УРО́ЧЫШЧА,
1) у шырокім разуменні — любая частка мясцовасці, адметная нейкімі прыроднымі асаблівасцямі ад наваколля (лясное У., западзіна, марэнны ўзгорак і інш.).
2) У геамарфалогіі і ландшафтазнаўстве — прыродны тэр. комплекс, адна з ніжэйшых адзінак фізіка-геаграфічнага раянавання, састаўная ч. ландшафту геаграфічнага. Складаецца з генетычна, дынамічна і тэрытарыяльна злучаных фацый. Мае выпуклую або ўвагнутую форму мезарэльефу. У залежнасці ад характару пашырэння плошчы і ролі ў ландшафце вылучаюць У. асн. (дамінантныя і субдамінатныя) і другарадныя. На Беларусі вылучаюць У. марэнных або камавых узгоркаў, яроў, лагчын, карставых западзін з адпаведнымі глебамі і расліннасцю.
т. 16, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)