месца масавай зімоўкі рыб у рэках і азёрах. У стаячых вадаёмах З.я. найчасцей размяшчаюцца насупраць або ніжэй вусцяў рэк і ручаёў, што ўпадаюць у вадаёмы, у месцах выхаду падводных крыніц; у праточных — рыбы зімуюць на глыбокіх месцах з павольным цячэннем. На Беларусі ахоўваюцца 215 З.я., збор у якіх найбольш уласцівы рыбам сям. карпавых (лешч, гусцяра, плотка і інш.). У вызначаных З.я. штогод з 1 кастр. да 15 крас. забараняецца рыбная лоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРСТ (ням. Karst),
Крас, плато на ПнЗ Славеніі, зах. канцавая ч. ў Італіі, у складзе Дынарскага нагор’я. Выш. да 643 м. Складзена з вапнякоў. Класічны раён развіцця карставых форм рэльефу: варонкі, пячоры (у т. л. Пастойнска-Яма), польі і інш.Ням. назва плато К. стала агульнай назвай з’явы карсту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАЛІ́Т (ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),
грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл.Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсы дэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАДНІ́К,
бел.нар. гульня. Удзельнічаюць ад 6 да 20 чал., гуляюць на пляцоўцы ці ў спарт. зале, перамяшчаюцца толькі павольна. Гульцы пры дапамозе лічылкі выбіраюць «рыбака» і завязваюць яму вочы. Пасля, пляскаючы ў далоні, ходзяць вакол «рыбака», які іх ловіць. Калі на шляху «рыбака» перашкода (сцяна, слуп, ямаі г.д.), гульцы гавораць «глыбока», калі той абыходзіць перашкоду, кажуць «мялей», а калі абыдзе — «мелка» ці «чыстая вада». Злавіўшы гульца, «рыбак» павінен назваць яго імя, калі адгадае, злоўлены становіцца «рыбаком» і гульня пачынаецца спачатку. Калі ж імя не адгадана, дзеці крычаць «жабу злавіў», і «рыбак» адпускае гульца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ЛАС (ісп. silos, мн. лік ад silo падземнае памяшканне, яма для захоўвання зерня),
кансерваваная без доступу паветра зялёная маса раслін, сакаўны корм. Сіласуюць сіласныя культуры, дзікарослыя травы, бацвінне, караняплоды і інш.
Расліны здрабняюць, закладваюць слаямі ў сіласасховішчы, утрамбоўваюць і ізалююць ад паветра зямлёй, глінай або сінт. плёнкай. У такіх умовах хутка размнажаюцца малочнакіслыя бактэрыі, якія раскладаюць цукры з утварэннем малочнай к-ты і прыгнечваюць анаэробныя маслянакіслыя і гніласныя працэсы. Гатуюць С. просты ці камбінаваны, часам з падвяленых (да 70% вільгаці) раслін. Якасны С. мае прыемны пах (квашанай капусты, мочаных яблык, фруктовы), кіславаты смак, жоўта-зялёны колер, рыхлую структуру, у ім зберагаюцца пажыўныя рэчывы (акрамя цукру) і вітаміны. Уваходзіць у кармавы рацыён с.-г. жывёл, паляпшае іх страваванне, засвойванне інш., асабліва грубых кармоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕГ,
хуткае перамяшчэнне, адзін з відаў фізічных практыкаванняў; састаўная частка амаль усіх відаў спорту. У лёгкай атлетыцы бег складае каля 2/3 усіх яе відаў. Спаборніцтвы па бегу праводзіліся ў Стараж. Егіпце, Асірыі, Стараж. Грэцыі; бег быў асновай стараж. Алімпійскіх і інш. гульняў. Адрозніваюць бег аздараўленчы і спарт., гладкі (па роўнай паверхні — дарожка стадыёна, шаша) і з перашкодамі (бар’ерны, стыпльчэйз, крос). Паводле відаў бег падзяляюць на спрынт (бег на кароткія дыстанцыі — 60, 100, 200, 400 м), мітэльштрэкерскі (на сярэднюю адлегласць — 800, 1000, 1500, 2000 м), стаерскі (на доўгія і звышдоўгія дыстанцыі — 3000, 5000, 10 000, 20 000, 30 000 м), марафонскі бег (42 км 195 м), бар’ерны (100, 110, 200, 400 м, на кожнай дыстанцыі па 10 бар’ераў), стыпльчэйз (3000 м, 5 бар’ераў, пасля апошняга — яма з вадой). Усе спаборніцтвы па бегу, за выключэннем марафона, кросу і звышдоўгіх дыстанцый, праводзяць на стадыёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛО́ХА,
адзін з найбагацейшых скіфскіх курганоў (т.зв. царскіх) 4 ст. да н.э. за 12 км на ПдУ ад с.Вял. Знаменка Васільеўскага р-на Запарожскай вобл. Украіны. Даследаваны ў 1912—13 М.І.Весялоўскім. Пад насыпам выш. 18 м выяўлены 2 «царскія» пахаванні. Цэнтр. разрабавана ў старажытнасці, бакавое — цэлае. У бакавым разам з царом пахаваны яго слугі — віначэрп і збраяносец.
