у Грэцыі) Іксіёна і хмары, што па волі Зеўса набыла аблічча Геры. Буйныя, нястрымныя істоты, акрамя Фола і Хірона (выхавацеля Ахіла, Ясона і інш. герояў), якія ўвасабляюць мудрасць і памяркоўнасць. Сцэны з т.зв. кентаўрамахіі (бітвы лапіфаў з кентаўрамі) і інш. міфалагічных падзей, звязаных з К., адлюстраваны ў скульпт. выявах храма Зеўса ў Алімпіі, Гефестэёна і Парфенона ў Афінах (5 ст. да н.э.), насценным жывапісе ў Пампеях, у скульптуры (Мікеланджэла, А.Радэн) і жывапісе (П.П.Рубенс, Ф.Салімена, А.Бёклін, Л.Карынт і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАДО́КІ (Diplodocus),
род вымерлых паўзуноў падатр. заўрапод атр. яшчаратазавых дыназаўраў. 3—4 віды. Вядомы з юры Паўн. Амерыкі і Пд Англіі. Упершыню рэшткі Д. выяўлены ў штаце Каларада (1887).
Даўж. да 27 м, маса каля 10 т. Зграбныя жывёлы з невял. галавой, тонкай доўгай шыяй і доўгім прутападобным хвастом. Магутная спінная мускулатура дазваляла адрываць пярэднія ногі ад зямлі і падымацца на задніх, каб дацягвацца да крон дрэў. Маса ног складала амаль палову масы цела. Мускулатура мацавалася пры дапамозе высокіх асцістых адросткаў крыжавых і злучаных з імі спінных і хваставых пазванкоў. На ніжняй паверхні хваставых пазванкоў былі двайныя (парныя) адросткі для засцярогі хваста, калі ён цягнуўся па зямлі (адсюль назва роду, якая азначае «двайны адростак», або «двухадросткавая істота». Насавыя адтуліны і вочы размяшчаліся на вяршыні чэрапа. Зубы нешматлікія, слабыя, былі толькі ў пярэдняй частцы сківіц. Расліннаедныя, карміліся мяккай воднай і наземнай расліннасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЗА, Эль-Гіза, Гізех,
горад у Верхнім Егіпце, на беразе Ніла, прыгарад Каіра. Адм. ц. мухафазы Гіза. 2144 тыс.ж. (1992). Вузел чыгунак і шашэйных дарог. Буйны гандл. цэнтр (гандаль збожжам). Тытунёвая, радыётэхн. і маш.-буд.прам-сць. Каірскі ун-т. Цэнтр міжнар. турызму.
Паблізу Гізы ў Лівійскай пустыні захаваўся комплекс пірамід-грабніц, у т. л. фараонаў Хеопса (Хуфу), Хефрэна (Хафра), Мікерына (Менкаўра), пабудаваных у 1-й пал. 3-га тыс. да н.э. Каля ніжняга храма піраміды Хефрэна знаходзіцца «Вялікі сфінкс» — высечаная са скалы фантастычная істота з тулавам ільва і галавой чалавека. На полі пірамід знаходзіцца некропаль, у якім больш за 7 тыс. пахаванняў знатных егіпцян часоў II—VI дынастый Стараж. царства (каля 2800—2250 да н.э.). Археал. раскопкі праводзяцца з 19 ст. Пахаванні даюць багаты матэрыял для вывучэння вытв-сці, сац. жыцця і культуры Стараж. Егіпта. Знойдзены прадметы пахавальнага культу, мадэлі хатніх рэчаў, прылады працы, зброя, ганчарныя вырабы, скульптуры, барэльефы са сцэнамі жыцця, іерагліфічныя надпісы і інш. Ансамбль пірамід фараонаў Хеопса, Хефрэна і Мікерына занесены ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАЦЫЯНАЛІ́ЗМ (ад лац. irrationalis неразумны),
1) філасофская плынь, якая абмяжоўвае або адмаўляе магчымасці розуму, мыслення ў працэсе пазнання, асновай пазнання прызнае інтуіцыю, пачуццё, інстынкт. І. не тоесны агнастыцызму, прадстаўнікі якога ў метадалагічным плане зыходзяць з прынцыповай немагчымасці пазнання свету. У вузкім сэнсе да І. адносяць філас. плыні 18—19 ст., якія выступалі антыподамі філасофіі эпохі Асветніцтва і Новага часу («філасофія пачуцця і веры» Ф.Г.Якобі, «філасофія адкрыцця» Ф.Шэлінга, валюнтарысцкія канцэпцыі А.Шапенгаўэра і Ф.Ніцшэ, тэалагічныя вучэнні С.К’еркегора, «філасофія бессвядомага» Э.Гартмана і інш.), а таксама канца 19—20 ст. («філасофія жыцця» В.Дзільтэя, «інтуітывізм» А.Бергсона, «філасофія існавання» М.Хайдэгера, неатамісцкія канцэпцыі Ж.Марытэна і Э.Жыльсона і інш.).
