ЖАРДАНО́Н,
таксанамічная катэгорыя ніжэйшага рангу, чым від: група індывідуумаў, ідэнтычных марфалагічна, генетычна і экалагічна, здольных пастаянна захоўваць свае прыкметы ў культуры. Тэрмін прапанаваў галандскі батанік Я.Лотсі (1916) у гонар франц. батаніка А.Жардана, які вызначыў, што звычайны «лінееўскі від» можна раскласці на вял. колькасць канстантных форм. Спадчынная ўстойлівасць прыкмет звязана з апаміксісам. Гэта значыць, што размнажэнне насеннем адбываецца ў спадчынна ўстойлівых форм таксама, як пры вегетатыўным размнажэнні. У аналітычнай сістэматыцы культ. раслін вылучэнне вял. колькасці ўнутрывідавых адзінак мае істотнае значэнне.
т. 6, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)