СО́КАЛ Майсей Барысавіч (5.10.1904, г. Жмерынка Вінніцкай вобл., Украіна — 8.3.1975),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1938). Скончыў Маскоўскую тэатр. студыю «Культур-ліга» (1924). Працаваў у Харкаўскім, з 1927 у Дзярж. яўр. т-ры Беларусі, дзе паставіў спектакль «Тэўе-малочнік» паводле Шолам-Алейхема (1939; выконваў і гал. ролю). З 1949 у Дзярж. рус. драм. т-ры Беларусі. Выканаўца драм. і характарных роляў. Створаныя ім вобразы вылучаліся псіхал. дакладнасцю і яркім вонкавым малюнкам. Сярод значных роляў: Блазан («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Суддзя («Фуэнтэ Авехуна» Лопэ дэ Вэгі), Том («Хаціна дзядзькі Тома» паводле Г.Бічэр-Стоу), Сілан, Рабінзон («Гарачае сэрца», «Беспасажніца» А.Астроўскага), Шпрых («Маскарад» М.Лермантава), Якаў Трошын («Дзеці сонца» М.Горкага) і інш.
А.А.Савіцкая.
т. 15, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)