ВІРУЛЕ́НТНАСЦЬ (ад лац. virulentus ядавіты),

ступень патагеннасці (хваробатворнасці) дадзенага штаму мікраарганізма ў адносінах да пэўнага віду жывёл, раслін пры натуральным або штучным заражэнні. Генетычна абумоўленая прыкмета (можа перадавацца ў спадчыну). Характарызуецца інфекцыйнасцю (заразлівасць), інвазіўнасцю і агрэсіўнасцю (пераадоленне ахоўных бар’ераў, інтэнсіўнае размнажэнне ў тканках мікраарганізма), таксічнасцю (утварэнне ядавітых для арганізма рэчываў). Залежыць ад уласцівасцей інфекц. агента і ўспрымальнасці (адчувальнасці) арганізма, які інфіцыруецца. Вірулентнасць можа змяняцца ў залежнасці ад умоў культывавання штаму або ў выніку мутацыйных працэсаў. Штучнае змяненне вірулентнасці мікробаў выкарыстоўваецца пры атрыманні вакцын.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАРДАНО́Н,

таксанамічная катэгорыя ніжэйшага рангу, чым від: група індывідуумаў, ідэнтычных марфалагічна, генетычна і экалагічна, здольных пастаянна захоўваць свае прыкметы ў культуры. Тэрмін прапанаваў галандскі батанік Я.​Лотсі (1916) у гонар франц. батаніка А.​Жардана, які вызначыў, што звычайны «лінееўскі від» можна раскласці на вял. колькасць канстантных форм. Спадчынная ўстойлівасць прыкмет звязана з апаміксісам. Гэта значыць, што размнажэнне насеннем адбываецца ў спадчынна ўстойлівых форм таксама, як пры вегетатыўным размнажэнні. У аналітычнай сістэматыцы культ. раслін вылучэнне вял. колькасці ўнутрывідавых адзінак мае істотнае значэнне.

т. 6, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭНІ́Т (ад грэч. molybdos свінец, у сувязі з вонкавым падабенствам да свінцу),

малібдэнавы бляск, мінерал класа сульфідаў, сульфід малібдэну MoS2. Мае 60% малібдэну, 40% серы, часта прымесі талію, рэнію, селену, ніобію, ванадыю, мыш’яку. Крышталізуецца пераважна ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі гексаганальна-таблітчастыя, кароткапрызматычныя, трапляюцца ліставатыя і лускаватыя агрэгаты. Колер свінцова-шэры з блакітным адлівам. Бляск металічны. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 4,6—5 г/см³. М. — тыповы гідратэрмальны мінерал, генетычна звязаны з магматычнымі кіслымі горнымі пародамі (гранітамі, пегматытамі і інш.). Гал. мінерал малібдэнавых руд.

Малібдэніт.

т. 10, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАКА́РПІЯ (ад гетэра... + грэч. karpos плод),

разнаплоддзе, генетычна абумоўленая ўласцівасць некаторых відаў кветкавых раслін фарміраваць на адной асобіне рознатыповыя генератыўныя зачаткі (дыяспоры), розныя па марфалогіі і фізіял. уласцівасцях, прыстасаваннях да пашырэння. Неаднароднымі бываюць цэлыя плады (у складанакветных, лебядовых, некаторых крыжакветных) або іх часткі — мерыкарпій, членікі (у парасонавых, агурочнікавых, часткі крыжакветных). Плады могуць займаць рознае становішча ў межах суквецця. Гетэракарпія характэрна пераважна для аднагадовых і эфемерных відаў пустынь, паўпустынь, пустазелля. У флоры Беларусі тыповы прадстаўнік гетэракарпных раслін — наготкі лекавыя, у суквеццях якіх развіваюцца плады, прыстасаваныя да разнясення жывёламі або ветрам.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЗІ́Л-КАБІ́НСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 9—6 ст. да н.э., пашыраная ў горных і перадгорных раёнах Крыма. Назва ад пячоры Кізіл-Каба за 25 км на Пд ад Сімферопаля. Прадстаўлена паселішчамі і могільнікамі. Знойдзены ляпная кераміка (часта глянцаваная і ўпрыгожаная наляпным або разным арнаментам), прылады працы з каменю і косці, упрыгожанні з бронзы. Належала таўрам, якія жылі невял. родамі, займаліся адгоннай жывёлагадоўляй у гарах і земляробствам у далінах рэк. К.-к.к. генетычна блізкая да кабанскай культуры Паўн. Каўказа.

Літ.:

Крис Х.И. Кизил-кобинская культура и тавры. М., 1981.

т. 8, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСПО́ЛАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,

размнажэнне жывёл і раслін без апладнення. Ажыццяўляецца без удзелу палавых клетак, часта з дапамогай вегетатыўных органаў. Уласціва бактэрыям (дзяленне), аднаклетачным (дзяленне, фрагментацыя, пачкаванне і спораўтварэнне) і шматклетачным арганізмам (вегетатыўнае размнажэнне, спораўтварэнне, поліэмбрыянія). Ёсць у вышэйшых раслін, адсутнічае ў малюскаў, членістаногіх, пазваночных.

