ДАВЫ́Д-ГАРАДО́ЦКАЕ КНЯ́СТВА (да канца 15 ст. — Гарадзецкае княства),
феадальная адм.-тэр. адзінка ў 14—16 ст. у ВКЛ у нізоўях р. Гарынь. Цэнтр — Давыд-Гарадок (Гарадок). Вядома з 1382, калі дачка вял.кн.літ. Альгерда Марыя выйшла замуж за князя Давыда Дзмітрыевіча Гарадзецкага. Каля 1390 у дакументах згадваюцца кн. Іван і Юрый Гарадзецкія, верагодна, мясц. Рурыкавічы, нашчадкі Ізяславічаў. Да 1440 княствам валодаў кн. Мітка Давыдавіч, сын Давыда Дзмітрыевіча. Потым вял.кн. Казімір аддаў яго кн. Свідрыгайлу, а пасля яго смерці ў 1452 — ўдаве Ганне Іванаўне з роду цвярскіх князёў (памерла да 1486). Каля 1492 Казімір падараваў Давыд-Гарадоцкае княства выхадцу з Расіі кн. Івану Васілевічу Яраславічу, а пасля яго смерці (1507) яно адышло да сына Фёдара (памёр у 1521 або 1522). Як вымарачнае ўладанне належала вял.кн. Жыгімонту Старому, які ў 1522 перадаў яго сваёй жонцы Боне Сфорцы. З таго часу Давыд-Гарадоцкае княства — састаўная частка Пінскага княства. У 1554 у Давыд-Гарадоцкім княстве праведзена валочная памера. З 1556 яно пад кіраваннем велікакняжацкай адміністрацыі. У 1558 вял.кн. Жыгімонт Аўгуст перадаў яго кн. Радзівілам (адпаведная грамата выдадзена ў 1551), якія замест Давыд-Гарадоцкага княства і Клецкага княства ўтварылі ў 1586 Клецкую ардынацыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСО́БІНА, індывід,
найменшая непадзельная адзінка біял. віду, якая знаходзіцца пад уздзеяннем фактараў эвалюцыі. Паняцце «асобіны » дастасуецца толькі да вышэйшых арганізмаў; для каланіяльных, сімбіятычных і арганізмаў з вегетат. размнажэннем яно ўмоўнае. У панміктычных відаў (якія свабодна скрыжоўваюцца) кожная асобіна — унікальная істота з уласнай генетычнай структурай, элементарная адзінка існавання ў біяцэнозе. У агамных відаў (з бясполым размнажэннем) кожная асобіна — самавытворная адзінка. У генет. сэнсе асобіна — часовы (ад нараджэння да смерці) носьбіт толькі часцінкі агульнага генафонду папуляцыі (віду), аднак яна актыўна ўдзельнічае ў эвалюцыйным працэсе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЯДАВА́ННЕ,
у славян і інш. народаў традыц. звычай абходу хат на каляды і віншаваць гаспадароў. Каляднікі (калядоўшчыкі) насілі звязду і выконвалі велічальныя калядныя песні, тэатралізаваныя сцэнкі з пераапрананнем у «казу», «кабылу», «мядзведзя», «жураўля». За гэта каляднікам давалі дарункі (сала, каўбасы). У аснове К. — стараж.агр. абраднасць, прызначэннем якой было паскарэнне надыходу цяпла (паводле нар. выразу, ад каляд сонца паварочвала на лета) і забеспячэнне багатага ўраджаю ў новым гасп. годзе. К. як рэшткі язычніцтва забаранялася царквой. З цягам часу яно ператварылася ў забаву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУА́НА (ісп. guano),
прадукт натуральнага распаду птушынага памёту ва ўмовах сухога клімату; азотна-фосфарнае ўгнаенне. Мае каля 9% азоту, 13% фосфарнай к-ты, калій, вапну. Паклады гуана на астравах зах. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. Пасля размолу гуана выкарыстоўваюць на глебах розных тыпаў пад усе с.-г. культуры ў якасці асн., перадпасяўнога ўгнаення і для падкормкі. Гуанай наз. таксама ўгнаенне, падрыхтаванае з адходаў марскога промыслу, напр., рыбнае гуана. Яно мае 8—11% азоту, 12—14% фосфарнай к-ты. Выкарыстоўваюць гуана пераважна ў Японіі, ЗША, Нарвегіі, Францыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЗНА́ННЕ,