2) У этыцы І. — метадалагічны прынцып тлумачэння прыроды маральнасці, які аб’ядноўвае шэраг шкал (экзістэнцыялізм, неапратэстантызм, «гуманістычная» этыка, этыка самарэалізацыі і інш.). Лічыцца, што «сапраўдная» мараль, як і быццё чалавека ўвогуле, не паддаюцца ніякім вызначэнням і абагульненням, знаходзяцца па-за законамі прыроды і грамадства; у ёй чалавек сцвярджае сябе як абсалютна свабодная істота.
Літ.:
Исторические типы философии М., 1991;
Библер В.С. Нравственность. Культура. Современность. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАЛАГІ́ЗМ,
метадалагічная канцэпцыя тлумачэння сусвету, прыроды, грамадства і мыслення праз паняцце «чалавек» як асн. светапоглядную катэгорыю. Пры гэтым чалавек уяўляецца пераважна як з’ява прыроды, г.зн. натуралістычна.
Мае псіхічныя і гнасеалагічныя высновы. У старажытнасці пры адсутнасці дастатковых ведаў у чалавека была псіхічная патрэба пераадолець сваю адчужанасць і залежнасць ад рэальнасці ачалавечваннем гэтай рэальнасці, «насяляючы» яе чалавекападобнымі фантомамі (багамі, духамі і інш.). З пашырэннем ведаў усталявалася сцвярджэнне, што чалавек як вышэйшая істота на лесвіцы эвалюцыі — «мера ўсіх рэчаў». Адсюль і навакольны свет, адлюстраваны ў думках чалавека, можа ўспрымацца як уласнае тварэнне (суб’ектыўны ідэалізм). Вытлумачэнне суб’ектам аб’екта па аналогіі з самім сабой — самы просты і даступны спосаб у пазнанні. Старажытным мадэльным вытокам антрапалагізму быў антрапамарфізм.
Сутнасць антрапаморфных фантомаў думкі адным з першых асэнсаваў стараж.-грэч. філосаф Ксенафан (вобразы багоў людзі лепяць з сябе). Найб. вядомыя прадстаўнікі матэрыяліст. антрапалагізму — К.Гельвецый, Л.Феербах, М.Г.Чарнышэўскі, ідэалістычнага — Ф.Ніцшэ, В.Дзільтэй, Г.Зімель, М.Шэлер. Як метадалаг. прынцып антрапалагізму пашыраны ў філасофіі, сацыялогіі (гл.Антрапасацыягенез), этыцы, эстэтыцы і інш. Марксізм адмаўляў навуковасць антрапалагізму, ажыццяўляў сацыяліст. канструяванне грамадства без усебаковага ўліку асаблівасцяў чалавека, што прывяло да краху яго сац.-паліт. дактрыны.
Літ.:
Чернышевский Н.Г. Антропологический принцип в философии // Чернышевский Н.Г. Избр. филос. соч. М., 1951. Т. 3;