КАРДЫЕРЫ́Т (ад імя франц. геолага П.Л.А.Кардзье),
мінерал падкласа астраўных сілікатаў, алюмасілікат магнію (Mg, Fe)2Al3[AlSi5O18]. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Агрэгаты зярністыя або масіўныя. Колер сінявата-шэры, фіялетавы, буры, часам бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,6—2,8 г/см³. Характэрны плеахраізм (дыхраіт). Паходжанне пераважна метамарфічнае, радзей магматычнае. На Беларусі трапляецца сярод гліназёмных гнейсаў жалезаруднай аколаўскай серыі ў асацыяцыі з сіліманітам, біятытам, кварцам, стаўралітам і плагіяклазам. Сыравіна для вырабу керамікі; празрыстыя сінія разнавіднасці — ювелірны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РПУР (ад лац. purpura пурпурная куклянка, пурпурны колер) антычны, прыродны чырванавата-фіялетавы фарбавальнік. Утрымліваецца ў выдзяленнях гіпабранхіяльных залоз марскіх бруханогіх малюскаў—іглянак, або пурпурных куклянак, напр., балінус, або мурэкс, брандарыс (Bolinus brandaris, або Murex brandaris). Па хім. прыродзе — вытворнае прыроднага фарбавальніка індыга.
Вядомы каля 1600 г. да н.э. (Стараж. Егіпет, Фінікія). Выкарыстоўваўся для афарбоўкі тканін, а таксама ў жывапісе, касметыцы і інш. У стараж. Рыме афарбаваная П. адзежа была адметнай адзнакай вышэйшых пасад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАЦЫЯ́НЫ (ад грэч. anthos колер + kyanos блакітны),
фарбавальныя рэчывы (пігменты з групы флаваноідаў) клетачнага соку раслін. Паводле хім. саставу — гліказіды, у якіх рэшткі глюкозы або інш. цукру звязаны з афарбаваным нецукрыстым рэчывам. Колер антацыянаў залежыць ад хім. прыроды апошняга і рэакцыі асяроддзя (напр., чырвоны — у кіслым, сіні, фіялетавы — у шчолачным). Наяўнасцю антацыянаў абумоўлена фіялетавая, сіняя, карычневая, чырв., аранжавая і інш. афарбоўка пялёсткаў кветак, пладоў, лістоў, сцяблоў, чырв. колер вінаў і фруктовых сокаў. Мяркуюць, што антацыяны — ахоўны сродак ад шкоднага дзеяння ультрафіялетавых прамянёў і перагрэву тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСЁЛКА, радуга,
аптычная з’ява ў атмасферы ў выглядзе адной, дзвюх або некалькіх рознакаляровых дуг на небасхіле. Назіраецца, калі Сонца (радзей Месяц) асвятляе дажджавую заслону на процілеглым баку неба. Абумоўлена пераламленнем, адбіццём і дыфракцыяй святла ў кроплях вады. Колеры вясёлкі — гэта колеры сонечнага спектра. Вуглавы радыус дугі асн. вясёлкі каля 42°, яна афарбавана па вонкавым краі ў чырвоны, па ўнутраным у фіялетавы колеры. У дадатковых вясёлках, якія могуць быць вышэй ці ніжэй, паслядоўнасць колераў адваротная. Вясёлкі назіраюцца таксама ў пырсках вадаспадаў, фантанаў і інш. На Беларусі бываюць у любую пару года, акрамя зімы, найб. у маі і жніўні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЛІЯТРО́П (Heliotropium),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 220 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных абласцях, радзей на Пн умеранага пояса. Растуць на камяністых мясцінах, сухіх схілах, часта на саланцах і сметніках. Некат. віды — геліятроп еўрапейскі (H. europaeum) і шарсцістаплодны (H. lasiocarpa) — ядавітыя (маюць алкалоід цынагласін, які выклікае ў жывёлы параліч нерв. сістэмы). У культуры, у т. л. на Беларусі, вядомы дэкар. сарты з прыемным пахам геліятропа перувіянскага (H. peruvianum) і шчыткападобнага (H. corymbosum).
