ПАДЗЬ,

салодкія густыя выдзяленні насякомых, што жывяцца расл. сокамі: даўганосікаў, лістаблошак, тлей, чарвяцоў і інш. Паяўляецца звычайна на лісці дрэў, кустоў, пры багатым выдзяленні (найб. ў гарачае надвор’е) падае дробнымі кропелькамі (адсюль назва).

Свежавыдзеленая П. празрыстая, на паветры хутка цямнее і загусае. Мае 5—18% сухога рэчыва. 90—95% якога складаюць вугляводы: менш, чым у нектары, монацукрыдаў (глюкоза, фруктоза), больш алігацукрыдаў (цукроза, мелецытоза) і дэкстрынаў, астатняе — спірты (маніт, дульцыт), ферменты, амінакіслоты, аміды, арган. к-ты, мінер. рэчывы і інш. Як і мядовая раса, збіраецца пчоламі (пры недахопе меданосаў і інш.) і перапрацоўваецца імі ў падзевы мёд.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЙТАР (Навум Барысавіч) (Нохум Борухавіч; 9.1.1891, г. Бярдзічаў Жытомірскай вобл., Украіна — 29.8.1966),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1945).

Скончыў Вольныя рэжысёрскія майстэрні У.​Меерхольда (1925). Працаваў у т-рах Масквы, Ленінграда, Кіева, Адэсы, Харкава. У 1940—57 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Творчасці ўласцівы манум. героіка, наватарства ў спалучэнні з яркай тэарэт. формай, лаканізм сродкаў, сатырычная вастрыня, глыбокае раскрыццё характараў. Сярод пастановак: «Несцерка» В.​Вольскага (1941), «Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага (1942), «Проба агнём» К.​Крапівы (1943), «Позняе каханне» (1944) і «Гарачае сэрца» (1955) А.​Астроўскага, «Рэвізор» М.​Гогаля (1945), «Ганна Лучыніна» К.​Транёва (1954), «Крэпасць над Бугам» С.​Смірнова (1956), «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф.​Дастаеўскага (1957). Дзярж. прэмія СССР 1946.

Г.​П.​Маркіна.

т. 9, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСЫ́К-КУЛЬ (кірг. гарачае возера),

бяссцёкавае возера ў Кыргызстане, у Паўн. Цянь-Шані, у межах Ісык-Кульскай катлавіны, на выш. 1608 м. Пл. 6236 км² (па інш. даных 6330 км²). Даўж. 178 км, шыр. да 60 км, глыб. да 668 м. Пл. вадазбору 21,9 тыс. км². Упадае больш за 50 рэк; найб. з іх Джэргалан і Цюп. Берагі расчлянёны слаба, глыбокія залівы толькі на У і ПдУ. Зімой не замярзае. Т-ра вады на паверхні летам да 20, зімою каля 2,7 °C. Вада саленаватая (каля 6%). Рыбалоўства (голы асман, чэбак, сазан, марынка, стронга). Суднаходства. Асн. парты: Рыбачае і Прыстань-Пржавальск. На І.-К. курорты Чалпон-Ата і Тамга. Возера ў складзе Ісык-Кульскага запаведніка. На беразе — магіла М.​М.​Пржавальскага. Турызм.

Возера Ісык-Куль.

т. 7, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАДВО́Р’Е,

стан атмасферы ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны момант або за абмежаваны прамежак часу (суткі, месяц, год). Шматгадовы рэжым Н. наз. кліматам. Абумоўлена фіз. працэсамі, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні атмасферы з космасам і зямной паверхняй. Пастаянна зменьваецца. Перыядычныя яго змены абумоўлены вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі (сутачны ход) і вакол Сонца (гадавы ход), неперыядычныя — працэсамі цыркуляцыі атмасферы (на Беларусі пераважна ў выніку заходняга пераносу паветраных мас). Характарызуецца прыблізнымі, спрошчанымі тэрмінамі (халоднае, цёплае, гарачае, сухое, дажджлівае) або сукупнасцю значэнняў метэаралагічных велічынь (т-ра і вільготнасць паветра, скорасць і напрамак ветру, воблачнасць, сонечная радыяцыя, атм. ападкі і інш.) і атмасферных з’яў (дождж, туман, навальніца і інш.). Падрабязную характарыстыку фактычнага Н. даюць назіранні метэаралагічных станцый, чаканае Н. — прадмет прагнозаў надвор’я. Для прадказання Н. на невял. тэрыторыях карыстаюцца таксама мясц. прыкметамі.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАЎСКАЯ (Яніна Казіміраўна) (24.10.1901, Мінск — 16.12.1978),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1970). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926), працавала ў Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Найб. самабытныя, жыццёва праўдзівыя, каларытныя вобразы жанчын з народа стварыла ў нац. рэпертуары: Мальвіна («Несцерка» В.​Вольскага), Даміцэля («Прымакі» Я.​Купалы), Югася («Навальніца будзе» паводле трылогіі Я.​Коласа «На ростанях»), Гарпіна («Алазанская даліна» К.​Губарэвіча і І.​Дорскага), Антаніна Цімафееўна («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), старая Жыгоцкая («Вайна пад стрэхамі» паводле А.​Адамовіча) і інш. Індывідуальнасцю творчай манеры адметныя і яе ролі класічнага рэпертуару: Матруна («Улада цемры» Л.​Талстога), Малання, Васа («Ягор Булычоў і іншыя», «Васа Жалязнова» М.​Горкага), Уліта («Лес» А.​Астроўскага), Дандальская («Дамы і гусары» А.​Фрэдры), Орта («Ветрык, вей!» Я.​Райніса) і інш. З інш. роляў: Пастарша («Юстына» Х.​Вуаліёкі), лэдзі Патэрсан («Востраў Афрадыты» А.​Парніса), Шарлота («Гарачае лета ў Берліне» паводле Э.​Д.​К’юзек).

