ПЕКАЛІ́НСКІ,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).
П.І.Лабанок.
т. 12, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)