БРАДНІ́К,

бел. нар. гульня. Удзельнічаюць ад 6 да 20 чал., гуляюць на пляцоўцы ці ў спарт. зале, перамяшчаюцца толькі павольна. Гульцы пры дапамозе лічылкі выбіраюць «рыбака» і завязваюць яму вочы. Пасля, пляскаючы ў далоні, ходзяць вакол «рыбака», які іх ловіць. Калі на шляху «рыбака» перашкода (сцяна, слуп, яма і г.д.), гульцы гавораць «глыбока», калі той абыходзіць перашкоду, кажуць «мялей», а калі абыдзе — «мелка» ці «чыстая вада». Злавіўшы гульца, «рыбак» павінен назваць яго імя, калі адгадае, злоўлены становіцца «рыбаком» і гульня пачынаецца спачатку. Калі ж імя не адгадана, дзеці крычаць «жабу злавіў», і «рыбак» адпускае гульца.

Я.Р.Вількін.

т. 3, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)