Я.К.Глебаўская.

т. 5, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІШУ́ЛІН (Спартак Васілевіч) (н. 22.10. 1926, Масква),

расійскі акцёр. Нар. арг. Расіі (1981). Скончыў тэатр. студыю пры Калінінскім абл. драм. т-ры (1950). З 1949 у Калінінскім, Омскім т-рах, з 1961 у Маскоўскім т-ры сатыры. Камедыйны акцёр. Яго мастацтва іранічнай характарыстыкі персанажа, эмац. выразнасць, тэмперамент, дакладны адбор выразных сродкаў выявіліся ў ролях: Скаромны («Таблетка пад язык» А.​Макаёнка), Астап Бендэр («Дванаццаць крэслаў» паводле І.​Ільфа і Я.​Пятрова), Скапэн («Хітрыкі Скапэна» Мальера), Пічэм («Трохграшовая опера» Б.​Брэхта), Стары («Шчаслівая падзея» С.​Мрожака), Хлынаў («Гарачае сэрца» А.​Астроўскага), Тузенбах («Тры сястры» А.​Чэхава), Сяргей («Іркуцкая гісторыя» А.​Арбузава), Калабушкін («Самазабойца» М.​Эрдмана), Карлсан («Малыш і Карлсан, які жыве на даху» паводле А.​Ліндгрэн) і інш. Здымаецца ў кіно: «Белае сонца пустыні» (1970), «Канец начнога злодзея», «Уласнасць рэспублікі» (абодва 1972), «Добра сядзім!» (1986), «Вярбоўшчык» (1991), «Бедная Саша» (1997) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэмія Расіі 1998.

С.В.Мішулін.

т. 10, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПУСТЫ́ННЫЯ ЗО́НЫ,

прыродныя зоны сушы з перавагай ландшафтаў паўпустынь. Займаюць прамежкавае становішча паміж пустыннай зонай і стэпавай зонай (ва ўмераных і субтрапічных паясах), зонай пустынь і саваннавай зонай (у трапічным поясе). Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды, пераважна ў зах. прыакіянскіх і ўнутрымацерыковых сектарах. Клімат сухі кантынентальны, ападкаў 300 мм за год (у 3—6 разоў менш за выпаральнасць). Лета гарачае (сярэдняя т-ра паветра 20—25 °C, у тропіках да 30 °C), зіма ў межах зоны паўпустынь умеранага пояса Паўн. паўшар’я халодная (сярэдняя т-ра студз. да -20 °C), у больш нізкіх шыротах — цёплая (0—10 °C у субтропіках, 12—20 °C у тропіках). Рэкі ў сухую пару года перасыхаюць. Глебы светла-каштанавыя, бурыя, шэра-карычневыя і шэразёмы, чырвона-бурыя, трапляюцца засоленыя глебы, участкі незамацаваных пяскоў. Расліннасць разрэджаная, з перавагай злакава-палыновых асацыяцый (у Еўропе і Азіі) і кусцікавых (на інш. мацерыках). Выкарыстоўваецца як паша, земляробства развіта на арашальных землях.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЕ́ЎСКІ (Андрэй Пятровіч) (1.9.1910, с. Нікіцкае Куркінскага р-на Тульскай вобл., Расія — 26.4.1993),

