ГУА́НА

(ісп. guano),

прадукт натуральнага распаду птушынага памёту ва ўмовах сухога клімату; азотна-фосфарнае ўгнаенне. Мае каля 9% азоту, 13% фосфарнай к-ты, калій, вапну. Паклады гуана на астравах зах. ўзбярэжжа Паўд. Амерыкі і Паўд. Афрыкі. Пасля размолу гуана выкарыстоўваюць на глебах розных тыпаў пад усе с.-г. культуры ў якасці асн., перадпасяўнога ўгнаення і для падкормкі. Гуанай наз. таксама ўгнаенне, падрыхтаванае з адходаў марскога промыслу, напр., рыбнае гуана. Яно мае 8—11% азоту, 12—14% фосфарнай к-ты. Выкарыстоўваюць гуана пераважна ў Японіі, ЗША, Нарвегіі, Францыі.

т. 5, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)