ТА́ЙЛАР, Тэйлар (Tylor) Эдуард Бернет (2.10.1832, Лондан — 2.1.1917), англійскі этнограф, даследчык першабытнай культуры. З 1833 хавальнік этнагр. музея Оксфардскага ун-та, з 1896 праф. у ім. Даследаваў гісторыю культуры, найб. ўвагу аддаваў гісторыі духоўнай культуры, асабліва рэлігіі. Асн. працы — «Першабытная культура» (т. 1—2, 1871) і «Антрапалогія» (1881). Стварыў анімістычную тэорыю паходжання рэлігіі, якая доўгі час была пануючай у навуцы; рэлігію разумеў як з’яву індывід. псіхалогіі, а не як факт грамадскай свядомасці (гл. Анімізм). У даследаваннях т. зв. перажыткаў выявіў гіст. карані шматлікіх звычаяў і абрадаў. Разам з Г.Спенсерам заснаваў эвалюц. школу ў гісторыі культуры і этнаграфіі.

т. 15, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМІГРО́ДСКІ Канстанцін Антонавіч (1876, Рыга — 1936),

мастак, скульптар, медальер. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1898), Кракаўскай АМ. У 1906—14 выкладаў у Віцебскім камерцыйным вучылішчы і вучылішчы Грэкава. Адзін з заснавальнікаў і чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, хавальнік яе музея (1909—14). З 1914 у Швейцарыі, заг. польскага музея. У 1917—24 выканаў памятныя медалі ў гонар Т.​Касцюшкі, Я.​Дамброўскага, Г.​Сянкевіча і інш. З 1927 у Польшчы, працаваў у музеях.

Тв.:

Каталог монет и медалей музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1911;

Польский военный флот. Витебск, 1911;

Каталог музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1912.

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПІТАР (Kopitar) Варфаламей (Ерней; 23.8.1780, Рэпне, Славенія — 11.8.1844),

славенскі філолаг-славіст. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1826). Вучань і супрацоўнік чэш. філолага І.Добраўскага. Хавальнік, з 1844 дырэктар Венскай прыдворнай б-кі. Аўтар граматыкі славенскай мовы (1808; на ням. мове, з дадаткам крытычнага агляду славенскай л-ры). Даследаваў стараж. слав. помнікі, выдаў глагалічны помнік стараслав. мовы «Клоцаў зборнік» (1836) з каментарыем, слоўнікам і сціслай граматыкай стараслав. мовы. Артыкулы К. сабраны Ф.​Міклашычам у зб. «Невялікія артыкулы Варфаламея Копітара лінгвістычнага, этнаграфічнага і прававога зместу» (1857). Сярод вучняў К. сербскі філолаг В.Караджыч.

Тв.:

Рус. пер. — Новые письма Добровского, Копитара и других юго-западных славян. СПб., 1897.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУТКО́ЎСКІ Павел Апалонавіч (1.3.1858, г.п. Ліпавец Вінніцкай вобл., Украіна — 3.6.1930),

украінскі геолаг. Акад. АН Украіны (1919). Акад. АН Беларусі (1928). Скончыў Кіеўскі ун-т (1882). У 1884—95 хавальнік мінералаг. і геал. кабінетаў Кіеўскага ун-та, з 1914 праф. гэтага ун-та, з 1924 заг. кафедры з 1926 дырэктар Ін-та геалогіі АН Украіны. Навук. працы па мінералогіі, петраграфіі, гідралогіі, палеанталогіі, рэгіянальнай чацвярцічнай геалогіі, геамарфалогіі. Распрацаваў мікрапалеанталагічны метад вывучэння асадкавых горных парод. Прапанаваў новую эолавую тэорыю паходжання лёсаў. Даследаваў геамарфалогію Бел. Палесся і геал. будову Беларусі.

Тв.:

Геологический очерк Минской губернии. Ч. 1. Киев, 1915;

Геологические исследования на территории быв. Минской губернии. Ч. 2. Витебск, 1925.

П.А.Туткоўскі.

т. 16, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМБРО́ЎСКІ Юрый Восіпавіч (12.6.1909, Масква — 29.5.1978),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1932). У 1932 арыштаваны і высланы з Масквы ў Алматы. Працаваў у музеі. У 1930—50-я г. правёў у лагерах і ссылках каля 18 гадоў. Гісторыя ў святле маральных праблем сучаснасці ў раманах «Дзяржавін» (кн. 1, 1939), «Малпа прыходзіць па свой чэрап» (1959), кн. «Смуглая лэдзі. Тры навелы пра Шэкспіра» (1969). Механізм таталітарызму ў СССР аналізуе ў аповесці «Хавальнік старажытнасцей» (1964) і яе працягу — рамане «Факультэт непатрэбных рэчаў» (Парыж, 1978, М., 1989). У вершах Д. — драм. вопыт ахвяры рэпрэсій. Аўтар паэмы «Каменны тапор» (1939).

Тв.:

Хранитель древностей: Роман. Новеллы. Эссе. М., 1991;

Меня убить хотели эти суки. М., 1997.