расійскі і бел. рэжысёр, акцёр. Засл. арт. Беларусі (1959). З 1928 вучыўся і працаваў акцёрам у маскоўскіх тэатр. студыях пад кіраўніцтвам Ю.​Завадскага, А.​Жыльцова, М.​Хмялёва, з 1932 працаваў у розных трах Расіі. У 1955—80 рэжысёр Магілёўскага абл. драм. т-ра. Для пастановак характэрны дакладнасць рэалізацыі аўтарскай задумы, глыбокая прапрацоўка вобразаў, раскрыццё акцёрскіх індывідуальнасцей: «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава (1960), «Гэта было ў Магілёве» Я.​Тарасава (1964), «Каварства і каханне» Ф.​Шылера (1965), «Мільянерка» Б.​Шоу, «Тры дні і тры ночы» (абедзве 1967), «Амністыя» (1971), «Апошняя інстанцыя» (1975), «Наследны прынц» (1976) М.​Матукоўскага, «Гарачае сэрца» А.​Астроўскага (1971), «Таблетку пад язык» (1973), «Не сумуй, Верачка» («Верачка», 1979) А.​Макаёнка. У Магілёўскім т-ры найб. значныя ролі Керанскі («Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Дзяржынскі («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна і «Імем рэвалюцыі» М.​Шатрова).

А.​А.​Лабовіч.

т. 13, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКАЯ БУРА́ЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА,

у складзе Рас. Федэрацыі, на Пд Чыцінскай вобл. Утворана 26.9.1937 з Агінскага аймака (Бурат-Мангольскай АССР). Пл. 19 тыс. км². Нас. 79,6 тыс. чал. (1994), гарадскога 30%; пераважаюць бураты, рускія, у зах. ч. — эвенкі. Сярэдняя шчыльн. 3,3 чал. на 1 км², больш заселена ўсх. частка. Адм. ц.пас. гар. тыпу Агінскае.

Размешчана на Пд Забайкалля. Паверхня пераважна гарыстая (найб. г. Алханай, 1663 м). Клімат рэзка кантынентальны. Зіма халодная, маласнежная, лета гарачае, сярэдняя т-ра студз. -24 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 400 мм за год. Найб. рэкі — Анон, Аленгуй. Шмат прэсных і салёных азёраў. Глебы ў гарах падзолістыя, шэрыя лясныя, на раўнінах карбанатныя, каштанавыя, чарназёмныя, сустракаюцца саланчакі. Расліннасць стэпавая і лесастэпавая, у гарах на выш. 1000 м — лістоўнічныя лясы (у асн. даурская лістоўніца).

Горназдабыўная, лясная і лесанарыхтоўчая, лёгкая, харч. прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная і мяса-малочная жывёлагадоўля, пашавая танкарунная авечкагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, авёс, ячмень) і кармавыя культуры. Асн. від транспарту — аўтамабільны. На У праходзіць чыг. Карымская—Забайкальск.

т. 1, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МАЎ (Мікалай Пятровіч) (2.5.1884, Масква — 6.5.1958),

расійскі жывапісец-пейзажыст і тэатр. мастак. Нар. маст. Расіі (1956). Чл.-кар. АМ СССР (1949). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1904—11). Выкладаў у Маскве ў Прачысценскім практычным ін-це (1919—20), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1920—22), Маст. вучылішчы памяці 1905 г. (1934—39). Чл. аб’яднання «Блакітная ружа» (1907), Саюза рус. мастакоў (з 1910), Т-ва маскоўскіх мастакоў. З канца 1900-х г. ствараў яркія паводле каларыту, дэкар.-абагульненыя кампазіцыі. Творы (напачатку дынамізаваныя, потым гарманічна-спакойныя) стылізаваў у духу прымітыву, пазней — габелена і класіцыстычнага пейзажа: «Навальніца» (1908), «Жоўты хлеў» (1909), серыя «Купальшчыцы» (1910-я г.). З 1920-х г. адлюстроўваў устойлівыя станы прыроды, на аснове іх аналізу распрацаваў сваю сістэму тону (колер выяўляў не матэрыяльную структуру, а толькі ступень асветленасці аб’екта). Імкнуўся да стварэння сінт. пейзажа-карціны праз эмацыянальнае адзінства вобразнага ладу: «Рэчка» (1926), «Каля млына» (1927), «Раніца ў Цэнтральным парку...» (1937), «Летні дзень у Тарусе» (1939—40). Сярод тэатр. работ: афармленне спектакляў МХАТ «Гарачае сэрца» (1926), «Таленты і паклоннікі» (1933) А.​Астроўскага і інш.

М.Крымаў. Каля млына. 1927.

т. 8, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)