ЧАКАНО́ЎСКІ (Czekanowski) Ян (6.10.1882, в. Глухаў каля г. Груец, Польшча — 20.7.1965),

польскі антраполаг, этнограф, статыстык, дэмограф; заснавальнік т.зв. Львоўскай антрапалагічнай школы. Чл. Польск. АН (1957), д-р навук (1906). Скончыў Цюрыхскі ун-т (Швейцарыя). З 1906 працаваў у Музеі этнаграфіі ў Берліне, у 1907—09 удзельнічаў у ням. цэнтральнаафр. экспедыцыі. З 1911 хавальнік Музея антрапалогіі і этнаграфіі пры Пецярбургскай АН. У 1913—41 праф., рэктар Львоўскага ун-та, у 1945 праф. Каталіцкага ун-та ў Любліне, у 1946—60 Пазнанскага ун-та. Асн. працы па антрапалагічным складзе Еўропы і Цэнтр. Афрыкі, антрапалогіі Польшчы і Усх. Прыбалтыкі, расавым аналізе, праблеме паходжання славян (лакалізаваў месца іх першапач. рассялення на тэр. сучаснай Польшчы).

т. 17, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)