Адрозніваюць уласна бясполае размнажэнне — утварэнне спец. клетак — спораў, якія пры прарастанні даюць пачатак новаму арганізму, і вегетатыўнае размнажэнне. Патомства, якое атрымліваецца ў выніку бясполага размнажэння, генетычна аднароднае, што часта выкарыстоўваецца ў раслінаводстве для замацавання карысных якасцей гібрыдаў. Шэрагу арганізмаў уласціва чаргаванне бясполага размнажэння з палавым размнажэннем.

Р.​Г.​Заяц.

т. 3, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМХА́РСКАЯ МО́ВА,

адна з семітахаміцкіх моў (семіцкая група). Пашырана ў Эфіопіі (дзярж. мова) і некат. сумежных краінах (Самалі, усх. раёны Судана). Генетычна блізкая да эфіопскай мовы — геэз (мёртвая мова эпіграфікі і хрысц. л-ры Эфіопіі). У амхарскай мове вылучаюць 3 дыялекты: шаанскі (аснова літ. мовы), гаджамскі і гандарскі. У фанетыцы 7 галосных і 28 зычных фанем. Для імяннога словаўтварэння характэрна словаскладанне, для сінтаксісу — фіксаваны парадак слоў з выказнікам у канцы сказа. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 14 ст. Літ. Амхарскай мовы развіваецца з 19 ст. і карыстаецца складовым эфіопскім пісьмом.

Літ.:

Титов Е.Г. Современный амхарский язык. М., 1971.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫКАПНЁВЫЯ ГЛЕ́БЫ,

глебы, пахаваныя пад пародамі, генетычна не звязанымі з іх утварэннем. Трапляюцца ў тоўшчы розных кантынентальных адкладаў, сведчаць аб перапынках у асадканамнажэнні. Даюць матэрыял для пазнання і раскрыцця накіраванасці сучасных геамарфал. і глебаўтваральных працэсаў, вывучэння фактараў антрапагеннага ўздзеяння на глебы ў галацэне. У грунтах вылучаюцца афарбоўкай парод, мінералагічным складам, прысутнасцю арган. рэчыва.

На Беларусі выкапнёвыя глебы знойдзены ў антрапагенавых адкладах у керне шматлікіх свідравін, агаленнях яроў і па далінах рэк. Найбольш даследаваны ў межах Навагрудскага ўзвышша, ва ўрочышчы Цялячы роў каля г. Мсціслаў, на берагах рэк Дняпро, Віхра, у кар’ерах цагельных заводаў каля Мінска.

т. 4, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫ ПРО́ФІЛЬ,

вертыкальны разрэз глебавай тоўшчы ад паверхні да мацярынскай пароды. Мае слаістую будову, утварае сукупнасць генетычна ўзаемазвязаных глебавых гарызонтаў і падгарызонтаў. Магутнасць ад дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў. Паводле глебавага профілю вызначаюцца назвы глеб і іх месца ў глебавай класіфікацыі. Адрозніваюць прыродныя і змененыя дзейнасцю чалавека глебавыя профілі (меліяраваныя, акультураныя і інш.). Кожны від глебы мае свой спецыфічны глебавы профіль і яго будову. Паводле характару суадносін глебавых гарызонтаў глебавыя профілі падзяляюць на простыя і складаныя, сярод якіх вылучаюць некалькі тыпаў будовы: прымітыўныя, нармальныя, слабадыферэнцыраваныя, парушаныя (эрадзіраваныя і перагорнутыя), рэліктавыя і інш.

Н.​М.​Івахненка.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАФЕРМЕ́НТЫ (ад іза... + ферменты),

ізаэнзімы, ферменты, што маюць каталітычную актыўнасць аднаго тыпу, але адрозніваюцца структурай, фізіка-хімічнымі і імуналагічнымі ўласцівасцямі. Выяўлены ў тканках жывёл, раслін, мікраарганізмаў. Бываюць у арганізмах аднаго тыпу (ці ў адной тканцы). Напр., з арганізма кураняці выдзелены 2 формы ферменту лактатдэгідрагеназы, адна з якіх характэрна для шкілетных мышцаў, другая — для сардэчнай мышцы. Усяго выяўлена 5 ізаформ гэтага ферменту. Набор І. (ізаферментны спектр) узнікае з прычыны генетычна абумоўленых адрозненняў для розных тканак і органаў, можа мяняцца ў працэсе антагенезу, пры паталаг. зменах тканак. Аналіз ізаферментнага спектра выкарыстоўваецца ў хемасістэматыцы і ў медыцыне для дыягностыкі некат. хвароб.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)