т. 6, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГРАНО́ЎСКІ Мікалай Міхайлавіч (н. 21.2.1952, в. Бечы Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Вучыўся ў Ленінградскім ін-це жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І.​Рэпіна (1986—89). Скончыў Бел. АМ (1993). З 1986 у Нац. маст. музеі Беларусі (з 1990 гал. хавальнік). У 1989—91 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы, у 1994—99 — у Бел. АМ. Даследуе праблемы сучаснага бел. мастацтва. Аўтар творчых партрэтаў да каталогаў бел. мастакоў (У.​Слабодчыкава, Ю.​Герасіменкі, П.​Дурчыка, А.​Кузняцова і інш.), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Rondo» (1998), «Пірасмані з Баранавічаў», «Intervert» (абодва 2000). Адзін з аўтараў альбома «Сяргей Ткачэнка. Жывапіс» (2000). Працуе таксама ў жывапісе і скульптуры.

Г.​А.​Фатыхава.

т. 11, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАКАНО́ЎСКІ (Czekanowski) Ян (6.10.1882, в. Глухаў каля г. Груец, Польшча — 20.7.1965),

польскі антраполаг, этнограф, статыстык, дэмограф; заснавальнік т.зв. Львоўскай антрапалагічнай школы. Чл. Польск. АН (1957), д-р навук (1906). Скончыў Цюрыхскі ун-т (Швейцарыя). З 1906 працаваў у Музеі этнаграфіі ў Берліне, у 1907—09 удзельнічаў у ням. цэнтральнаафр. экспедыцыі. З 1911 хавальнік Музея антрапалогіі і этнаграфіі пры Пецярбургскай АН. У 1913—41 праф., рэктар Львоўскага ун-та, у 1945 праф. Каталіцкага ун-та ў Любліне, у 1946—60 Пазнанскага ун-та. Асн. працы па антрапалагічным складзе Еўропы і Цэнтр. Афрыкі, антрапалогіі Польшчы і Усх. Прыбалтыкі, расавым аналізе, праблеме паходжання славян (лакалізаваў месца іх першапач. рассялення на тэр. сучаснай Польшчы).

т. 17, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЧКО́Ў Афанасій Фёдаравіч (27.12.1818, г. Хаміна, Фінляндыя — 14.4.1899),

рускі гісторык-славіст, археограф і бібліёграф. Акад. Пецярбургскай АН (1869; з 1866 экстраардынарны акадэмік). Старшыня Археагр. камісіі (1891), Аддзялення рус. мовы і славеснасці АН (1893). Скончыў Маскоўскі ун-т (1840). Працаваў у Археал. камісіі АН. З 1844 хавальнік Аддзела рукапісаў і старадрукаваных кніг Публічнай б-кі ў Пецярбургу, у 1882—99 яе дырэктар. Рыхтаваў навук. апісанні рукапісных і старадрукаваных кніг, выдаваў летапісы, «Пісьмы і паперы Пятра Вялікага» (т. 1—4). У публікацыях пра старадаўнія помнікі рус. пісьменства закранаў і бел. помнікі (Метрыку ВКЛ, творы Ф.​Скарыны, С.​Буднага, В.​Цяпінскага, братоў Мамонічаў і інш.). Рэдактар «Слоўніка беларускай мовы» І.​І.​Насовіча, садзейнічаў выпуску яго ў свет.

А.​К.​Каўка.

т. 3, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ЎСКІ Фёдар Васілевіч (1855, с. Падольскае Краснасельскага р-на Кастрамской вобл. — 13.8.1903),

бел. археолаг. Чл.-кар. Маскоўскага археал. т-ва (1893). Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1879). З 1879 выкладаў у Мінскім, з 1880 — у Віленскім духоўных вучылішчах. У 1884—1902 хавальнік Віленскага музея старажытнасцей, склаў апісанне яго фондаў. Праводзіў археал. даследаванні на тэр. Беларусі, паўд.-ўсх. Літвы і Кастрамской губ.

Склаў археал. карты Гродзенскай, Віленскай і Ковенскай губ. Прымаў удзел у падрыхтоўцы і правядзенні 9-га археал. з’езда (Вільня, 1893). Узнагароджаны вял. сярэбраным медалём Рус. археал. т-ва. Асн. творы: «Археалагічная карта Віленскай губерні» (1893), «Археалагічная карта Гродзенскай губерні» (1895), «Курганы на мяжы сучаснай Літвы і Беларусі» (1895), «Да даследавання басейна Віліі ў археалагічных адносінах» (1899).

т. 11, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР Усевалад Фёдаравіч (19.4.1848, Масква — 18.11.1913),

рускі мовазнавец, фалькларыст, этнограф і археолаг; прадстаўнік гістарычнай школы ў рус. фалькларыстыцы. Акад. Пецярбургскай АН (1911). Скончыў Маскоўскі ун-т (1870), праф. у ім (з 1884). Старшыня этнагр. аддзела Таварыства аматараў прыродазнаўства (з 1881), адзін з заснавальнікаў час. «Этнографическое обозрение» (1889—1916). З 1884 хавальнік Дашкаўскага этнагр. музея, у 1897—1911 дырэктар Лазараўскага ін-та ўсх. моў. Даследаваў мовы і л-ру народаў Б. Усходу, Каўказа, нар. эпас, л-ру і мову стараж. Русі. Аўтар прац: «Погляд на «Слова пра паход Ігаравы» (1877), «Асецінскія эцюды» (ч. 1—3, 1881—87), «Зборнік матэрыялаў па этнаграфіі» (вып. 1—3, 1885—88), «Экскурсы ў галіну рускага народнага эпасу» (1892), «Нарысы рускай народнай славеснасці» (т. 1—3, 1897—1924), «Гістарычныя песні рускага народа XVI—XVII стст.» (1915) і інш.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)