ПАДЗЬ,

салодкія густыя выдзяленні насякомых, што жывяцца расл. сокамі: даўганосікаў, лістаблошак, тлей, чарвяцоў і інш. Паяўляецца звычайна на лісці дрэў, кустоў, пры багатым выдзяленні (найб. ў гарачае надвор’е) падае дробнымі кропелькамі (адсюль назва).

Свежавыдзеленая П. празрыстая, на паветры хутка цямнее і загусае. Мае 5—18% сухога рэчыва. 90—95% якога складаюць вугляводы: менш, чым у нектары, монацукрыдаў (глюкоза, фруктоза), больш алігацукрыдаў (цукроза, мелецытоза) і дэкстрынаў, астатняе — спірты (маніт, дульцыт), ферменты, амінакіслоты, аміды, арган. к-ты, мінер. рэчывы і інш. Як і мядовая раса, збіраецца пчоламі (пры недахопе меданосаў і інш.) і перапрацоўваецца імі ў падзевы мёд.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)