Знойдзены наборы зброі, бронзавая булава — знак улады, залатая грыўня, бранзалеты, шматлікія бляшкі ад адзення ці полага, сярэбраныя пасудзіны і інш. Асаблівую маст. каштоўнасць маюць залаты грэбень з фігуркамі скіфаў, якія змагаюцца, і сярэбраны абклад гарыта з выявай пешых і конных воінаў. На З ад царскай грабніцы выяўлена яма з 5 шкілетамі коней, на якіх захаваліся рэшткі аброцей з бронзавымі бляхамі, побач — пахаванне конюха.
Літ.:
Сокровища скифских курганов в собрании Государственного Эрмитажа. Прага;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ТАРА (лац. littera),
графічны знак у складзе алфавіта для абазначэння на пісьме пэўнага гука ці спалучэння гукаў. Л. бываюць рукапісныя і друкаваныя, малыя (радковыя) і вялікія. Звычайна Л. абазначае адзін гук, зрэдку — два, напр., «ёрш» («jоpш»), «яма» («jама»), Некаторыя Л. ў розных становішчах могуць абазначаць розныя гукі («быць» — «біць», «лук» — «люк»). Часам адзін гук перадаецца спалучэннем Л., напр., бел. «дж», «дз» («дж», «дз’»), польск. sz, cz («ш», «ч»), У некаторых сістэмах пісьма ёсць Л., якія гукаў не абазначаюць (бел. і рус. «ь», рус. «ъ»). Арфаграфія ў параўнанні з гукавымі сістэмамі развіваецца павольней, таму графічнае аблічча слова часта не супадае з яго гукавым складам, напр., бел. «касьба» («каз’ба»), рус. «вода» («вада»). У стараж.-грэч., стараж.-рус. і старабел. пісьменнасцях асобныя Л. мелі лікавае значэнне.
Літ.:
Сучасная беларуская літаратурная мова: Уводзіны. Лексікалогія. Фразеалогія. Лексікаграфія. Фразеаграфія. Фанетыка. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. 3 выд.Мн., 1993;
Камароўскі Я.М. Сучасная беларуская арфаграфія. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА́ЯЦ-БЯЛЯ́К»
(«Schneehase»),
кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш.акупац. улад супраць партызан і насельніцтва Расонска-Асвейскай партыз. зоны Віцебскай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Праводзілася 28.1—13.2.1943 сіламі 4 палкоў 201-й ахоўнай дывізіі, паліцэйскага палка і шэрагу мясц. гарнізонаў пры падтрымцы 281-й ахоўнай і 391-й вучэбна-палявой дывізій з мэтай прыціснуць партызан да чыг. Полацк—Ідрыца (праходзіла праз Расоны, цяпер не існуе) і знішчыць сустрэчным ударам з боку воз. Асвейскае. Ім процістаялі 1, 3, 5-я Калінінскія і Дрысенская брыгады, З атрады брыгады «За Савецкую Беларусь», Асобны латышскі партыз. і інш. атрады брыгад Асвейскай, Расонскай і «Спартак». Пасля працяглых баёў партызаны 11 лют. перайшлі ў контрнаступленне і да 15 лют. выбілі ворага з тэр. Расонскага р-на. У ходзе аперацыі «З.-б.» карнікі загубілі 877 чал. (па няпоўных звестках) мясц. насельніцтва, у т. л. разам з жыхарамі знішчылі вёскі Ваўкова, Велле, Гарэлая Яма, Гуйды, Ніўё, Плігаўкі, Ражнова (не аднавіліся) і інш. Як рэванш за няўдачу, гітлераўцы пачалі новыя карныя аперацыі — «Шаравая маланка» і «Зімовае чараўніцтва».