Кусты, паўкусты і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаванымі сцёбламі. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пахучыя (маюць пахучы эфірны алей), сабраныя ў завіткі; вяночак белы ці фіялетавы, з кароткай трубачкай і 5-раздзельным адгінам. Плод — чатырохарэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАРЦ (ням. Quarz),
мінерал, аксід крэмнію, SiO2; адзін з самых пашыраных пародаўтваральных мінералаў зямной кары. Крышт. мадыфікацыі: трыганальная (α-К., устойлівы ніжэй 573 °C) і гексаганальная (β-К., устойлівы вышэй 573 °C). Крышталі прызматычныя ці дыпірамідальныя, часта ўтвараюць зросткі.Трапляюцца зерні, агрэгаты і суцэльныя масы. Колер разнастайны: бясколерны К. — горны хрусталь, фіялетавы — аметыст, дымчаты — раўхтапаз, чорны — марыён, залацісты — цытрын і інш. Бляск шкляны. Празрысты. Цв. 7. Крохкі. Шчыльн. 2,65 г/см³. П’езаэлектрычны. Паходжанне пераважна эндагеннае. Кварцавыя пяскі і кварцыты выкарыстоўваюцца ў керамічнай і шкляной прам-сці, монакрышталі К. — у оптыцы і як п’езаэлектрычны матэрыял, афарбаваныя разнавіднасці К. — у ювелірнай справе. На Беларусі шматлікія радовішчы кварцавых пяскоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕПІДАЛІ́Т [ад грэч. lepis (lepidos) луска + lithos камень],
мінерал групы слюдаў, падкласа слаістых сілікатаў; фторгідраксільны алюмасілікат калію і літыю, K(Li, Al)2 (Si, Al)4O10(F, OH)2. Мае ў сабе 3,1—6% аксіду літыю LiO2, прымесі жалеза, марганцу, магнію, рубідыю, цэзію. Крышталізуецца ў манаклінальнай, радзей у трыкліннай або рамбічнай сінганіі. Крышталі пласціністыя, лускаватыя, шкарлупістыя; шчыльныя дробназярністыя агрэгаты. Колер светлы, ружова-фіялетавы, розных адценняў. Празрысты. Бляск перламутравы. Цв. 2,5—3,5. Шчыльн. 2,8—2,9 г/см³. Трапляецца ў рэдкаметальных пегматытах і літый-фторыстых гранітах, радзей у грэйзенах. Руда для вытв-сці літыю. Выкарыстоўваецца ў аптычнай, шкляной і керамічнай прам-сці. Радовішчы ў Казахстане, Расіі, Чэхіі, Швецыі, ЗША і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕКАЛІ́НСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАТЫ́Т (ад грэч. apatē падман),
мінерал класа фасфатаў Ca5[PO4]3∙(F, Cl, OH)2. Колькасць фосфарнага ангідрыту P2O5 — 41—42,3%. Прымесі CO2, SO3, SiO2, Mn, рэдказямельных элементаў, U, Sr і інш. Крышталізуецца ў гексагацальнай сінганіі, утвараючы падоўжана-прызматычныя, ігольчастыя, радзей таблітчастыя крышталі. Агрэгаты зярністыя, зямлістыя і інш. Колер белы, блакітны, жоўты, фіялетавы, чорны. Бляск шкляны, тлусты. Цв. 5. Шчыльн. ад 2,95 да 3,8 г/см³. Паходжанне магматычнае, гідратэрмальнае, пнеўматалітавае. Сумесь апатыту з кальцытам, гіпсам і інш. у выглядзе зямлістых утварэнняў або канкрэцый наз.фасфарытам. Сыравіна для вытв-сці ўгнаенняў, фосфарнай кіслаты і яе соляў; выкарыстоўваецца ў металургіі, керамічнай і шкляной прам-сці. На Беларусі як акцэсорны мінерал трапляецца ва ўсіх адкладах. Сінтэтычны апатыт з прымессю рэдказямельных элементаў выкарыстоўваюць у оптыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.