адна з формаў папярэдняга расследавання крымін. злачынстваў і правапарушэнняў. У праве Рэспублікі Беларусь і некаторых краін СНД ажыццяўляецца міліцыяй і інш. правамоцнымі органамі (дзярж. бяспекі, пажарнага нагляду, пагранічнай аховы, мытні і інш.). Адрозніваюць 2 віды Д.: па справах, папярэдняе следства па якіх абавязковае, і па справах, дзе яно не абавязковае. У першым выпадку орган дазнання ўзбуджае крымін. справу, праводзіць неадкладныя следчыя дзеянні па выяўленні слядоў злачынства і перадае справу следчаму. У другім Д. ўключае поўнае расследаванне справы; пры гэтым матэрыялы Д. з’яўляюцца падставай для разгляду справы ў судзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАМО́ВА,
мова, сродкамі якой праводзіцца апісанне структурных якасцей іншай (звычайна фармалізаванай) мовы, што з’яўляецца прадметам вывучэння адпаведнай метатэорыі. Паняцце «М.» прыйшло з матэм. логікі, дзе яно ўжывалася ў сэнсе «фармалізаваная мова», зручная для дакладнага апісання некат. прадметных галін з улікам сістэмных суадносін паміж навук. тэрмінамі. Пры дапамозе М. апісваецца мова як аб’ект даследавання. Адзінкі М. могуць супадаць з адзінкамі мовы-аб’екта. Напр., бел. слова «маўленне» ў значэнні «вусны варыянт мовы» адносіцца да М. і з’яўляецца лінгвістычным тэрмінам, у гутарковым выкарыстанні адносіцца да мовы-аб’екта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖГАЛАКТЫ́ЧНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,
прастора паміж галактыкамі разам з матэрыяй, якая ў ёй знаходзіцца (разрэджаны газ, касмічныя прамяні, эл.-магн., у асноўным рэліктавае выпрамяненне і інш. У М.а. выяўлены вял. воблакі атамарнага вадароду, не звязаныя з галактыкамі; яны маюць форму дыскаў і змяшчаюць да 1014 сонечных мас газу. Магчыма, воблакі з’яўляюцца асяроддзем, у якім фарміруюцца скопішчы галактык. Ад шчыльнасці М.а. можа залежаць характар эвалюцыі Сусвету (гл.Касмалогія), але дакладнае значэнне шчыльнасці пакуль не вызначана (па некат. меркаваннях яно меншае за 10−29г/см³).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДКРЫ́ТЫЯ І ЗАКРЫ́ТЫЯ МНО́СТВЫАДКРЫ́ТЫЯ І ЗАМКНУ́ТЫЯ МНО́СТВЫў матэматыцы, класы мностваў (гл.Мностваў тэорыя). Мноства наз.адкрытым (АМ), калі яно разам з кожным сваім пунктам змяшчае ў сабе і некаторае яго наваколле, і замкнутым (ЗМ) — калі змяшчае ў сабе ўсе свае межавыя пункты. Напр., інтэрвал на прамой — АМ, адрэзак — ЗМ. Перасячэнне канечнага ліку і аб’яднанне любога ліку АМ з’яўляюцца АМ. Аб’яднанне канечнага ліку і перасячэнне любога ліку ЗМ будуць ЗМ. АМ можна разглядаць у эўклідавай прасторы любога ліку вымярэнняў, у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах. Азначэнне ЗМ захоўваецца для мностваў у адвольных метрычных і тапалагічных прасторах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛАЦЯ́НІКІ (Limnaeidae),
сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.
Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.
Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́НАР,
паняцце маралі, у якім выяўляецца ступень самапавагі чалавека і павагі да яго з боку грамадства. Яно блізкае па значэнні да паняцця годнасць. Аднак калі годнасць асобы грунтуецца на прызнанні роўнага права кожнага чалавека на павагу, то гонар адлюстроўвае перш за ўсё меру павагі, якую ён заслужыў у грамадстве. Маральная каштоўнасць чалавека ў паняцці гонару цесна звязана з яго канкрэтным сац. становішчам, грамадскім прызнаннем заслуг, аўтарытэту. Гонар прадугледжвае адпаведнасць паводзін чалавека маральным прынцыпам і нормам, распаўсюджаным у пэўнай сац. супольнасці, падтрыманне пэўнай індывідуальнай або сац.-групавой рэпутацыі (гонар школы, гонар афіцэра, дваранскі гонар і інш.).